КАМПЛІМЕ́НТ (франц. compliment),
1) прыемнае ці спакуслівае выказванне ў чый-н. адрас, пахвала.
2) Традыцыйны паклон артыста пасля выканання нумару ці ў адказ на выклікі гледачоў (звычайна ў цырку).
т. 7, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЙ,
ва ўсх.-слав. міфалогіі персанаж, чый смертаносны позірк схаваны пад вялізнымі павекамі ці вейкамі. Паводле бел., укр. і рус. казак, павекі, вейкі ці бровы Вія падымалі віламі яго памочнікі. Чалавек, які не вытрымліваў позірку Вія, паміраў. Легенду пра Вія апісаў у аднайм. аповесці М.В.Гогаль.
т. 4, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАВАРЫ́Т (італьян. favorito ад лац. favor прыхільнасць),
1) любімец важнай і ўплывовай асобы, які карыстаецца рознымі прывілеямі і пэўным чынам уздзейнічае на погляды і паводзіны свайго заступніка; таксама чый-н. любімец, якому аддаюць перавагу, кім цікавяцца больш за інш. 2) У спорце — той, хто мае найб. шанц на першынство (першапачаткова — конь, коннік або каманда ў скачках).
т. 16, с. 301
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́КАШ,
ва ўсходнеславянскай міфалогіі жаночае бажаство ўрадлівасці і вады, апякунка парадзіх, жаночай працы і дзявочай долі. Яе ўяўлялі ў выглядзе жанчыны з вял. галавой і доўгімі рукамі, якая прадзе па начах у хаце. М. — адзінае жаночае бажаство стараж.-рус. пантэона, чый ідал у Кіеве стаяў на вяршыні гары разам з кумірамі Перуна і інш. багоў. Непасрэдным працягам вобраза М. пасля прыняцця хрысціянства стала св. Параскева Пятніца.
т. 10, с. 513
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІБЕ́ЛА, Ківева, Дындымена, Ідзейская маці, Вялікая маці багоў,
фрыгійская багіня, увасабленне прадукц. сіл прыроды, чый культ у старажытнасці быў пашыраны ў М. Азіі (тут знаходзілася вобласць Фрыгія, дзе ён нарадзіўся), Грэцыі, з 204 да н.э. ў Рыме. Першапачаткова лічылася суровай уладаркай гор, лясоў і звяроў, рэгулявала іх урадлівасць. У яе гонар жрацы наладжвалі містэрыі з абрадамі, у якіх важную ролю адыгрывалі самакатаванні, абмыванне ў крыві ахвяр і самалягчанне. У Рыме яе культ зліўся з мясц. культам багіні пасеваў і жніва Опс. К. шанавалі як апякунку дабрабыту дзяржавы, якая дорыць людзям усе плады зямлі. Яе ўяўлялі ў выглядзе жанчыны з зубчастай вежападобнай каронай на галаве. Вобраз К. адлюстраваны і развіты ў творах Авідзія і Лукрэцыя.
т. 8, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫТА́ЛЬНЫ СКАЗ,
сказ, які выражае недахоп інфармацыі пра пэўны аб’ект і патрабуе адказу на пытанне. Напр.: «Ці хопіць светлых, звонкіх думак-слоў, // Ці гладка пойдзе песня-дабрадзейка?» (Я.Купала).
Фармальныя паказчыкі значэння пытальнасці: пытальная інтанацыя («Дождж яшчэ ідзе?»), пытальныя словы — часціцы «ці», «хіба», «а», «няўжо»; займеннікі «хто», «што», «чый», «які», «колькі»; прыслоўі «дзе», «калі», «як», «куды», «адкуль», «навошта». Важную ролю ў пабудове П.с. адыгрывае лагічны націск, які дазваляе дакладна ўказаць, якой інфармацыі не хапае («Ко́ля прыехаў?» — «Коля прые́хаў?»). Як П.с. у маўленні могуць афармляцца: рытарычны вокліч («Хто яго не ведае?!»), альтэрнатыўнае запытанне («Гэту кнігу возьмеш ці тую?»), даданая ч. складанага сказа («Я ўсё гадаў, хто мог мне тэлефанаваць»), пабуджэнне («Ты пачнеш нарэшце працаваць?!»), перапытанне-паўтор («Кажаш, ужо прачытаў? Вазьмі другі раман»), пацвярджэнне («А як жа іначай? Так і трэба было!»). У канцы П.с. ставіцца пытальнік (?).
А.Я.Міхневіч.
т. 13, с. 153
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕГІЁНЫ ПО́ЛЬСКІЯ добраахвотніцкія польскія воінскія фарміраванні пры іншаземных арміях, якія ствараліся ў 18—20 ст. з мэтай барацьбы за аднаўленне Польшчы. Упершыню 2 Л.п. створаны ў Ламбардыі (Паўн. Італія) ген. Я.Г.Дамброўскім у 1797 (з 1799 фактычна ў складзе франц. арміі). У 1799 пры франц. арміі ў Паўд. Германіі сфарміраваны таксама Прыдунайскі легіён. У 1801 усе яны рэарганізаваны ў інш. польск. часці. Вядомы таксама 2 Л.п. ў складзе франц. арміі ў 1806—07, 2 у Венгрыі і 1 у Італіі ў час нац.-вызв. рэвалюцый 1848—49. У 1-ю сусв. вайну ў складзе рас. арміі існавалі 2 Л.п. (кастр. 1914 — сак. 1915), у аўстра-венг. арміі — створаныя Ю.Пілсудскім 2 Л.п. (жн.—вер. 1914) і I брыгады легіянераў (1914—18), чый асабовы склад стаў першапачатковым ядром арміі незалежнай Польшчы.
Літ.:
Lubicz-Pachoński J. Legiony polskie 1794—1807 — prawda i legenda. T. 1—4. Warszawa, 1969—79.
т. 9, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАСНЫ́ СПЕЎ,
гучнае спяванне на адкрытым паветры. Вядомы ў многіх народаў свету, чый побыт звязаны з працай на вольным паветры (напр., іодлі альпійскіх горцаў і інш.). На Беларусі на працягу стагоддзяў выпрацаваўся ў своеасаблівую школу нар. выканання са сваімі эстэт. заканамернасцямі і крытэрыямі майстэрства. Галоўныя з іх: уменне «голасна весці» (спяваць працяжна, на вял. дыханні), а таксама «падняць» песню (распець яе са звонкай грудной падводкай). Для галаснога спеву характэрны шматлікія гукавыя фарбы, якія арганічна ўплятаюцца ў меладычную лінію напеву (глісандуючыя ўзлёты і спады, воклічы на асобных фанемах). У манеры галаснога спеву выконваюцца звычайна каляндарныя песні вяснова-летняга цыкла, пазаабрадавыя лірычныя песні працяжнага характару. Найб. выразна галасны спеў прадстаўлены на Палессі, а таксама на Магілёўшчыне і ў паўд. раёнах Міншчыны. Выдатныя яго майстры сустракаюцца пераважна сярод пастухоў, леснікоў, аб’ездчыкаў; у мінулым майстэрствам галаснога спеву валодалі плытагоны.
Літ.:
Можейко З.Я. Песенная культура Белорусского Полесья. Село Тонеж. Мн., 1971;
Яе ж. Традиціїний білоруський народний спів сьогодні // Нар. творчість та етнографія. 1970. N° 1;
Цитович Г.Н. Украинско-белорусские связи в народной музыке // Цитович Г.Н. О белорусском песенном фольклоре. Мн., 1976.
З.Я.Мажэйка.
т. 4, с. 451
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАВАРЫ́СТВА БЫЛЫ́Х ПАЛІТКАТАРЖА́Н І ССЫЛЬНАНАСЯЛЕ́НЦАЎ Існавала ў СССР у 1921—35. Створана па ініцыятыве Ф.Э.Дзяржынскага, Я.Э.Рудзутака, Е.М.Яраслаўскага і інш. Аказвала матэрыяльную дапамогу б. паліткатаржанам і ссыльнапасяленцам, арганізоўвала іх выступленні, успаміны, і даклады, лекцыі. Важным кірункамі дзейнасці т-ва былі збор, вывучэнне і выданне гіст.-дакумент. матэрыялаў. У 1921—23 аддзяленні т-ва ўзніклі ў Віцебску, Гомелі, Мінску. Бел. аддзяленне да 1928 правяло 3 канферэнцыі. Навукова-даследчую працу члены т-ва вялі ў секцыях: па гісторыі дзекабрызму, рэвалюцыі 1905—07, нарадавольцаў і інш. Яны абмяркоўвалі даклады і мемуары, рыхтавалі да друку зб-кі дакументаў, манаграфіі. Т-ва выдавала час. «Каторга и ссылка», біябібліягр. слоўнік «Дзеячы рэвалюцыйнага руху ў Расіі» (1927—34), «Бюллетень Центрального совета Всесоюзного общества бывших политка-торжан и ссыльнопоселенцев» (1929—33), у якіх ёсць біягр. артыкулы і звесткі пра дзеячаў, чый лёс звязаны з Беларуссю. Супрацоўнічала з Гістпартам, Ін-там Маркса—Энгельса—Леніна пры ЦК ВКП(б) і іх філіяламі на месцах, з Таварыствам старых бальшавікоў. Т-ва спыніла дзейнасць у 1935 ва ўмовах разгортвання ў СССР паліт. рэпрэсій.
У.М.Міхнюк.
т. 15, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАВО́ДНЫЯ КНІ́ГІ ў Расіі,
рукапісныя, пазней друкаваныя зводы радаводаў (генеалагічных запісаў пра паходжанне, роднасныя сувязі і службу продкаў) сем’яў свецкіх феадалаў Рас. дзяржавы, якія складаліся з 1540-х г. У 16—17 ст. утрымлівалі радаводы княжацкіх і баярскіх родаў, чые прадстаўнікі займалі вышэйшыя пасады ў дзярж. і ваен. апараце. Найб. вядомы «Гасудараў радасловец» 1555—56. Пасля адмены месніцтва ў 1682 створана Палата радаводных спраў для складання Р.к. рас. дваранства. Гэтая палата шляхам дапаўнення «Гасударава радаслоўца» стварыла Аксамітную кнігу. Пасля выдання Даравальнай граматы дваранству 1785 дваранскія сходы губерняў, у т. л. беларускіх, складалі Р.к. па сваіх губернях. У іх запісвалі дваран, якія валодалі ў губерні нерухомасцю; тых, чые продкі валодалі на тэр. губерні маёнткамі; асоб, якія мелі выслужанае дваранства і дваранства замежнага паходжання (у любой губерні па жаданні). Губ. Р.к. падзяляліся на 6 частак. У 1-ю частку запісвалі роды сапраўднага (пачатак радаводу не раней за 1685) і набілітаванага дваранства; у 2-ю — роды выслужанага дваранства ваеннай службай; у 3-ю — роды выслужанага дваранства цывільнай службай або атрыманнем ордэна, які прыносіў дваранскі статус; у 4-ю — роды замежнага паходжання; у 5-ю — тытулаваныя роды; у 6-ю — стараж. дваранскія роды, чый радавод пачынаўся раней 1685. З сярэдзіны 19 ст. асобныя аўтары складалі Р.к. рас. княжацкіх і дваранскіх родаў, якія ў адрозненне ад традыц. Р.к. былі не справаводнымі дакументамі, а навук. даследаваннямі.
У.М.Вяроўкін-Шзлюта.
т. 13, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)