ПАГА́НКІ, паганкі сапраўдныя,

або ўпрыгожаныя (Podiceps),

род вадаплаўных птушак. 10 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей. На Беларусі 5 відаў (гл. ў арт. Паганкападобныя). П.-галавасцік (P. gallardoi) і П. калумбійская (P. andinus) занесены ў Чырв. кнігу МСАП; П. калумбійская з канца 1980-х г. лічыцца вымерлай.

Даўж. да 57 см, маса да 1,5 кг (чомга, або паганка вялікая), у інш. відаў — адпаведна 24—36 см і 125—1200 г. Крылы вузкія, доўгія. Хвост амаль рэдукаваны. Маюць складаны рытуал шлюбных дэманстрацый і спароўвання. Біял. індыкатары забруджвання ўнутр. вадаёмаў хім. рэчывамі, солямі цяжкіх металаў і інш.

т. 11, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГАНКАПАДО́БНЫЯ, паганкі (Podicipediformes, Podicipedes),

атрад вадаплаўных птушак. 1 сям., 4—6 родаў, 22 віды. Пашыраны ўсюды, акрамя Арктыкі і Антарктыкі. Жывуць на прэсных вадаёмах, добра плаваюць і ныраюць. На Беларусі 5 відаў: паганка вял., або чомга (Podiceps cristatus, нар. назвы: гагара, кавур, нырэц), малая (P. ruficollis, або Tachybaptus ruficollis, нар. назва нырчык), чарнашыяя, або вушастая (P. caspicus), чырванашыяя, або рагатая (P. auritus), і шэрашчокая (P. grisegena). 5 відаў занесены ў Чырв. кнігу МСАП, 3 віды (паганкі малая, чырванашыяя і шэрашчокая) — у Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. да 60 см, маса да 2 кг. Апярэнне густое, шчыльнае. На галаве чубок з падоўжанага пер’я. Дзюба прамая. Ногі аднесены далёка назад. Пальцаў 4, кожны з асобнымі лопасцевымі перапонкамі. Кормяцца пераважна рыбай і воднымі беспазваночнымі. Манагамы. Нясуць 2—10 яец. Мяса неядомае (адсюль назва).

Э.Р.Самусенка.

Да арт. Паганкападобныя. Паганкі: 1 — вялікая; 2 — малая; 3 — чырванашыяя; 4 — шэрашчокая.

т. 11, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)