лічынка жука хрушчака мучнога. Пашыраны ўсюды. Шкоднік прадуктаў размолу зерня (мука, крупы і інш.), вотруб’я, макароны, сухароў, хлеба і інш.
Даўж. да 30 мм. Цела цыліндрычнае, цвёрдае, саламяна-жоўтае. Фаза лічынкі працягваецца 280—600 сут. Разводзяць у якасці корму для пеўчых птушак (салаўі і інш).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́ШАВАЯ ПЛАДАЖЭ́РКА (Laspeyresia pomonella),
матыль сямейства ліставёртак, шкоднік грушы. Пашыраны ў лесастэпавых і стэпавых раёнах Еўрап.ч., на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі. У Беларусі асабліва шкодзіць пладам грушы летне-асенніх тэрмінаў выспявання. Пашкоджаныя плады хутка загніваюць.
Крылы ў размаху 16—21 мм, цёмна-шэрыя з папярочнымі палосамі. Вусені даўж. 16—18 мм, белыя, з светла-бурай галавой. За год развіваецца 1 пакаленне. Зімуюць вусені ў коканах у дзярніне або верхнім слоі глебы. Матылі вылятаюць у перыяд цвіцення грушы, яйцы адкладваюць на плады. Вусені кормяцца мякаццю і насеннем пладоў, у жніўні выходзяць з пладоў у глебу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВЯНА́Я ТЛЯ (Eriosoma lanigerum),
насякомае падатр. (сям.) тлей. Пашырана ў Амерыцы, Паўд. Афрыцы, на а-вах Н. Зеландыя і Тасманія. Завезена ў Еўропу. Трапляецца ў Закаўказзі, Крыме, Малдавіі. Шкоднік яблыні.
Даўж. да 3 мм. Цела бурае, укрыта белым пушком з васковых нітак. Лапкі двухчленістыя, з кіпцюркамі. Калі тлю расціснуць, застаецца чырв. пляма (адсюль назва). Корміцца сокамі дрэва, у месцах смактання на ствалах і каранях утвараюцца жаўлакі, нарасты, шчыліны. Калоніі К.т. (накшталт снежных камякоў ці камякоў ваты) на парастках, ствалах і каранях дрэва; небяспечная для сеянцаў. Размнажаецца ў Еўропе без апладнення (партэнагенез), за лета дае да 19 пакаленняў. Зімуе на ствалах і каранях яблыні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯПА́РНЫ ШАЎКАПРА́Д (Lymantria, або Ocneria, dispar),
матыль сям. ваўнянак. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы. Шкоднік больш як 300 відаў раслін, пераважна лясных лісцевых і пладовых дрэў.
Палавы дымарфізм моцна выяўлены (адсюль назва). У самкі крылы (размах 5,5—9 см) і грудзі брудна-белыя; брушка тоўстае, на канцы з жоўта-бурымі валаскамі; вусікі пілаватыя, чорныя. У самца пярэднія крылы (размах 3,5—5 см) шэра-бурыя, заднія (і грудзі) бурыя, з цёмным краем; брушка тонкае, з кутасікам на канцы; вусікі перыстыя, чорна-бурыя. Крылы з плямістымі (акрамя задніх у самцоў) светлымі махрамі, пярэднія з некалькімі цёмнымі звілістымі ці перарывістымі папярочнымі лініямі. Вусені даўж. 45—75 мм, шэра-бурыя, з 3 падоўжнымі жоўтымі лініямі, сінімі і чырв. валасістымі бародаўкамі, кормяцца лісцем, кветкамі. Кукалкі чырвона- ці чорна-бурыя, з валаскамі. Генерацыя аднагадовая. Зімуюць вусені ў абалонках яец.