АНТАКО́ЛЬСКІ Павел Рыгоравіч

(1.7.1896, С.-Пецярбург — 9.10.1978),

рускі паэт. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. Быў рэжысёрам у тэатры імя Я.Вахтангава. Першая кніга вершаў выйшла ў 1922. Імкненне да гіст. абагульненняў вызначаюць зб-кі «Захад» (1926), «Трэццяя кніга» (1927), паэмы «Рабесп’ер і Гаргона» (1928), «Камуна 1871 года» (1933), «Франсуа Віён» (1934). Сав. рэчаіснасці прысвечаны паэмы «Чкалаў» (1942), «Сын» (1943, Дзярж. прэмія СССР, 1946), «У завулку за Арбатам» (1954). Аўтар зб-каў вершаў «Дзесяць гадоў» (1953), «Пра Пушкіна» (1960; вершы, пераклады, артыкулы), «Чацвёртае вымярэнне» (1964), «Аповесць мінулых гадоў» (1969). Пісаў літ.крытычныя артыкулы, нарысы.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1971—73. Бел. пер. — у кн.: Анталогія рускай савецкай паэзіі. Мн., 1936;

Руская савецкая паэзія. Мн., 1953.

т. 1, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́ЛЬСКАЕ МО́РА, Арал (цюрк. арал — востраў),

бяссцёкавае салёнае возера-мора ў Туранскай нізіне, на тэр. Казахстана і Узбекістана. Чацвёртае ў свеце возера па велічыні. Пл. 40 тыс. км² (у т. л. т.зв. Вялікага м. 37 тыс. км²). Пераважныя глыб. 20—25 м, найб. 61 м. Паўн. бераг у асн. стромкі, зах. — высокі (да 250 м), абрывісты, паўд. і ўсх. берагі нізінныя. Больш як 300 а-воў (найб. Кокарал, Барсакельмес, Адраджэння). Упадаюць рэкі Амудар’я і Сырдар’я. Т-ра вады на паверхні летам 26—30 °C, зімой ад -2 да +2 °C. Ледастаў 4—5 мес, у суровыя зімы мора цалкам замярзае. З 1960-х г. узровень Аральскага мора інтэнсіўна паніжаецца з-за ўзмоцненага расходу водаў Амудар’і і Сырдар’і на ірыгацыю. У 1980-я г. рачны сцёк складаў некалькі кубічных кіламетраў у год (пры 65 км³/год да 1960-х г.), воды Сырдар’і, у асобныя гады і Амудар’і, не даходзяць да мора. Узровень Аральскага мора да 1987 панізіўся амаль на 13 м, акваторыя скарацілася на ​1/3. Адбылося аддзяленне меншай паўн.-ўсх. часткі Аральскага мора (Малое м.) пл. 3 тыс. км². Салёнасць павялічылася з 10 ‰ да 27—30 ‰, воды моцна забруджаны с.-г. хімікатамі. На сухіх абшарах б. марскога дна ўзнікла пустыня Аралкум пл. 2,6 млн. га. Уздоўж марскога ўзбярэжжа працягнуліся ўзгоркі соды і сульфату магнію, якія разносяцца вятрамі і забруджваюць вял. плошчы. Рыбны промысел і марскія трансп. перавозкі спынены. Адбываюцца разбурэнне сацыяльна-эканам. структуры гасп. комплексу Прыаралля, збядненне прыродных рэсурсаў, пагаршаюцца ўмовы жыцця і здароўя насельніцтва. Аральскае мора ператварылася ў зону экалагічнага бедства.

В.П.Кісель.

т. 1, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)