ГУ́СНІК (Husnik) Якуб

(29.3.1837, Вейпрніцы, каля г. Пльзень, Чэхія — 26.3.1916),

чэшскі вучоны і вынаходнік у галіне фотамех. спосабаў рэпрадукавання. Працаваў у галіне геліяграфіі, фоталітаграфіі, фотацынкаграфіі. Прапанаваў рэпрадукцыйную эмульсію з фторыстым серабром, клішэ на слаях з жэлаціны і хлорнага жалеза (для высокага друку). Вынайшаў (1865—68) адзін з маст. спосабаў рэпрадукавання — фотатыпію. Аўтар манаграфій «Агульная галіна фотатыпіі» (1877, 3-е выд. 1885), «Геліяграфія» (1888) і інш. Вядомы таксама як жывапісец-партрэтыст.

Літ.:

Немировский Е. Выдающийся чешский фототехник // Сов. фото. 1957. № 4.

т. 5, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ВЕЛ (Havel) Вацлаў

(н. 5.10.1936, Прага),

чэшскі дзярж. і грамадскі дзеяч, пісьменнік. Скончыў Пражскую акадэмію муз. і тэатр. мастацтва (1967). Адзін з заснавальнікаў і вядучых дзеячаў праваабарончага руху Хартыя-77, апазіцыйнага паліт. руху Грамадзянскі форум. Праследаваўся ўладамі, у 1970—89 тройчы быў зняволены ў турму. У 1989—92 прэзідэнт Чэхаславакіі, з 1993 — Чэхіі. Аўтар п’ес «Свята ў садзе» (паст. 1963; бел. пер. Л.Баршчэўскага), «Паведамленне» (паст. 1965), «Цяжка засяродзіцца» (паст. 1968), «Аўдыенцыя» (паст. 1975), «Largo desolato» (паст. 1985), «Спакуса» (паст. 1986), «Рэканструкцыя» (1987). Паэтыка яго драматургіі адпавядае тэатру абсурду, пры гэтым яна зыходзіць з канкрэтных умоў развіцця Чэхаславакіі. Гал. тэма яго філас. разважанняў — маральныя асновы палітыкі, механізацыя чалавека ва ўмовах несвабоды. Аналіз дысідэнцтва дадзены ў кн. эсэ «Дужасць нядужых» (1978) і «Лістах да Вольгі» (1980).

Тв.:

Бел. пер. — Свята ў садзе // Пры зачыненых дзвярах: Драм. тв. Мн., 1995;

Аўдыенцыя: П’еса ў адной дзеі // Крыніца. 1997. № 1 (27);

Рус. пер. — Трудно сосредоточиться. М., 1990;

Сила бессильных. Мн., 1991;

Заочный допрос. М., 1991.

Літ.:

Шабловская И.В. Чешский театр абсурда и европейский опыт // Славянские литературы в контексте мировой: Материалы и тез. докл. междунар. науч. конф. Мн., 1994.

І.В.Шаблоўская.

т. 4, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)