Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙЛІСЛІ́ (Акрам) (сапр.Наібаў-Айліслі Акрам Наджар аглы; н. 6.12.1937, с. Айліс Ардубадскага р-на, Азербайджан),
азербайджанскі пісьменнік. Скончыў Літ.ін-т імя Горкага (1964). Аўтар зб-каў апавяданняў «Чарэшня» (1961), «З сэрцам не жартуй» (1973), аповесцяў «У гарах туман» (1963), «З бацькамі і без іх» (1965), «Над Курой у цёплых лясах» (1976), эсэ «Прага літаратуры» (1989) і інш. Цыкл аповесцяў «Людзі і дрэвы» (1966—68) пра жыццё азербайджанскай вёскі ў Вял.Айч. вайну і пасляваенныя гады. Прозе Айліслі ўласцівы паглыблены псіхалагізм, спалучэнне лірызму з тонкім гумарам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ДРЫ,
запаведнік у Малдове, на тэр.ўзв.Кодры. Засн. ў 1971 для захавання прыроднага комплексу шыракалістых лясоў. Пл. 5,1 тыс.га. Рэльеф — плато (выш. да 430 м), лагчыны, схілы. Ландшафт: лясны масіў (грабавыя і букавыя дубровы), крыніцы, ручаі. У флоры больш за 900 відаў. Звычайныя дубы скальны і чарэшчаты, бук, ясень, граб, ліпы серабрыстая і драбналістая, клён, груша, чарэшня; у падлеску — ляшчына, брызгліна, глог, кізіл і інш. Травяное покрыва з асок, сніткі, фіялак, чарамшы і г.д. У фауне звычайныя барсук, заяц, воўк, дзік, ліс. Акліматызаваны высакародны і плямісты алені, марал, лань. Каля 100 відаў птушак, у т. л. беркут, арол-магільнік, ястраб, курапатка. Рэдкія віды — лясная куніца, еўрапейскі дзікі коч, малы падворлік, арол-карлік, філін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАДО́ВЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
расліны, якія вырошчваюць для атрымання ядомых пладоў; аб’ект пладаводства. Вядома больш за 200 відаў з 26 сямействаў. Пераважна дрэвы і кусты, таксама травяністыя расліны і ліяны. Падзяляюцца на семечкавыя (яблыня, груша, рабіна, глог, ірга, айва, мушмула), костачкавыя (вішня, чарэшня, сліва, алыча, абрыкос, персік), ягадныя (суніцы, маліны, парэчкі, агрэст), арэхаплодныя (ляшчына, грэцкі арэх, міндаль, фісташка), субтрапічныя пладовыя (лімон, мандарын, грэйпфрут, апельсін, інжыр, гранат, хурма, масліна), трапічныя пладовыя (банан, манга, ананас, папайя).
На Беларусі асн. П.к. — яблыня, сліва, груша, алыча, вішня, маліны і інш. Плады П.к. (садавіну) выкарыстоўваюць у харч, фармакалагічнай і парфумернай прам-сці. Селекцыйная работа па інтэнсіфікацыі пладаводства вядзецца ў БелНДІ пладаводства з 1925; выведзена больш за 150 сартоў, раянаваных на Беларусі і ў інш. краінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙСЕ́ЕНКА (Яўсей Яўсеевіч) (28.8.1916, г.п. Уваравічы Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. — 29.11.1988),
расійскі жывапісец. Нар. мастак СССР (1970). Правадз.чл.АМСССР (1973). Вучыўся ў АМ у Ленінградзе (1936—47). З 1958 выкладаў у Ленінградскім ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна (з 1963 праф.). Працаваў пераважна ў батальным, пейзажным, партрэтным жанрах. Найб. значныя работы прысвечаны грамадз. і Вял.Айч. войнам: «Чырвоныя прыйшлі» (1961), «Таварышы» (1964), «Чарэшня», «Камісар» (абедзве 1969), «Перамога» (1972). Жывапіс адметны шырокай, экспрэсіўнай манерай пісьма, дынамікай кампазіцыйных рытмаў. Беларусі прысвяціў карціны «З дзяцінства» (1977), «У вайну», «Жанчына ў чорным» (абедзве 1978). Дзярж. прэмія Расіі імя Рэпіна 1966. Ленінская прэмія 1974. Дзярж. прэмія СССР 1983.
Літ.:
Кривенко И.А. Е.Е.Моисеенко. Л., 1960;
Кекушева Г.В. Евсей Моисеенко: Живопись: [Альбом]. М., 1981.