Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.
Створаны ў вер. 1947 на базе пераведзенага ў Гродна Бабруйскага абласнога драматычнага тэатра. У станаўленні творчага калектыву значную ролю адыгралі адзін з заснавальнікаў т-ра і маст. кіраўнік (да 1950) М.Кавязін, рэжысёры А.Міронскі і І.Папоў. У першыя гады ў рэпертуары пераважалі п’есы сав. драматургаў, ставіліся творы замежнай класікі. У пач. 1950-х г. пастаўлены п’есы бел. драматургаў: «Калі зацвітаюць сады» В.Палескага, «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы, «Гэта было ў Мінску» В.Кучара, а таксама творы рус. і замежнай класікі. У ліку лепшых спектакляў 2-й пал. 1950 — пач. 1960-х г. «Нявольніцы» А.Астроўскага, «Іспанцы» М.Лермантава, «Улада цемры» Л.Талстога, «У добры час!» В.Розава, «Мараль пані Дульскай» Г.Запольскай, «Юстына» Х.Вуаліёкі. У 2-й пал. 1960 — пач. 1970-х г. рэпертуар характарызаваўся пэўнай эклектычнасцю, нераўназначнасцю маст. якасці пастановак. У 1970-я г. пастаўлены бел. п’есы: «Трыбунал» А.Макаёнка, «Пад зоркамі» паводле рамана П.Пестрака «Сустрэнемся на барыкадах», «Апошні шанц» В.Быкава, «Адкуль грэх?» А.Петрашкевіча, «Амністыя» М.Матукоўскага, п’есы рус. і замежных аўтараў — «Навальніца» А.Астроўскага, «Акіян» А.Штэйна, «Сірано дэ Бержэрак» Э.Растана, «Дом на скале» Вуаліёкі і інш. Станоўчыя зрухі ў творчасці калектыву адбыліся ў 2-й пал. 1970-х г., калі яго ўзначаліў У.Караткевіч. Рэпертуар т-ра вылучаўся жанравай і тэматычнай разнастайнасцю. Вял. ўвага аддавалася бел. драматургіі: «Паўлінка» Я.Купалы, «Мілы чалавек» К.Крапівы, «Несцерка» В.Вольскага, «Трывога» і «Францыск Скарына» Петрашкевіча; пастаўлены п’есы Астроўскага, М.Горкага, А.Вампілава, І.Друцэ, А.Арбузава, А.Гельмана, Т.Уільямса і інш. Сярод лепшых спектакляў 1980-х г.: «Князь Навагрудскі» Л.Пракопчыка і Дз.Кальчанкі, «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Стары» М.Горкага, «Заўтра была вайна» паводле Б.Васільева, «Хто баіцца Вірджыніі Вулф?» і «Лаліта» (паводле У.Набокава) Э.Олбі. У 1990-я г. ў рэпертуары: «Камедыя пра нешчаслівага селяніна, яго жонку Маланку, жыда Давіда і чорта, які страціў сэнс існавання» У.Рудава (паводле твораў К.Марашэўскага і Ф.Аляхновіча), «Сонейка, свяці» У.Ягоўдзіка (па матывах бел. казачнага фальклору), «Здурнелы Журдэн» М.Булгакава, «Нора» Г.Ібсена, «Дарагая Памэла» Дж.Патрыка, «Беззаганнае забойства» Ж.Рабера, «Карсіканка, або Ад’ютантша яго імператарскай вялікасці» І.Губача, «Сейлемскія ведзьмы» А.Мілера і інш. З 1979 працуе малая сцэна.
Значны ўклад у творчасць т-ра зрабілі нар. артысты Беларусі Г.Дубаў, Я.Кімберг, Ю.Сідараў, засл. арт. Беларусі С.Аляксандраў, З.Асмалоўская, М.Астанкава, А.Бірычэўскі, Г.Глінаецкі, В.Грачынскі, С.Іванова, М.Кавязіна, Н.Караткевіч, У.Мішанчук, Ю.Нікіцін, Т.Нікалаева, Г.Панкрат, Л.Сторажава, П.Філіпаў, Т.Шашкіна, засл. арт. Расіі А.Лявонаў і Н.Меліхава, засл. арт. Малдавіі І.Таран. У складзе трупы (1997): засл. арт. Беларусі А.Гайдуліс, Л.Дзяменцьева, М.Емяльянаў, А.Марцінюк, В.Смачнеў, засл. арт. Расіі Л.Рудой, засл. арт. Абхазіі У.Шакала. Гал. рэжысёр М.Разцоў (з 1991), гал. мастак Ф.Розаў (з 1991).
Т-р працаваў у будынку былога т-ра А.Тызенгаўза (гл. ў арт.Гродзенскі абласны тэатр лялек), з 1984 — у новым (арх. Г.Мачульскі). Будынак складаецца з 6-граннага асн. аб’ёму (з гал. глядзельнай залай на 700 месцаў) і П-падобнага 3-павярховага адм.-службовага корпуса (на 1-м паверсе малая глядзельная зала на 200 месцаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ АКАДЭМІ́ЧНЫ ТЭА́ТР ІМЯ ЯКУ́БА КО́ЛАСА, Беларускі дзяржаўны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа. Створаны ў 1926 у Віцебску як Другі бел.дзярж.т-р (БДТ-2) з выпускнікоў Беларускай драматычнай студыі ў Маскве. 21.12.1944 прысвоена імя Я.Коласа, у 1977 — званне акадэмічнага. Адкрыўся 21.11.1926 спектаклем «У мінулы час» І.Бэна. Напачатку рэпертуар т-ра склалі пастаноўкі, падрыхтаваныя ў студыі: нар. драма «Цар Максімілян», «Апраметная» В.Шашалевіча, «Чорт і баба» Ф.Аляхновіча, «Сон у летнюю ноч» У.Шэкспіра, «Вакханкі» Еўрыпіда, «Эрас і Псіхея» Е.Жулаўскага і інш. Спектаклі вызначаліся пастановачнай яркасцю, пластычнасцю, пошукам новых формаў і былі разлічаны на тэатральна дасведчанага гледача. Афіцыйная крытыка абвясціла іх фармалістычнымі і эстэцкімі, патрабавала большай даступнасці і прастаты. У канцы 1920-х г.асн. кірунак быў узяты на тагачасную сав. драматургію і рэв. тэматыку. У 1930-я г. значнае месца ў рэпертуары пачала займаць бел. драматургія. Пастаўлены «Вечар беларускіх вадэвіляў» (увайшлі «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінка» і «Прымакі» Я.Купалы), «Вайна вайне» і «У пушчах Палесся» Я.Коласа, «Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка, «Над Бярозай-ракой» П.Глебкі, «Ірынка» К.Чорнага. Найб. нацыянальна яскравым, самабытным спектаклем, які на многія гады стаў вызначальным для т-ра, з’явілася пастаноўка п’есы «Несцерка» В.Вольскага. З класічнай драматургіі пастаўлены «Мяшчане» М.Горкага, «Беспасажніца» і «Лес» А.Астроўскага, «Лекар мімаволі» Мальера, «Здані» Г.Ібсена. Сярод найб. значных пастановак тагачаснай драматургіі — «Гібель эскадры» А.Карнейчука. З 1928 пры т-ры перыядычна працавалі студыі (гл.Студыі Беларускага тэатра імя Якуба Коласа). У Айч. вайну тэатр працаваў ва Уральску (з 1941) і Арэхава-Зуеве (1943—44). Найлепшыя спектаклі гэтага перыяду — «Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага, «Нашэсце» Л.Лявонава, «Проба агнём» К.Крапівы. У 1944 брыгада акцёраў т-ра выехала на фронт. З кастр. 1944 т-р аднавіў дзейнасць у Віцебску. Пастаўлены «Рэвізор» М.Гогаля, «Гамлет» Шэкспіра і інш. класічныя творы; з бел. драматургіі: «Цэнтральны ход» і «Алазанская даліна» К.Губарэвіча і І.Дорскага, «Песня нашых сэрцаў» і «Калі зацвітаюць сады» В.Палескага, «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы. У 1950-я г. аснову рэпертуару т-ра склалі творы Лопэ дэ Вэгі, П.Кальдэрона, Астроўскага, А.Сухаво-Кабыліна, Л.Талстога, А.Чэхава, М.Горкага. У нац. рэпертуар вернута з забыцця п’еса Я.Купалы «Раскіданае гняздо». Пастаўлены «Машэка» Вольскага, «Простая дзяўчына» і «На крутым павароце» Губарэвіча. Вострымі, надзённымі сталі пастаноўкі «Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка, «Людзі і д’яблы» К.Крапівы. У канцы 1950 — пач. 1960-х г. прынцыпова важнымі спектаклямі былі «Навальніца будзе» паводле Я.Коласа, «Выгнанне блудніцы» І.Шамякіна, «Крыніцы» і «Снежныя зімы» паводле яго раманаў, «Лявоніха» П.Данілава, «Пад адным небам» А.Маўзона, «Справа яе жыцця» А.Гутковіча і Ф.Казоўскай, «Іркуцкая гісторыя» А.Арбузава. Удачамі т-ра з’явіліся пастаноўкі «Ветрык, вей!» Я.Райніса і «Бацькаўшчына» К.Чорнага. Поспехі т-ра ў 2-й пал. 1960-х — 80-я г. абумоўлены зваротам да бел. драматургіі: «Сымон-музыка» паводле паэмы Я.Коласа, «Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча, «Трыбунал» і «Таблетку пад язык» Макаёнка, «Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі» У.Караткевіча, «Амністыя» М.Матукоўскага, «Трывога» А.Петрашкевіча, «Парог», «Вечар» і «Радавыя» А.Дударава. Цікавыя сцэн. трактоўкі атрымалі «Улада цемры» Л.Талстога, «Мяшчане» М.Горкага, «Клоп» У.Маякоўскага, «Доктар філасофіі» Б.Нушыча, «Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта. Пэўнымі дасягненнямі адзначаны спектаклі «Летась у Чулімску» і «Развітанне ў чэрвені» А.Вампілава, «Брыльянт» Е.Пшаздзецкага, «Стары дом» А.Казанцава, «Клеманс» К.Саі. У канцы 1980 — пач. 1990-х г. прыкметнымі з’явамі сталі спектаклі «Хам» паводле Э.Ажэшкі, «Залёты» Дуніна-Марцінкевіча, «Генрых VI» Шэкспіра, «ЧП-1» і «ЧП-2» паводле «Рэвізора» Гогаля.
У фарміраванне творчага аблічча т-равял. ўклад зрабілі акцёры А.Ільінскі, П.Малчанаў, Ц.Сяргейчык, рэжысёры М.Міцкевіч, В.Дарвішаў, Н.Лойтар, А.Скібнеўскі, Г.Шчарбакоў, С.Казіміроўскі, В.Мазынскі, Б.Эрын, мастакі Я.Нікалаеў, А.Марыкс, А.Салаўёў. Значную ролю ў развіцці т-ра адыгралі акцёры: М.Бялінская, Я.Глебаўская, Г.Дубаў, М.Звездачотаў, А.Лагоўская, Б.Левін, Г.Маркіна, І.Матусевіч, Л.Мацісава, А.Мельдзюкова, А.Радзялоўская, С.Скальскі, А.Трус, М.Цішачкін, А.Шэлег, кампазітар і дырыжор Л.Маркевіч, дырэктары засл. дзеячы маст. У.Стэльмах і І.Дорскі, засл. дз. культ. Г.Асвяцінскі.
У складзе трупы (1996): нар.арт.СССР Ф.Шмакаў, нар.арт. Беларусі С.Акружная, З.Канапелька, Т.Кокштыс, У.Куляшоў, Я.Шыпіла; засл. арт. Беларусі Г.Каралькова, В.Петрачкова, Л.Пісарава, Б.Сяўко, Л.Трушко, Т.Шашкіна; арт. А.Лабанок, П.Ламан, Н.Левашова, Т.Ліхачова, Г.Шкуратаў і інш. Дырэктар і маст. кіраўнік т-ра В.Маслюк (з 1993), гал. мастак С.Макаранка (з 1996), заг.муз. часткі А.Крыштафовіч (з 1995), заг.літ. часткі У.Ганчароў (1968—84 і з 1993).
З 1964 т-р працуе ў будынку на пл. Тысячагоддзя Віцебска (арх. А.Максімаў, І.Рыскіна). Яго гал. фасад вырашаны ў выглядзе 8-калоннага порціка з франтонам. Па гал. восі размешчаны вестыбюль, фае, паўкруглая ў плане глядзельная зала на 639 месцаў з партэрам і 2 балконамі, развітая сцэн. група памяшканняў. З 1973 працуе камерная сцэна ў фае з залай на 100 месцаў.
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 2—3. Мн., 1985—87;
Няфёд У.І. Беларускі тэатр імя Якуба Коласа. Мн., 1976;
Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа. Мн., 1986;
Сабалеўскі А. Сучаснасць і гісторыя: Крытыч. арт.Мн., 1985.
А.В.Сабалеўскі.
Да арт.Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа. Сцэна са спектакля «Гамлет» У.Шэкспіра.Да арт.Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа. Сцэна са спектакля «Хам» паводле Э.Ажэшкі.Да арт.Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа. Сцэна са спектакля «Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна.