шахтавае поле

т. 17, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДНЕПРАПЯТРО́ЎСК,

горад на Украіне, цэнтр Днепрапятроўскай вобл. Засн. ў 1776, у 1796—1812 Новарасійск, да 1926 Екацярынаслаў. 1190 тыс. ж. (1993). Порт на р. Дняпро. Чыг. вузел. Буйны прамысл. цэнтр Украіны. Гал. галіны: чорная металургія, машынабудаванне і металаапрацоўка (металургічнае і горна-шахтавае абсталяванне, станкабудаванне, с.-г. машынабудаванне і інш.), хім. (азотныя ўгнаенні, сінт. смолы, пластмасы, шыны, фарбы), лёгкая (трыкат., швейная), харч.; вытв-сць буд. матэрыялаў. Днепрапятроўскі цэнтр АН Украіны. 9 ВНУ (у т. л. 2 ун-ты), 5 т-раў, 3 музеі. Палац Пацёмкіна (канец 18 ст., цяпер Палац студэнтаў), Праабражэнскі кафедральны сабор (19 ст.).

т. 6, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНАЕ МАЦАВА́ННЕ, шахтавае мацаванне, рудніковае мацаванне,

штучныя збудаванні для падтрымання даху і сценак горных вырабатак. Забяспечвае бяспечную работу людзей і надзейную эксплуатацыю шахтавых машын і механізмаў. Падзяляецца на прызабойнае і для падрыхтоўчых вырабатак.

Прызабойнае горнае мацаванне ўстанаўліваецца ў ачышчальнай вырабатцы (лаве) і перамяшчаецца з прасоўваннем забою. Бывае індывідуальнае (кожную стойку ўстанаўліваюць і знімаюць незалежна ад іншых; у склад камплекта ўваходзяць спец. пасадачныя тумбы для кіравання горным ціскам) і механізаванае (гідрастойкі звязаны ў секцыі і перамяшчаюцца гідрадамкратамі, можа быць цалкам аўтаматызавана). Горнае мацаванне для падрыхтоўчых вырабатак бывае: драўлянае, металічнае, бетоннае, жалезабетоннае (маналітнае і зборнае); капітальнае і часовае; трапецападобнае, прамавугольнае, арачнае, кальцавое; жорсткае, падатлівае (з пастаянным або нарастаючым супраціўленнем), з падатлівымі і шарнірнымі элементамі, камбінаванае.

Літ.:

Докукин А.В., Коровкин Ю.А., Яковлев Н.И. Механизированные крепи и их развитие. М., 1984;

Справочник по креплению горных выработок. М., 1976.

П.​Я.​Антонаў.

Горнае мацаванне: 1 — анкернае; 2 — жалезабетоннае; 3 — драўлянае; 4 — механізаванае (падтрымнага тыпу з 4-стоечнымі секцыямі).

т. 5, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРУ́ЧЫЯ СЛА́НЦЫ,

карысны выкапень, асадкавыя карбанатна-гліністыя, крамяністыя або гліністыя горныя пароды, якія маюць гаручыя ўласцівасці. Маюць 10—50% па масе арган. рэчыва (керагену), да 7—10% вадароду, 30—80% лятучых кампанентаў, бітумы. Гараць куродымным полымем са спецыфічным бітумінозным пахам. Колер карычневы, карычнева-жоўты, шэры, аліўкава-шэры. Асн. мінер. кампаненты гаручых сланцаў — кварц, кальцыт, гліністыя мінералы, таксама палявыя шпаты, пірыт і інш. Пры сухой перагонцы гаручыя сланцы атрымліваюць смалу (сланцавае масла) — крыніцу хім. прадуктаў, гаручыя газы і падсмольныя воды. Выхад смол 5—50%. Макс. цеплата згарання 14,6—16,7 МДж/кг. Выкарыстоўваюцца як паліва, для вытв-сці быт. газу, у хім. прам-сці (сінт. дубільнікі, клей, лакі, масцікі і інш.). Агульныя патэнцыяльныя рэсурсы гаручых сланцаў у свеце ацэнены ў 450 трлн. т. На Беларусі вядомы ў адкладах верхняга дэвону Прыпяцкага прагіну, дзе ўтвараюць сланцавы басейн пл. каля 20 тыс. км² з прагнознымі рэсурсамі 8 млрд. т. Глыбіня залягання 50—600 м, магутнасць пласта 0,5—3 м. У межах басейна папярэдне разведана шахтавае поле Тураўскага радовішча. Гэтыя гаручыя сланцы патрабуюць пры выкарыстанні папярэдняй тэрмічнай перапрацоўкі, у выніку якой можна атрымаць вадкае і газападобнае паліва.

У.​Я.​Бардон.

Гаручы сланец.

т. 5, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДНЕПРАПЯТРО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Размешчана на ПдУ Украіны. Утворана 27.2.1932. Пл. 31,9 тыс. км². Нас. 3852 тыс. чал. (1996), гарадскога — 84%. Цэнтр — г. Днепрапятроўск. Найб. гарады: Крывы Рог, Днепрадзяржынск, Нікапаль, Новамаскоўск, Паўладар, Марганец, Жоўтыя Воды, Сінельнікава.

Прырода. Рэльеф пераважна раўнінны, на З Прыдняпроўскае ўзв. (выш. да 192 м), у цэнтр. ч. Прыдняпроўская нізіна, якая на Пд пераходзіць у Прычарнаморскую нізіну, на ПдУ Прыазоўскае ўзв. (выш. да 211 м). Карысныя выкапні: жалезныя, марганцавыя, нікелевыя і тытанавыя руды, каменны і буры вугаль, прыродны газ, графіт, баксіты, вапнякі, граніты, гнейсы, гліны і інш. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -5 да -6,5 °C, ліп. ад 22 да 23,5 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 450 мм на Пн да 400 мм на Пд. Гал. рака Дняпро з прытокамі Арэль, Самара (злева), Мокрая Сура, Базаўлук, Інгулец (справа). Пабудаваны Днепрадзяржынскае і Кахоўскае вадасх., канал Дняпро—Крывы Рог, вадавод з Дняпра ў Кіраваградскую вобл. Глебы пераважна чарназёмныя, па далінах рэк чарназёмна-лугавыя. Стэп разараны. Лясы займаюць невял. плошчы (дуб, ясень, граб, клён).

Гаспадарка. Д.в. — адна з найб. індустрыяльна развітых на Украіне. Здабыча жал. (Крыварожскі бас.), марганцавых (Нікапальскі бас.), поліметал. руд, каменнага вугалю (зах. ч. Данбаса). Вядучыя галіны прам-сці: чорная (чыгун, сталь, пракат, стальныя трубы і інш.) і каляровая (уран) металургія, машынабудаванне і металаапрацоўка (металургічнае і горна-шахтавае абсталяванне, электравозы, чыг. вагоны. станкі, прэсы, буракаўборачныя камбайны, прылады, радыётэхніка), коксахім., хім. і нафтахім. (азотныя ўгнаенні, пластмасы, шыны, лакі, фарбы і інш.), лёгкая (швейныя вырабы, верхні трыкатаж, абутак), дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая (у т. л. вытв-сць мэблі і паперы), харч. (алей, мука, крупы і інш.). Вытв-сць буд. (цэмент) і вогнетрывалых матэрыялаў. Прыдняпроўская, Крыварожская, Днепрадзяржынская і інш. ДРЭС, Днепрадзяржынская ГЭС. Пасевы пшаніцы, ячменю, кукурузы, проса, грэчкі; вырошчваюць сланечнік, сою, цукр. буракі, агародніну, бульбу. Пладаводства, вінаградарства. Мяса-малочная жывёлагадоўля. Рыбалоўства. Буйныя арашальныя сістэмы. Асн. від транспарту — чыгуначны. Чыгункі: Крывы Рог—Днепрапятроўск—Чырвонаармейск, Далінская—Запарожжа і інш. Аўтамаб. транспарт выкарыстоўваецца ў асн. для ўнутр. перавозак. Газаправоды: Шабялінка (Харкаўская вобл.)—Днепрапятроўск—Крывы Рог, Перашчэпіна—Днепрапятроўск, Крамянчуг—Крывы Рог, транзітныя нафтаправоды. Суднаходства па Дняпры. Рачныя парты: Днепрапятроўск, Днепрадзяржынск, Нікапаль. Бальнеагразевы курорт Салёны Ліман.

Г.​С.​Смалякоў.

т. 6, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)