«КНІ́ГА ВЯЛІ́КАМУ ЧАРЦЯЖУ́»,
тэкставае апісанне (па гал. рэках) найбуйнейшай карты Расіі 17 ст. (не захавалася). Складзена ў 1627 у Разрадным прыказе. Была практычным дапаможнікам для служылых людзей, якіх пасылалі ў розныя мясцовасці краіны, з канца 17 і ў 18 ст. выкарыстоўвалася як школьны падручнік па геаграфіі Расіі. Распаўсюджвалася ў рукапісных спісах; існуе 8 асн. рэдакцый кнігі (у ёй прыведзены каля 2 тыс. тапонімаў і больш за 1,5 тыс. велічынь адлегласцей). Уведзена ў навук. абарачэнне В.М.Тацішчавым; упершыню надрук. ў 1775 М.І.Навіковым пад назвай «Старажытная расійская ідраграфія, якая змяшчае апісанне Маскоўскай дзяржавы рэк, праток, азёр, крыніц, і якія на іх урочышчы і на якой яны адлегласці».
т. 8, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́СІН-ПУ́ШКІН (Аляксей Іванавіч) (27.3.1744, С.-Пецярбург — 13.2.1817),
расійскі дзярж. дзеяч, археограф і гісторык. Граф. Чл. Рас. акадэміі (1789). Служыў у арміі, потым на прыдворнай і грамадзянскай службе. У 1791—97 обер-пракурор Сінода, у 1794—99 прэзідэнт Акадэміі мастацтваў. З 1775 збіраў пісьмовыя і рэчавыя помнікі рас. гісторыі. Засн. гурток гісторыкаў, які адкрыў Лаўрэнцьеўскі летапіс, выдаў шэраг помнікаў стараж.-рус. пісьменнасці, у т. л. «Рускую праўду» (1792), «Кнігу Вялікаму Чарцяжу» (1792), «Духоўную вялікага кн. Уладзіміра Усеваладавіча Манамаха...» (1793, гл. «Павучанне Уладзіміра Манамаха»); сам адкрыў і выдаў «Слова пра паход Ігаравы» пад назвай «Гераічная песня пра паход на полаўцаў удзельнага князя Ноўгарада-Северскага Ігара Святаславіча» (1800). Зборам М.-П. (частка яго, у т. л. адзіны спіс «Слова аб палку Ігаравым», згарэла ў Маскве ў вайну 1812) карысталіся многія рас. гісторыкі, у т. л. М.М.Карамзін.
Літ.:
Козлов В.П. Кружок А.И.Мусина-Пушкина и «Слово о полку Игореве»: Новые страницы истории древнерус. поэмы в XVIII в. М., 1988.
А.М.Лукашэвіч.
т. 11, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)