ГАТАВА́ЛЬНЯ,

набор інструментаў для чарцёжна-графічных работ у спец. футляры. Асн. інструменты набору: цыркуль, вымяральны і прапарцыянальны цыркулі, рэйсфедэр, чарцёжны і разметачны кронцыркулі, транспарцір і інш. Гатавальні бываюць універсальныя, школьныя, партатыўныя, для канструктарскіх і капіравальных работ.

т. 5, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРОНЦЫ́РКУЛЬ (ад ням. Krone карона, вянец + цыркуль),

1) вымяральны інструмент у выглядзе цыркуля з дугападобнымі ножкамі. Часам мае шкалу. Выкарыстоўваецца для параўнання дыяметраў дэталей з памерамі, узятымі па маштабнай лінейцы, канцавых мерах або калібры. Межы вымярэнняў — да 200 мм.

2) Чарцёжны цыркуль, у якога вугал фіксуецца мікраметрычным вінтом. Ім вычэрчваюць акружнасці дыям. 2—80 мм.

Вымяральныя кронцыркулі.

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́НЗУЛА (лац. mensula столік),

палявы чарцёжны столік для мензульнай здымкі. У камплекце з кіпрэгелем выкарыстоўваецца для складання плана (карты) мясцовасці графічным метадам. Складаецца з дошкі (планшэта) памерам 60 × 60 см, падстаўкі і штатыва (гл. таксама Геадэзічныя прылады і інструменты). Падстаўка служыць для мацавання планшэта з паперай, на якой вычэрчваюць план, да галоўкі штатыва. Для арыенціроўкі планшэта выкарыстоўваюць арыенцір-бусоль.

Р.​А.​Жмойдзяк.

т. 10, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯКА́ЛА,

1) чарцёжны інструмент для правядзення і праверкі крывых ліній. Бываюць простыя (з дрэва, пластмасы, металу, маюць крывалінейны край) і універсальныя з пераменнай крывізной (стальная лінейка з прыстасаваннем, якое зменьвае яе канфігурацыю — крывізну).

2) Бясшкальны вымяральны інструмент або разметачнае прыстасаванне (шаблон) у выглядзе стальной пласціны з рабочым краем, зробленым па адваротным профілі вырабу. Выкарыстоўваецца ў машына- і суднабудаванні для кантролю і абводкі крывалінейных контураў фасонных дэталей.

т. 9, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)