ЛІПА́ТАЎ (Віль Уладзіміравіч) (10.4.1927, г. Чыта, Расія — 2.5.1979),

расійскі пісьменнік. Скончыў Томскі пед. ін-т (1952). Друкаваўся з 1956. Аўтар аповесцей «Шасцёра» (1958), «Капітан «Смелага» (1959), «Смерць Ягора Сузуна» (1963), «Вясковы дэтэктыў» (1967, аднайм. фільм 1969), «Ліда Вараксіна» (1968), «Сказанне пра дырэктара Пранчатава» (1969, тэлефільм «Інжынер Пранчатаў», 1972), «Шэрая мыш» (1970), «Яшчэ да вайны» (1971), «Аповесць без назвы, сюжэта і канца...» (1978), раманаў «І гэта ўсё пра яго...» (1974, аднайм. тэлефільм 1978), «Ігар Сававіч» (1977) і інш. Пісаў апавяданні, нарысы, п’есы. Асн. тэмы твораў — гіст. звязанасць лёсаў, сац. праблемы ў вёсцы, унутр. свет чалавека.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1982—85;

Лев на лужайке: Роман. М., 1990.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 9, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТА́ПЕНКА (Ігнацій Мікалаевіч) (снежань 1856, с. Фёдараўка Херсонскай вобл., Украіна — 17.5.1929),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Новарасійскім ун-це (Адэса), скончыў Пецярбургскую кансерваторыю. Друкаваўся з 1881. Аповесць «На абавязковай службе» (1890), раман «Не герой» (1891), апавяданні з жыцця інтэлігенцыі і духавенства. Праблемы жаночай эмансіпацыі ў аповесці «Генеральская дачка» (1891). Аўтар раманаў «Жах шчасця» (1908), «Адступленне» (1915), аповесцей «Шасцёра» (1891), «Дурань» (1902), «Брат Андрэй» (1904), зб. вершаў «Думы і песні Ігнація Бяздольнага» (1881), п’ес, мемуараў пра жыццё студэнтаў 1870-х г. «Гісторыя адной «камуны» (1928), публіцыстычных і крытычных артыкулаў, апавяданняў для дзяцей і інш. Прозе П. ўласцівы аптымізм, вострая назіральнасць, гумар, камізм.

Тв.:

У кн.: Писатели чеховской поры: Избр. произв. писателей 80—90-х гг. М., 1982. Т. 1.

т. 12, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)