МІКАШЭ́ВІЦКАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА «ГРАНІ́Т».

Пабудавана ў 1975 (1-я чарга) у рабочым пас. Мікашэвічы Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл. як камбінат нярудных матэрыялаў «Мікашэвічы», на базе Мікашэвіцкага радовішча будаўнічага каменю. У 1976 здадзена ў эксплуатацыю 2-я чарга, у 1977—3-я чарга. Уключае кар’ер па здабычы граніту, дыярыту, гранадыярыту і драбільна-сартавальны з-д. З 1982 ВА «Граніт», з 1995 сучасная назва. Асн. прадукцыя (1999): друз гранітны фракцый ад 5 да 60 мм, буд. пясок.

т. 10, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ КАМБІНА́Т СІНТЭТЫ́ЧНАГА ВАЛАКНА́ імя У.І.Леніна.

Пабудаваны ў 1965—68 у Магілёве. У 1968 пушчана доследная ўстаноўка і атрыманы лаўсан. У 1970 здадзена ў эксплуатацыю вытв-сць дыметылтэрафталату (1-я чарга) і штапельная, у 1971 — комплексы сінт. шоўку і корду, у 1974 — вытв-сць поліэфірнага штапельнага валакна, у 1976—2-я чарга вытв-сці дыметылтэрафталату, у 1977—3-я чарга вытв-сці штапельнага валакна. З 1975 галаўное прадпрыемства Магілёўскага вытворчага аб’яднання «Хімвалакно». Асн. прадукцыя (1999): дыметылтэрафталат, поліэтылентэрафталат, поліэфірныя валокны і ніткі, лаўсан — штапель.

т. 9, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКІ ЛЬНОКАМБІНА́Т.

Пабудаваны ў 1928—37 (1-я чарга) у Оршы. У 1963 уведзена 2-я, у 1972 — 3-я чарга. У 1973 у склад камбіната ўвайшла Аршанская льнопрадзільная ф-ка «Дняпро» (пастаўляе пражу дывановым прадпрыемствам Беларусі). З 1975 — ВА «Аршанскі льнокамбінат», з 1990 — арэнднае вытворча-гандл. прадпрыемства. Асн. прадукцыя (1995): бытавыя (дэкаратыўныя, бялізнавыя, сукеначна-касцюмныя, кашульныя, на сурвэткі, абрусы, пакрывалы, ручнікі), тэхн. і тарныя тканіны. У 1994 выраблена 41 тыс. м² ільняных тканін (макс. выпуск 215 тыс. м² быў у 1989). Пры камбінаце тэхнікум і ПТВ тэкстыльшчыкаў.

т. 1, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ МЕТАЛУРГІ́ЧНЫ ЗАВО́Д (БМЗ). Дзейнічае ў г. Жлобін Гомельскай вобласці. Будаўніцтва пачата ў 1982, у 1984 пушчана 1-я чарга (электрасталеплавільны і сортапракатны цэхі), у 1987 — 2-я (комплекс металакорду), у 1991 — 3-я чарга. Працуе на металаломе. Дзейнічаюць 15 цэхаў. Супрацоўнічае з герм. фірмамі «Круп» і «Хет» — вытворцамі ліставой сталі. Прадукцыя (1994): металакорд для шын і пасаў (17,2 тыс. т), дрот стальны (9,9 тыс. т), сталь (711 тыс. т) гарачакатаная і катанка стальная, пракат стальны (656 тыс. т), вугалок стальны, швелер, розныя загатоўкі, накрыўкі метал. ўшчыльнікавыя.

С.А.Казак-Антаневіч.

т. 2, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «ЭЛЕКТРАМО́ДУЛЬ» Працуе з 1970 у г. Маладзечна Мінскай вобл. як з-д сілавых паўправадніковых вентыляў. У 1978 уведзена ў эксплуатацыю 2-я чарга. У 1986 на базе з-да, спец. канструктарска-тэхнал. бюро нестандартызаванага абсталявання і асобага канструктарска-тэхнал. бюро гібрыдных інтэгральных схем створана ВА «Электрамодуль». У 1989 уведзена ў эксплуатацыю 3-я чарга. З 1994 адкрытае акц. т-ва «Электрамодуль». Асн. прадукцыя (1999): дыёды паўправадніковыя выпрамляльныя, блокі агульнапрамысл. прызначэння, у т.л. зварачныя, блокі аўтамотатрактарныя выпрамляльныя, дыёда-транзістарныя модулі, спецтэхнал. абсталяванне, мэблевая фурнітура.

т. 9, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ТОНКАСУКО́ННЫ КАМБІНА́Т.

Пабудаваны ў 1947 (1-я чарга) у Мінску; у 1959 пушчана 2-я чарга. Складаўся з 3 цэхаў: прадзільнага, ткацкага і аддзелачнага. У 1959—65 тэхналагічна пераабсталяваны. У 1975—78 пабудаваны і ўведзены ў дзеянне ткацка-аддзелачны, быт. і адм. карпусы на новай вытв. пляцоўцы. На старой пляцоўцы праведзена поўная рэканструкцыя і створана прадзільная ф-ка. У 1981 М.т.к. перайменаваны ў Мінскае вытв. тонкасуконнае аб’яднанне. З 1994 адкрытае акц. т-ва «Сукно». Асн. прадукцыя (1999): мэблевыя, аблегчаныя касцюмныя, жакардавыя і шарсцяныя палітовыя тканіны, жакардавыя і шарсцяныя коўдры.

т. 10, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «ХІМВАЛАКНО́».

Засн. ў 1978 як з-д сінт. валакна. З 1983 сучасная назва. Выпускала кордавую тканіну для шыннай прам-сці. У 1980 уведзена 2-я чарга па вытв-сці тэкстураванай жгутавай ніткі дывановага асартыменту, у 1989 — 3-я чарга па выпуску звыштрывалай кордавай тканіны, у 1997 — устаноўка па выпуску капронавай крошкі. Асн. прадукцыя (1996): ніткі жгутавыя капронавыя для дываноў, кордавая капронавая тканіна, валакно штапельнае, паліаміды; тавары нар. ўжытку (больш за 30 відаў). Асн. спажыўцы (1996): Англія, Аўстрыя, Балгарыя, Венгрыя, Галандыя, Германія, ЗША, Італія, Польшча, Чэхія, Швейцарыя, Японія, краіны СНД і Прыбалтыкі.

т. 5, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКО́МСКАЯ ДРЭС,

самая вялікая цеплавая электрастанцыя ў складзе Беларускай энергетычнай сістэмы. Размешчана на беразе Лукомскага возера, каля г. Новалукомль Чашніцкага р-на Віцебскай вобл. Будаўніцтва пачата ў 1964. У 1969 пушчаны 1-ы энергаблок, у 1974 пасля пуску 8-га энергаблока дасягнута праектная магутнасць 2400 тыс. кВт. У 1978 пабудавана 3-я чарга. На пачатак 1999 магутнасць станцыі больш за 2500 тыс. кВт.

т. 9, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІ ГАРБА́РНЫ КАМБІНА́Т.

Засн. ў 1965 у г. Бабруйск, у 1971 пушчана 2-я чарга. Цэхі: гарбарна-сыравінны, адмочвальна-попельны, аддзелачны, па выпуску тавараў нар. ўжытку, парасілавы, клею мяздровага. Асн. прадукцыя (1995): хромавыя скуртавары з мяздровага спілку для верху абутку, адзення і мэблі, паўфабрыкат «вет-блу», скура «Краст». Выпускае таксама спілак для каўбаснай абалонкі, клей мяздровы, паўфабрыкат для вырабу жэлаціну, адзенне і галантарэю са скуры.

т. 2, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ГАЗАПЕРАПРАЦО́ЎЧЫ ЗАВО́Д.

Створаны ў 1972—76 за 23 км на ПдЗ ад г. Рэчыца Гомельскай вобласці. Перапрацоўвае спадарожны газ з нафтавых радовішчаў Беларусі. З 1972 у ВА «Саюзнафтагазаперапрацоўка», з 1983 у ВА «Укрнафтагазаперапрацоўка», з 1987 у ВА «Беларусьнафта». У 1982 рэканструяваны. У 1995 пушчана 1-я чарга тэхнал. устаноўкі па вытв-сці вуглевадародных прапелентаў — заменнікаў фрэону. Асн. прадукцыя (1995): сухі газ, вадкія вуглевадародныя газы (прапан, прапан-бутанавая сумесь, бутан тэхнічны, стабільны газавы бензін).

т. 2, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)