Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́МКІ, мутыліды (Mutillidae),
сямейства насякомых атр. перапончатакрылых. Каля 4,8 тыс. відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках. На Беларусі найб. трапляецца Н. еўрап. (Mutilla europaea), якая паразітуе ў гнёздах пчол і чмялёў.
Даўж. да 16 мм. Цела ўкрыта густымі валаскамі з яркімі плямкамі і палоскамі. У Н. еўрап. цела чорнае з сінім адценнем. Самцы крылатыя, самкі бяскрылыя, вонкава нагадваюць мурашак. Большасць відаў Н. развіваецца на лічынках і кукалках перапончатакрылых (адзіночныя пчолы, чмялі, сфецыды, дарожныя і складкавакрылыя восы), некат. відаў жукоў і мух. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі чэрвепадобныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАТЭ́РМНЫЯ ЖЫВЁЛЫ,
цеплакроўныя жывёлы, у якіх перыяды пастаяннай т-ры цела зменьваюцца перыядамі значных яе ваганняў у залежнасці ад змен т-ры знешняга асяроддзя. Непастаянства т-ры цела ў адных з іх праяўляецца ў час працяглага сну (калібры, кажаны), у другіх — сезонна, у перыяд зімовай спячкі. У фауне Беларусі да гетэратэрмных жывёл належаць барсук, вожык звычайны, кажаны, соні, хамяк звычайны, янотападобны сабака і інш. млекакормячыя. Зрэдку да гетэратэрмных жывёл адносяць некаторых пайкілатэрмных жывёл, здольных пры пэўных умовах падтрымліваць т-ру цела больш высокую, чым т-ра асяроддзя (свойская пчала, чмялі, тунцы і інш.). Гл. таксама Гамаятэрмныя жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЧО́ЛЫ, пчаліныя (Apoidea),
надсямейства насякомых атр. перапончатакрылых. 6 сям., каля 30 тыс. відаў. Пашыраны паўсюдна. На Беларусі пераважна трапляюцца П. (андрэна, калет, гілеус, панург і інш.), чмялі. Кормяцца пылком і нектарам раслін. Маюць вял.гасп. значэнне як апыляльнікі раслін. Пчол меданосных разводзяць для атрымання прадуктаў пчалярства.
Даўж. ад 1,5 мм да 5 см, у большасці відаў I—1,5 см. Цела пераважна ўкрыта густымі валаскамі. Ротавы апарат грызуча-ліжучы, у выглядзе хабатка. Многія П. маюць прыстасаванні (збіральны апарат) для збору пылку, напр., густыя валаскі на задніх нагах ці расшыраныя галёнкі і першы членік задняй лапкі і інш. Добра развіты слінныя залозы і валляк. Маюць джала і ядавітыя залозы. Большасць відаў адзіночныя (у гняздзе — самец і самка, якая будуе гняздо і збірае корм для лічынак). У «грамадскіх» П. сям’я (гл.Пчаліная сям’я) складаецца з адной або некалькіх плодных самак. самцоў і мноства бясплодных самак (рабочыя асобіны). Паразітныя П. адкладваюць яйцы на корм, назапашаны інш. насякомымі, выкарыстоўваюць гнёзды П. інш. відаў.