Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫДА́ТКІ АБАРАЧЭ́ННЯ,
сукупнасць затрат жывой і арэчаўленай працы, выражаных у грашовай форме, на давядзенне тавару ад вытв-сці да непасрэднага спажыўца. Падзяляюцца на чыстыя і дадатковыя. Чыстыя звязаны з актам куплі-продажу, г.зн. ператварэннем таварнай формы прадукту ў грашовую. Яны не дадаюць да тавару ніякай вартасці і з’яўляюцца непрадукц. затратамі. Кампенсаванне гэтых выдаткаў абарачэння ажыццяўляецца за кошт прыбавачнага прадукту, створанага ў сферы вытв-сці. Дадатковыя выдаткі абарачэння абумоўлены працягам працэсу вытв-сці ў сферы абарачэння. Яны адносяцца да катэгорыі прадукцыйнай, паколькі дадаюць да вартасці тавару новую вартасць (дастаўка, дапрацоўка, фасоўка тавару). Крыніцай кампенсавання дадатковых выдаткаў абарачэння з’яўляецца вартасць, створаная ў самім таварным абарачэнні. Чыстыя выдаткі абарачэння складаюць прыблізна 35—40%, дадатковыя — 60—65% іх агульнай масы. З павелічэннем вытв-сці тавараў і давядзеннем іх да непасрэднага спажыўца доля чыстых выдаткаў абарачэння павялічваецца. Гэта звязана з ростам затрат на ўтрыманне прадаўцоў і гандлёвых агентаў, збытавых падраздзяленняў, транспартна-экспедытарскіх аддзелаў, маркетынгавых даследаванняў, рахункаводства, бухгалтэрыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЗМЕННАЯ ПЕЧ,
від электрычнай печы, у якой у якасці крыніцы цяпла выкарыстоўваецца нізкатэмпературная (104К) плазма, што атрымліваецца з дапамогай плазматрона. У П.п. выплаўляюць сталь. пераплаўляюць каляровыя і інш. металы, сплавы, вырошчваюць метал. монакрышталі, перапрацоўваюць чыстыя рэчывы.
Плазменная печ з керамічным тыглем для плаўкі металу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПО́КА,
лёгкая, цвёрдая, танкапорыстая крамяністая асадкавая горная парода, складзеная з аморфнага крэменязёму (апалу да 98%) з прымесямі гліністых часцінак, шкілетных ч. арганізмаў (дыятамей, радыялярый і інш.) і пяску. Колер ад шэрагу розных адценняў да амаль чорнага. Трапляецца пераважна сярод мелавых і ніжнепалеагенавых адкладаў. Выкарыстоўваецца ў будаўніцтве (для цеплаізаляцыі). Чыстыя гатункі апокі — моцныя адсарбенты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЕРЫНК ((Beyerinck) Марцін Вілем) (16.3.1851, Амстэрдам — 1.1.1931),
галандскі батанік і мікрабіёлаг; адзін з заснавальнікаў вірусалогіі. Праф. (1895). Замежны чл.-кар. Расійскай АН (1924), ганаровы чл.АНСССР (1929). Скончыў Вышэйшую політэхн. школу ў г. Дэлфт. Вылучыў чыстыя культуры азотфіксавальных клубеньчыкавых бактэрый (1888) і азотабактэру (1901). Навук. працы па жыццядзейнасці мікраарганізмаў, глебавай мікрабіялогіі, развіцці вышэйшых раслін, пра ролю бактэрый у кругавароце рэчываў у прыродзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛА́ЎБЕР ((Glauber) Іаган Рудольф) (1604, г. Карлштат, Германія — 10.3.1670),
нямецкі хімік і ўрач. З 1648 працаваў у Галандыі. Асн. працы па алхіміі і хім. тэхналогіі. Прыгатаваў шэраг солей, якія выкарыстоўваліся ў якасці лек. сродкаў, у прыватнасці сульфат натрыю (Na2SO4∙10H2O; наз. яго імем — глаўберава соль). Атрымаў чыстыя азотную і серную к-ты, вадкае шкло.
Літ.:
Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКВА́СКІ,
чыстыя культуры бактэрый (пераважна малочнакіслых), дражджэй або плесневых грыбоў, якія выклікаюць браджэнне і выкарыстоўваюцца ў вытв-сці ў асн. харчовых прадуктаў. Мікраарганізмы, якія ёсць у З., трапляючы ў натуральны субстрат (малако, сумесь мукі з вадой, сок вінаграду і інш.), размнажаюцца, выклікаюць малочнакіслае, прапіёнава-кіслае або спіртавое браджэнне і ўтвараюць араматычныя арган. рэчывы. З. ўжываюць для атрымання сыраквашы, ацыдафіліну, кумысу, кефіру, масла, некат. сартоў сыру, вінаграднага віна, кіслага хлеба, а таксама пры сіласаванні кармоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАГА́НСЕН ((Johannsen) Вільгельм Людвіг) (3.2.1857, Капенгаген — 11.11.1927),
дацкі біёлаг, адзін з заснавальнікаў сучаснай генетыкі. Чл. Шведскай АН, замежны чл.-кар.Рас.АН (1924). Праф. ін-та фізіялогіі раслін Капенгагенскага ун-та. Стварыў вучэнне пра чыстыя лініі, што стала асновай сучасных прынцыпаў селекцыі, вызначыла ролю спадчыннасці ў працэсах натуральнага адбору. Увёў тэрміны ген, генатып, фенатып і даў аналіз асн. паняццяў генетыкі ў працы «Элементы дакладнага вучэння пра спадчыннасць» (1909).
Літ.:
Гайсинович А.Е. Зарождение генетики. М., 1967. С. 138.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛУ́ГІН (Аляксей Савельевіч) (н. 15.10.1921, в.Чыстыя Лужы Веткаўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне хірургіі, фізіялогіі спорту і спарт. медыцыны. Д-рмед.н. (1970), праф. (1973). Скончыў Віцебскі мед.ін-т (1952). З 1961 у Гродзенскім мед. ін-це. З 1971 у Гомельскім ун-це (да 1985 заг. кафедры). Навук. працы па лячэнні спайкавай хваробы брушыны, рэабілітацыі спартсменаў, фізіял. заканамернасцях адаптацыі арганізма да розных умоў жыццядзейнасці.