Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АРНІТАЛО́ГІЯ (ад арніта... + ...логія),
раздзел заалогіі, які вывучае птушак, іх біялогію, геагр. пашырэнне, шляхі міграцыі, экалогію і гасп. значэнне. Даныя арніталогіі ляжаць у аснове развіцця сістэматыкі, біягеаграфіі, папуляцыйнай біялогіі, выкарыстоўваюцца ў біёніцы, паразіталогіі, эпідэміялогіі.
Першы твор з апісаннем птушак вядомы з 4 ст. да н.э. («Гісторыя жывёл» Арыстоцеля). У 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. з’явіліся працы натуралістаў франц. П.Белона, швейц. К.Геснера і італьян. У.Альдравандзі, якія абагульнілі звесткі па арніталогіі таго часу. У 1713 апублікавана класіфікацыя птушак, распрацаваная англ. біёлагам Дж.Рэем, у 1735 — навук. наменклатура птушак швед. Вучонага К.Лінея. Даследаванні вучоных англ. Т.Гекслі, рус. М.А.Мензбіра і ням. М.Фюрбрынгера, Г.Гадова і Э.Зеленкі ў канцы 19 ст. паслужылі асновай сучаснай класіфікацыі птушак і вызначылі іх важнейшыя філагенетычныя сувязі.
На тэр. Беларусі першыя арніталагічныя звесткі належаць да сярэдзіны 18 — пач. 19 ст. (Г.Ржанчынскі, Э.Эйхвальд), у 2-й пал. 19 ст. звязаны з працамі К.Тызенгаўза, В.Тачаноўскага. Пэўным укладам у развіццё арніталогіі з’яўляюцца даследаванні ням. арнітолагаў А.Рэйханава, О.Цэдлітца, Х.Захтлебена і інш. у час 1-й сусв. вайны. Асновай сістэматычнага развіцця арніталогіі сталі даследаванні У.М.Шнітнікава і яго першая грунтоўная зводка «Птушкі Мінскай губерні» (1913). Далейшае развіццё арніталогіі звязана з дзейнасцю А.Штама, У.В.Стачынскага, С.В.Кірыкава, Я.Даманеўскага, І.М.Сяржаніна, А.У.Фядзюшына, М.С.Долбіка і інш.Н.-д. работа вядзецца ў Ін-це заалогіі АН Беларусі, у запаведніках, ВНУ. Праведзена біяцэналагічнае вывучэнне найб. важных у гасп. адносінах птушак (курыных, драпежных, галянастых, вадаплаўных); удакладнены склад фауны, стан і дынаміка насельніцтва птушак розных біятопаў у залежнасці ад уздзеяння на іх асн. антрапагенных фактараў, высветлена відавая разнастайнасць, эколага-фізіял. асаблівасці, феналогія размнажэння і інш. пытанні біялогіі найб. пашыраных відаў. Даследуюцца рэдкія віды птушак, абгрунтавана ўключэнне ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь відаў, якія патрабуюць асаблівай аховы, многія даныя арніталогіі выкарыстоўваюцца для распрацоўкі нац. сістэмы ахоўных тэрыторый.
Літ.:
Федюшин А.В., Долбик М.С. Птицы Белоруссии. Мн., 1967;
Никифоров М.Е., Яминский Б.В., Шкляров Л.П. Птицы Белоруссии: Справ.-определитель гнезд и яиц. Мн., 1989;
Ильичев В.Д., Карташев Н.Н., Шилов И.А. Общая орнитология. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТУ́ШКІ (Aves),
клас пазваночных жывёл; наземныя двухногія яйцародныя амніёты, прыстасаваныя да палёту. 2 падкл.: яшчарахвостыя П. (гл.Археаптэрыкс) і веерахвостыя П., або новыя (сапраўдныя). 34 атр., у т. л. 28 сучасных, каля 9 тыс. відаў. Продкамі П. лічаць стараж. (трыясавых) паўзуноў атр. псеўдазухій. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 19 атр., 307 відаў, з якіх гняздуюцца 226, сустракаюцца ў час міграцыі 26, зімуюць 11, вядомы як выпадкова залётныя 37; 75 занесены ў Чырв. кнігу. Большасць відаў арнітафауны належыць да атр.вераб’інападобных.
Памеры ад 5,5 см, масай 2 г (калібры) да больш як 2,5 м, масай да 150 кг (страус); размах крылаў да 4 м (альбатрос). Цела абцякальнай формы, укрытае пер’ем, пярэднія канечнасці ператвораны ў крылы. Шкілет лёгкі і трывалы (за кошт злучэння ці зрашчэння тонкіх пнеўматычных касцей). Грудзіна мае кіль (у бегаючых птушак адсутнічае) для прымацавання развітай лятальнай мускулатуры (у некат. відаў дасягае 50% масы цела). Шыйны аддзел з 11—25 пазванкоў, вельмі рухомы. Сістэма паветраных мяшкоў павялічвае газаабмен, забяспечвае тэрмарэгуляцыю, дазваляе змяняць шчыльнасць цела пры ныранні (у вадаплаўных П.). Скура без залоз (за выключэннем копчыкавай, якая выдзяляе сакрэт для змазкі апярэння). Пёры маюць розную будову (ніткападобныя, шчацінкі, пуховыя, контурныя) і функцыі (датыкальнага адчування, тэрмарэгуляцыі, спрыяюць абцякальнасці і ўзнікненню пад’ёмнай сілы пры палёце, ахоўваюць цела ад мех. пашкоджанняў). Дзюба (відазмененая сківіца без зубоў) пакрыта рагавым чахлом. У многіх відаў ёсць валлё. Страўнік падзелены на залозісты і мускульны (для мех. перацірання корму) аддзелы, кішэчнік доўгі. Задняя кішка і мачавы пузыр адсутнічаюць. Стрававальны тракт, мачаточнік і пратокі палавых залоз адкрываюцца ў клааку. Сэрца 4-камернае (у дробных відаў П. скарачаецца да I тыс. разоў за мінуту). Т-ра цела пастаянная, высокая (37,5—45,5 °C), абмен рэчываў інтэнсіўны, патрэбнасці ў корме вялікія (да 28% ад масы цела за дзень). Маюць вострыя каляровы зрок і слых, здольныя выдаваць разнастайныя гукі. Галаўны мозг з развітымі зрокавымі долямі і мазжачком забяспечвае высокі ўзровень нерв. дзейнасці і складаны тып паводзін. Размнажэнне цыклічнае, звязанае з сезонным развіццём палавых залоз. У час гнездавання могуць утвараць птушыныя базары. Апладненне ўнутранае, нясуць яйцы (ад 1 да 25). Па характары постэмбрыянальнага развіцця адрозніваюць вывадкавых птушак, паўвывадкавых птушак і птушанятных птушак. Жывуць асела, вандруюць або мігрыруюць (гл.Міграцыя жывёл, Кальцаванне птушак). Некат. пералётныя птушкі зімуюць на тэр. Беларусі, напр.: гракі, дразды, часам шпакі, крыжанкі, чыркі і інш. Шэраг відаў свойскіх і дэкаратыўных птушак, многія — аб’екты палявання (гл.Паляўнічыя жывёлы), некат. (арлы, сокалы, ястрабы) палююць на інш. жывёл. З пач. 16 ст. вымерла ці знішчана каля 170 відаў П. Адыгрываюць важную ролю ў харч. ланцугах біяцэнозаў, падтрымцы біял. разнастайнасці. Маюць вял.навук., гасп. і эстэт. значэнне. Існуе Міжнародны савет аховы птушак. Вывучае П. арніталогія.
Літ.:
Ильичев В.Д., Карташев Н.Н., Шилов И.А. Общая орнитология. М., 1982;
Никифоров М.Е., Яминский Б.В., Шкляров Л.П. Птицы Белоруссии. Мн., 1989;
Птицы Беларуси на рубеже XXI в. Мн., 1997;
Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік: Пер. з пол. Варшава, 2000.