КАРАЛЕ́ВЫ ШАРЛО́ТЫ АСТРАВЫ́ (Queen Charlotte Islands),
архіпелаг у Ціхім ак., каля ўзбярэжжа Канады (прав.Брыт. Калумбія). Пл. 10,3 тыс.км². Нас. больш за 3 тыс.чал. Буйныя а-вы — Грэям (выш. да 1250 м) і Морсбі. Належаць да знешняга пояса кан. горнай сістэмы Кардыльераў, часткова затопленага. Зах. берагі гарыстыя, фіёрдавыя. На ПнУ шырокая нізіна з унутр. бухтай Масет. Радовішчы каменнага вугалю. Клімат умераны, вельмі вільготны. Хвойныя лясы. Лесанарыхтоўка, рыбалоўства. Правінцыяльны парк Найкун. Гал. населены пункт — Куін-Шарлот. Адкрыты ў 1774 ісп. экспедыцыяй Х.Перэса. Названы ў гонар англ. каралевы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯ́СКА (Alaska),
адкрыты заліў Ціхага ак., каля берагоў Паўн. Амерыкі, паміж п-вам Аляска і в-вам Ванкувер. Пл. 384 тыс.км², шыр. каля ўвахода больш за 2200 км, глыб. да 4929 м. Прылівы паўсутачныя (да 12 м) і мяшаныя (да 6,8 м). У заліве Аляска — архіпелагі Кадзьяк, Аляксандра і а-вы Каралевы Шарлоты. Гал. парты: Сьюард (ЗША), Прынс-Руперт (Канада).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎСАН ((Dauson) Джордж Мерсер) (1.8.1849, г. Пікту, Канада — 2.3.1901),
канадскі географ і геолаг. Даследаваў раён вярхоўяў р. Фрэйзер (1878), выканаў геал. здымку рэк Бау і Белі (1880—82) і зах.ч. Скалістых гор (1882—84), а-воў Ванкувер і Каралевы Шарлоты. У 1887—88 узначальваў экспедыцыю па геолага-геагр. вывучэнні тэр.паўн.-зах. Канады. Яго імем названы горад у вусці р. Клондайк на ПнЗ Канады і горны хрыбет у вярхоўях р. Юкан.
англійская пісьменніца. Вядомасць прынёс раман пра жыццё англ. рабочых «Мэры Бартан» (1848), рэаліст. накіраванасць якога змякчалася пропаведдзю хрысц. ўсёдаравання і надзеяй на магчымасць класавага прымірэння. У 1853 апубл. раманы «Крэнфард» і «Рут». Рэаліст. раман «Поўнач і Поўдзень» (1855) пазначаны духам кампрамісу, узмацненнем рэліг. і сентыментальных тэндэнцый. Аўтар біяграфіі сваёй сяброўкі — «Жыццё Шарлоты Бронтэ» (т. 1—2, 1857), раманаў «Паклоннікі Сільвіі» (1863), «Жонкі і дочкі» (1866, незавершаны) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЁТР IIАляксеевіч
(23.10.1715, С.-Пецярбург — 29.1.1730),
расійскі імператар [1727—30]. З дынастыі Раманавых. Сын царэвіча Аляксея Пятровіча і прынцэсы Соф’і Шарлоты Бланкенбургскай, унук Пятра I. Пасля ўступлення на прастол (май 1727) афіц. абвешчаны паўналетнім, але рэальная ўлада знаходзілася ў руках А.Д.Меншыкава, а пасля яго ссылкі (вер. 1727) — групоўкі старой маскоўскай знаці (князі Далгарукія, Галіцыны і інш.), пад уплывам якой П. II абвясціў сябе праціўнікам пераўтварэнняў Пятра I. Ліквідаваліся створаныя Пятром I установы, імператарскі двор пераехаў у Маскву, дзе П. II памёр ад воспы. З яго смерцю спынілася дынастыя Раманавых па мужчынскай лініі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНКУ́ВЕР ((Vancouver) Джордж) (22.6.1757, г. Кінгс-Лін, Вялікабрытанія — 10.5.1798),
англійскі мараплавец. Удзельнік 2-га (1772—75) і 3-га (1776—80) плаванняў Дж.Кука. У 1791—94 здзейсніў кругасветнае плаванне з заходам у зал. Аляска. Даследаваў адкрытыя Кукам Гавайскія а-вы і Ціхаакіянскае ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі паміж п-вамі Кенай і Каліфорнія. Разам з Х.Бадэга-і-Куадра (кіраўнік ісп. экспедыцыі) адкрыў і даследаваў востраў (пазней названы імем Ванкувера) з прылеглымі астравамі і пралівы, што іх аддзяляюць, прадоўжыў даследаванне архіпелагаў Каралевы Шарлоты, Аляксандра і інш. астравоў. Яго імем названы гарады ў Канадзе і ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЕ́НЗІ ((Mackenzie) Александэр) (1764, г. Інвернес, Вялікабрытанія — 12.3.1820),
англійскі купец-падарожнік, агент канадскай Паўн.-Зах. (футравай) кампаніі. У 1788 заснаваў на воз. Атабаска гандл. факторыю. У 1789 спусціўся па р. Нявольніцкая, даследаваў Вял. Нявольніцкае воз., адкрыў (ад вытоку да дэльты) р. Макензі, горы Макензі і Франклін. У 1792—93 перасек Паўн. Амерыку з У на 3, ад зал. Св. Лаўрэнція да зал. Каралевы Шарлоты, прасачыў цячэнне р. Піс, перасек Скалістыя горы і Берагавы хр., адкрыў паміж імі Унутранае плато з верхнім участкам р. Фрэйзер. У 1793—94, вяртаючыся тым жа шляхам на У, паўторна перасек мацярык.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫТА́НСКАЯ КАЛУ́МБІЯ (Britich Columbia),
правінцыя на З Канады. Уключае таксама а-вы Ванкувер, Каралевы Шарлоты і інш.Пл. 947,8 тыс.км². Нас. 3282 тыс.чал. (1995). Адм. ц. — г. Вікторыя. На У — Скалістыя горы (г. Робсан, 3954 м), на З — Берагавы хр. (г. Уодынгтан, 4042 м), паміж імі — унутр. плато выш. каля 1000 м. У прыморскай ч. клімат мяккі, вільготны, у гарах — суровы (зімой да -50 °C). Ападкаў ад 2400 мм на ўзбярэжжы да 300 мм у міжгорных далінах. Шмат азёр. Большая ч.тэр. пад хвойнымі лясамі. Здабываюць вугаль, медзь, серабро, золата, цынк, свінец, малібдэн, нафту, прыродны газ. На рэках Піс-Рывер, Калумбія і інш. значныя ГЭС, якія выпрацоўваюць каля 80% усёй электраэнергіі. Каляровая металургія — выплаўка алюмінію, свінцу, цынку, серабра. Машынабудаванне (суднабудаванне, вытв-сць лесапрамысл. і горнага абсталявання), хім., харч., цэлюлозна-папяровая прам-сць. Сельская гаспадарка ў далінах рэк на З пераважна прыгарадная (малочная жывёлагадоўля, агародніцтва, пладаводства). На ўзбярэжжы рыбалоўства (ласасёвыя, селядзец, палтус) і рыбаперапр. прам-сць. Турызм. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Гал. парты і прамысл. цэнтры — Ванкувер, Вікторыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРДЫЛЬЕ́РЫ ПАЎНО́ЧНАЙ АМЕ́РЫКІ,
паўночная частка горнай сістэмы Кардыльераў на ЗПаўн. Амерыкі. Выцягнутыя у мерыдыянальным напрамку ўздоўж берагоў Ціхага ак. ад Аляскі да Панамскага перашыйка на тэр. ЗША, Канады і Мексікі. Даўж. больш за 9 тыс.км, шыр. ад 800 км (у Канадзе) да 1600 км (у ЗША). У іх вылучаюцца 3 падоўжныя араграфічныя паясы: зах., унутр. і ўсходні. Заходні, або Ціхаакіянскі, пояс складаецца з ланцуга высокіх горных хрыбтоў. Найб. значныя: Аляскінскі хрыбет (з найвыш. пунктам мацерыка г.Мак-Кінлі — 6193 м), Алеуцкі, Берагавы хрыбет, Каскадныя горы, Сьера-Невада, Зах. Сьера-Мадрэ, Папярочная Вулканічная Сьера, Паўд. Сьера-Мадрэ. Уздоўж берага цягнецца раздроблены Астраўны хр. (архіпелаг Аляксандра, Каралевы Шарлоты астравы, в-аўВанкувер). Усходні, або пояс Скалістых гор, утварылі масіўныя хрыбты: Брукса хрыбет, Рычардсан, горы Макензі, уласна Скалістыя горы (г. Элберг — 4399 м) і Усх. Сьера-Мадрэ. Да ўнутранага пояса належаць: на Алясцы — шырокія тэктанічныя ўпадзіны, якія чаргуюцца з плоскавяршыннымі горнымі масівамі выш. да 1500—1700 м (горы Кілбак, Кускаквім, Рэй); у Канадзе — шматлікія высокія плато (Юкан, Стыкін, Фрэйзер), горныя масівы і хрыбты (горы Касіяр—Омінека, 2590 м; Калумбійскія горы, да 3581 м); у ЗША і Мексіцы — высакагорныя масівы ў вобласці пашыранага развіцця баталітаў у штаце Айдаха (выш. да 3857 м), вулканічныя плато Снейк і Калумбійскае плато, нагор’е Вялікі Басейн, ступеньчатае плато Каларада і Мексіканскае нагор’е. Кардыльеры Цэнтр. Амерыкі складаюцца з 3 дуг: 2 з іх працягваюць ланцугі К.П.А. — Усх. Сьера-Мадрэ і Паўд. Сьера-Мадрэ, трэцяя — Вулканічная Сьера (вулкан Тахумулька, 4217 м, — найвыш. пункт Цэнтр. Амерыкі) працягваецца ад тэр. Гватэмалы да Панамы і злучаецца з АндаміПаўд. Амерыкі.
К.П.А сфарміраваны ў мезакайназоі з рознаўзроставых геал. структур: дакембрыйскіх (плато Каларада, некат. хрыбты Скалістых гор), крышт. палеазойскіх утварэнняў (плато Юкан, хрыбты Брукса, Макензі), мезазойскіх баталітаў (Берагавы хр., Сьера-Невада), складкавых асадкавых і вулканагенных тоўшчаў (хрыбты зах. пояса), кайназойскіх вывергнутых парод (Папярочная Вулканічная Сьера, Аляскінскі хр). Радовішчы свінцова-цынкавых, медна-малібдэнавых руд, вальфраму, урану, золата, нафты і інш. Ледавікі больш развіты ў паўн. частцы К.П.А. Агульная пл. зледзянення каля 67 тыс.км². Найб. нізкая (300—450 м) снегавая мяжа апускаецца на ціхаакіянскім схіле гор Паўд. Аляскі, месцамі зніжана да ўзроўню акіяна; найб. высока (больш за 4500 м) размешчана ў Мексіцы.
На схілах К.П.А. бяруць пачатак рэкі басейнаў Місуры, Юкана, Калумбіі, Каларада, Фрэйзера і інш.Найб. паўнаводныя горныя рэкі з вял. падзеннем і зарэгуляваным азёрамі вадасцёкам маюць вял. гідраэнергапатэнцыял, шырока выкарыстоўваюцца для атрымання электраэнергіі і на арашэнне. У К.П.А. назіраецца паслядоўная змена клімату ад арктычнага да трапічнага. Найб. амплітуды сярэднегадавых тэмператур адзначаліся на ўнутр. плато. Сярэдняя т-растудз. на плато Юкан каля -30 °C, ліп. 15 °C. На нагор’і Вял. Басейн адпаведна 0 °C і 24 °C. К.П.А. працягваюцца перпендыкулярна пераносу паветр. мас, таму вільготнасць клімату крайніх паясоў і ўнутр. адрозніваецца. Ва ўмераным поясе больш вільготны крайні З (у Берагавым хр. ападкаў 4000—6000 мм за год), у трапічным — крайні У (на Мексіканскім нагор’і ападкаў 2000 мм за год). На ўнутр. пласкагор’ях — 200—400 мм, у пустыні Махаве — 50 мм за год. Паўн. частка К.П.А. занята хвойнымі лясамі. Яны цягнуцца ўздоўж Ціхаакіянскага ўзбярэжжа ад Паўд. Аляскі да штата Каліфорнія. Лясы таежнага тыпу растуць таксама на наветраных схілах Скалістых гор і ўнутр. плато да 50°паўн. ш. Далей на Пд сухія стэпы, паўпустыні і пустыні з палынова-лебядовай і сукулентнай (кактусы, агавы, юкі) расліннасцю. Вонкавыя схілы Мексіканскага нагор’я ўкрыты вільготна-трапічнымі лясамі. На Ціхаакіянскім узбярэжжы Цэнтр. Амерыкі пераважна лістападныя трапічныя лясы. Міжгорныя катлавіны заняты рэдкалессямі і другаснымі саваннамі. Жывёльны свет багаты і разнастайны: шэры і чорны мядзведзі, горны карыбу, снежная каза, віларогая антылопа, пума, рысь, воўк, грызуны, паўзуны і птушкі. Стэпавыя землі далін апрацоўваюцца, лесастэпы выкарыстоўваюцца пад пашу; у субтропіках на арашальных землях рачных далін — садаводства; у тропіках вял. плошчы пад плантацыямі трапічных культур і пасевамі збожжавых. Заселена ў асноўным узбярэжжа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́КСЕМБУ́РГ (люксембургскае Lëtzebuerg, франц. Luxembourg, ням. Luxemburg),
Вялікае Герцагства Люксембург (люксембургскае Groussherzogtum Lëtzebuerg, франц. Grand-Duché de Luxembourg, ням. Grossherzogtum Luxemburg), дзяржава ў Зах. Еўропе, паміж Бельгіяй, Германіяй, Францыяй. Пл. 2586 км². Нас. 425 тыс.чал. (1998). Афіц. мовы — люксембургская, нямецкая і французская.
Сталіца — г.Люксембург. Падзяляецца на 3 акругі. Нац. свята — 23 ліп. (дзень нараджэння вял. герцага Жана).
Дзяржаўны лад. Л. — канстытуцыйная манархія. Дзеючая канстытуцыя прынята ў 1868. Кіраўнік дзяржавы — Вял. герцаг Люксембургскі. Заканад. ўлада належыць парламенту — Палаце дэпутатаў (60 дэпутатаў), якая выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Вышэйшы кансультатыўны орган пры герцагу па пытаннях заканадаўства і права — Дзярж. савет (21 саветнік), які пажыццёва назначаецца герцагам. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Л. — узвышаная і ўзгорыстая краіна, пераважна на выш. ад 300 да 500 м над узр. м. Паўночная яе частка занята схіламі Ардэнаў (найвыш. пункт 559 м), паўд. — узгорыстае ўзвышша, парэзанае далінамі рэк. Карысныя выкапні: жал. руда (каля 240 млн.т), буд. матэрыялы, гаручыя сланцы. Клімат умерана цёплы, марскі. Сярэдняя т-растудз. на Пд 3 °C, у Ардэнах каля 0 °C, ліп. 18 і 14 °C адпаведна. Рачная сетка густая, рэкі адносяцца да бас.р. Мозель. Лясы і хмызнякі займаюць 21% тэрыторыі. Лясы з дубу, грабу, буку і пасаджаныя з хвоі, елкі пераважна ва ўзвышаных раёнах. Некалькі рэзерватаў, частка прыроднага парку (уваходзіць і ў межы Германіі).
Насельніцтва. 71% складаюць люксембуржцы, 29% — выхадцы з краін Еўропы, у т. л. партугальцы — 10%, італьянцы — 5%, французы, бельгійцы, немцы і інш. 97% вернікаў католікі. Сярэднегадавы прырост 1,16% (1997). Сярэдняя шчыльн. 164,3 чал. на 1 км². У прамысл. раёне на Пдшчыльн. дасягае 1000 чал., у Ардэнах падае да 30—40 чал. на 1 км². У гарадах жыве 90% насельніцтва краіны. Найб. гарады Люксембург, Эш, Дыкірх, Дыферданж, Петанж. У прам-сці занята 16% працоўных, у буд-ве — 11%, у транспарце, сувязі, складской справе — 8%, у сельскай гаспадарцы і лясной справе 1%, у абслуговых галінах — 61%.
Гісторыя. Тэр. Л. заселена чалавекам у эпоху мезаліту (каля 7 тыс. гадоў назад), у старажытнасці — кельтамі, з 1 ст. да н.э. — рымлянамі, у раннім сярэдневякоўі — франкамі (іх вобл. Аўстразія). У выніку Вердэнскага дагавора 843 уладанне Лотара I (унук Карла Вялікага), з 959 у складзе герцагства Латарынгія. У 963—1083 самаст. графства Л. (да 19 ст.наз. Лютцэльбург), з 1354 герцагства (тэрытарыяльна было большае за сучасны Л., правіла дынастыя Люксембургаў). З 1441 у складзе Бургундыі, з 1477 пад уладай Габсбургаў (з 1555 іх ісп. лініі), частка гіст.Нідэрландаў. З 1659 паўд. частка, у 1684—94 і 1795—1814 увесь Л. пад уладай Францыі, у 1697—1794 — зноў Габсбургаў (у 1714—95 іх аўстр. лініі). Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 утворана Вял. герцагства Л. (у 1815—66 у складзе Герм. саюза, у 1842—1919 таксама ў мытным саюзе з Германіяй) у персанальнай уніі (спынена ў 1890) з Нідэрландскім каралеўствам. Паводле бельг.-нідэрл. дагавора 1839 устаноўлены сучасныя межы Л. (да Бельгіі адышла валонская частка Л. — цяпер бельг. правінцыя Л.). 11.5.1867 на міжнар. канферэнцыі прадстаўнікоў Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Прусіі, Францыі і Расіі ў Лондане вырашана т.зв. Люксембургскае пытанне (спрэчкі за ўплыў у Л. і прэтэнзіі на яго тэр. Прусіі і Францыі) і Л. абвешчаны «вечна нейтральнай» дзяржавай. У 1921 Л. заключыў мытны і эканам. саюз з Бельгіяй. У парушэнне нейтралітэту Л. ў 1-ю і 2-ю сусв. войны яго акупіравалі герм. войскі (1914—18, 1940—45; у 1940—45 вял. герцагіня Шарлота, якая правіла ў 1919—64, і ўрад Л. знаходзіліся ў эміграцыі ў Лондане). У лют. 1945 краіна вызвалена англа-амер. войскамі. У 1948 з канстытуцыі Л. выключаны артыкул аб яго нейтралітэце.
Пасля 1945 Л. актыўна ўключыўся ў працэс еўрап. інтэграцыі (у 1948 далучыўся да Брусельскага пакта, у 1951 — Еўрапейскага аб’яднання вугалю і сталі, у 1955 — Заходнееўрапейскага саюза, у 1957 — Еўрапейскай супольнасці па атамнай энергіі, ратыфікаваў Маастрыхцкі дагавор 1992); у г. Люксембург размясціўся шэраг устаноў аб’яднанай Еўропы. З 1964 кіраўнік дзяржавы — вял. герцаг Жан (сын Шарлоты). У 1984—95 прэм’ер-міністрам Л. быў Ж.Сантэр. Л. — чл.ААН (з 1945), НАТО (з 1949), Савета Еўропы (з 1949), Бенілюкса (з 1960), Еўрапейскага саюза (з 1992), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з ліп. 1992.
Дзейнічаюць Хрысц.-сац. партыя, Люксембургская сацыяліст. рабочая партыя, Дэмакр. партыя, Камуніст. партыя Л., экалагічная партыя «Зялёная альтэрнатыва», Ген. канфедэрацыя працы Л. і інш. грамадскія арг-цыі.
Гаспадарка. Л. — высокаразвітая індустр. дзяржава, па выпуску прадукцыі на душу насельніцтва займае адно з першых месцаў у свеце. Штогадовы даход на 1 чал. — 24,5 тыс.дол. (1995). У прам-сці ствараецца 21% валавога ўнутр. прадукту, у сельскай гаспадарцы — 5%, у абслуговых галінах — 74%. Аснова прам-сці — чорная металургія, дае 29,3% агульнага аб’ёму прамысл. вытв-сці. Развіваецца ў асн. на прывазной сыравіне. Здабыча жал. руды (каля 4—5 млн.т штогод) задавальняе 30% патрэб чорнай металургіі. Штогод выплаўляецца каля 4 млн.т высакаякаснай сталі (1-е месца ў свеце на душу насельніцтва). Металургічныя прадпрыемствы сканцэнтраваны на ПдЗ, дзе здаўна вядзецца здабыча жал. руды; асн. цэнтры Эш, Шыфланж, Дыферданж, Дзюдэланж, Раданж. Прадпрыемствы кантралююцца пераважна бельгійска-герм. канцэрнам «Арбед». Хім.прам-сць дае 21,3% усёй прамысл. прадукцыі: вытв-сцьаўтамаб. шын (г. Калмар-Берг), сінт. валакна (г. Эхтэрнах), поліэфірнай плёнкі (г. Кантэрн) і інш.Вытв-сць электраэнергіі 1,4 млрд. кВт∙гадз (1995). Працуе гідраакумуляцыйная электрастанцыя на р. Ур каля г. Віяндэн (выпрацоўвае 40% электраэнергіі краіны), некалькі буйных ЦЭС. Каля 6 млрд.кВтгадз электраэнергіі імпартуецца з суседніх краін. Развіты гарбарна-абутковая, цэм., фаянсавая, дрэваапр., швейная, харчасмакавая, у т. л. тытунёвая, галіны. Сельская гаспадарка высокаінтэнсіўная. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 116 тыс.га (45% тэр. краіны), у т. л. пад ворывам 62 тыс.га, пад пашай 54 тыс.га. Сельская гаспадарка забяспечвае палавіну патрэб насельніцтва краіны ў харч. прадуктах. Пераважае мяса-малочная жывёлагадоўля (каля 80% кошту с.-г. вытв-сці). Пагалоўе (тыс.гал.): буйн. раг. жывёлы — каля 250, свіней — каля 80. Развіты таксама птушкаводства, трусагадоўля, пчалярства. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, авёс, жыта, бульбу, кармавыя культуры. Садоўніцтва (яблыкі, грушы, слівы, вішні). Вінаградарства ў даліне р. Мозель. Кветкаводства. Л. — буйны міжнар. фінансавы цэнтр; банкаўскія аперацыі адыгрываюць значную ролю ў даходах краіны (да 16%). У краіне 193 банкі, сканцэнтравана 10% актываў усяго еўравалютнага рынку. Л. — краіна развітога турызму (каля 500 тыс. замежных турыстаў штогод, даход каля 300 млн.дол.). Транспарт чыгуначны і аўтамабільны. Даўж. чыгунак 275 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 5,1 тыс.км. 75% грузаабароту прыпадае на міжнар. перавозкі. Суднаходства па р. Мозель. Л. мае марскі гандл. флот грузападымальнасцю 860 тыс. дэдвейт т, базіруецца ў партах Бельгіі і Нідэрландаў. Міжнар. аэрапорт каля г. Люксембург — вузел унутрыеўрап. паветр. ліній. У 1995 экспарт склаў 7,3 млрд.дол., імпарт — 9,1 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць сталь, пракат, хім. прадукты, цэмент, кераміка, віны, у імпарце — сыравіна для чорнай металургіі, нафта, электраэнергія, машыны і абсталяванне, трансп. сродкі, тканіны, харч. тавары і інш.Гал.гандл. партнёры: Германія (28% экспарту, 25% імпарту), Бельгія (адпаведна 15 і 38%), Францыя (18 і 11%), Нідэрланды (5 і 4%). З 1921 Л. знаходзіцца ў эканам., у т. л. мытным, саюзе з Бельгіяй. Грашовая адзінка — люксембургскі франк.
Літ.:
Килль Ж. Тысячелетний Люксембург: Пер. с нем. М., 1965;
Шнеерсон Л.М. В преддверии франко-прусской войны: Франко-германский конфликт из-за Люксембурга в 1867 г.Мн., 1969;
Дробков В.А. На перекрестке дорог, культур, истории: Очерки о Бельгии и Люксембурге. М., 1989.
У.М.Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя).
Герб і сцяг Люксембурга.Да арт.Люксембург. Частка ўрадавага квартала ў г. Люксембург.