Чамяры (в.) 5/41; 8/541; 9/589 (к.); 11/180

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МІСКО́ (Андрэй Васілевіч) (н. 7.6.1940, в. Чамяры Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне сельскай гаспадаркі. Канд. с.-г. н. (1974). Скончыў БСГА (1967). З 1967 у Бел. НДІ земляробства і кармоў. Навук. працы па сартавой агратэхніцы яравой і азімай пшаніцы, селекцыі азімай пшаніцы. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.

Тв.:

Некоторые аспекты в мутационной селекции озимой пшеницы (разам з І.​К.​Копцікам) // Пути повышения урожайности полевых культур. Мн., 1983. Вып. 14;

Вынікі супрацоўніцтва па селекцыі азімай пшаніцы паміж Беларускім НДІ земляробства і Інстытутам селекцыі раслін у Гюльцаў-Гюстрове (разам з І.​К.​Копцікам, В.​А.​Пятух) // Весці АН БССР. Сер. с.-г. навук. 1991. № 4.

т. 10, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІСКО́ (Якуб Герасімавіч) (1.6.1911, в. Чамяры Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 23.10.1981),

бел. пісьменнік, журналіст, удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі. Засл. дз. культ. Беларусі (1967). Вучыўся ў Віленскай бел. гімназіі (1925—28; выключаны за ўдзел у рэв. руху); скончыў Баранавіцкі настаўніцкі ін-т (1949). У 1932—34 працаваў у гал. сакратарыяце рэв.-дэмакр. арг-цыі «Змаганне», супрацоўнічаў у падп. зах.-бел. друку. Неаднаразова быў арыштаваны польск. ўладамі і зняволены ў турму. У ліст. 1939 разам з братамі арыштаваны органамі НКУС (вызвалены ў 1940). З 1947 на журналісцкай працы. Аўтар артыкулаў і ўспамінаў пра КПЗБ, яе дзеячаў, кіраўнікоў нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, у т. л. С.​Прытыцкага, М.​Дворнікава, М.​Арэхву. Творчая спадчына М. сабрана ў кнізе «Маё маўклівае сэрца» (1983).

т. 10, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРСЕ́ВІЧ (Максім Тарасавіч) (9.8.1890, в. Чамяры Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 3.11.1937),

дзеяч нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. Вучыўся ў Слонімскім 2-класным вучылішчы. З 1911 настаўнічаў. У чэрв. 1925 увайшоў у 1-ы актыў Беларускага пасольскага клуба. З 1926 чл. ЦК Беларускай сялянска-работніцкай грамады, кіраўнік яе Цэнтр. сакратарыята. У 1927 арыштаваны і па судовым працэсе 56-і (1928) прыгавораны да 8 гадоў турмы. У выніку абмену паліт. зняволенымі з 1931 у СССР. Працаваў у Дзярж. планавай камісіі БССР і ў камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі пры АН БССР. Чл. ЦВК БССР. У 1933 арыштаваны, у 1934 засуджаны да вышэйшай меры пакарання, замененай 10 гадамі зняволення. Пакаранне адбываў на Салаўках і будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала. Паўторна арыштаваны ў 1937, расстраляны. Рэабілітаваны па абодвух прыгаворах у 1956.

Я.​І.​Мікула.

М.Т.Бурсевіч.

т. 3, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ.

Існаваў у 1-й трэці 17 ст. — 1830 у Брэсце. Засн. ў 1635 (паводле звестак польск. гісторыка Валыняка — у 1628) брэсцкай войскай Соф’яй Магдаленай Бухавецкай, дачкой каралеўскага сакратара Марыяна Лакніцкага. Адрокшыся ад кальвінізму, яна запісала брэсцкім дамініканцам усе маёнткі, якія атрымала ў спадчыну ад бацькоў і 2 мужоў: 5 фальваркаў і в. Чамяры, Дэрло, Дубаў, Велань. Кляштар размяшчаўся на востраве, пры дарозе на Кобрын. Першыя, верагодна, драўляныя будынкі амаль усе знішчаны ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Кляштар нанава адбудаваны на сродкі Соф’і Пражмоўскай. Яна ж падаравала яму і абраз Маці Божай, які праславіўся як цудатворны (зараз у Фарным касцёле Брэста). Мураваны касцёл св. Соф’і асвячоны ў 1696, карпусы кляштара пабудаваны значна пазней (у 1798 яшчэ не закончаны). Пры кляштары існавалі навіцыят (установа для падрыхтоўкі новых членаў ордэна) і школа філасофіі. Аднанефавы касцёл з 2 бакавымі капліцамі, накрытымі купаламі, вызначаўся багатым жывапісна-разьбярскім аздабленнем; пры гал. алтары знаходзілася надмагілле С.​Бухавецкай з партрэтам. Кляштар скасаваны ў 1830, аднак касцёл (адзіны ў Брэсце) пакінуты вернікам як парафіяльны.

Літ.:

Квитницкая Е.Д. Монастыри Бреста XVII—XVIII вв. // Архитектурное наследство. М., 1979. Вып. 27;

Wołyniak. Wiadomości o dominikanach prowincyi litewskiej. Cz. 1. Kraków, 1917.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 3, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ВЕРС (Анатоль) (сапр. Міско Івап Дарафеевіч; н. 15.5.1912, в. Чамяры Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. паэт. За рэв. дзейнасць у Зах. Беларусі выключаўся з Віленскай, Клецкай, Навагрудскай бел. гімназій. З вер. 1939 да чэрв. 1941 літработнік слонімскай раённай газ. «Вольная праца». У Вял. Айч. вайну падпольшчык, партызан, у крас.ліст. 1943 сакратар Слонімскага міжраённага антыфаш. к-та. Выпускаў падп. газ. «Барацьба», лістоўкі. У 1949—66 працаваў на смалакурні, лесахімзаводзе. З 1966 на журналісцкай рабоце ў Слоніме. У 1976—84 адказны сакратар слонімскага раённага аддзялення Т-ва аховы помнікаў гісторыі і культуры. Друкуецца з 1934. У першым зб. «Песні на загонах» (1939) шчыры лірызм, рамант. матывы свабодалюбства, вернасці роднаму краю. У пасляваен. творах памяць пра суровыя дні перажытага, тэмы адданасці Бацькаўшчыне, красы бел. прыроды. Аўтар «Паэмы пра камсамольца Валодзю Бялько» (1964), успамінаў пра В.​Таўлая («Пасылка Валянціна Таўлая», 1976), Г.​Леўчыка («Далёкі ўспамін», 1980), Я.​Купалу («Ён адкрыў мне Беларусь», 1981), І.​Дварчаніна, пра часы змагання ў Зах. Беларусі, падп. антыфаш. дзейнасць у вайну.

Тв.:

З пройдзеных дарог. Мн., 1970;

Жыву ў бацькоўскім краі. Мн., 1982;

Я пайшоў бы ўслед за летам... Мн., 1987;

Прыдарожныя сосны. Слонім, 1995.

Літ.:

Калеснік У. Лёсам пазнанае. Мн., 1982. С. 262—268;

Арочка М. Балючая памяць зямлі // Полымя. 1984. № 7;

Лойка А «Хачу не проста жыць...» // Лойка А Выбр. тв. Мн., 1992. Т. 2.

І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІСКО́ (Іван Якімавіч) (н. 22.2.1932, в. Чамяры Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. скульптар. Засл. дз. маст. Беларусі (1989). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). Працуе ў станковай і манум. скульптуры. Гал. месца ў творчасці займаюць тэмы Вял. Айч. вайны, мірнай працы, касманаўтыкі, спорту, навукі і культуры. Творы вызначаюцца рэаліст. трактоўкай вобразаў, лаканізмам і строгасцю пластычнай мовы, прыўзнята-рамантычным ладам. Аўтар партрэтаў Героя Сац. Працы І.​Кулеша (1960), Героя Сав. Саюза Г.​М.​Халасцякова (1979), дзярж. дзеячаў С.​В.​Прытыцкага (1982), П.​К.​Панамарэнкі (1983), дзеячаў бел. культуры Ф.​Мадорава (1967), Р.​Шырмы (1968, 1984), Я.​Цікоцкага (1970), Я.​Маўра (1972), В.​Таўлая (1978), С.​Станюты (1982), Ф.​Скарыны (1992), Н.​Лежэ (1993), В.​Роўды (1997), М.​Аўрамчыка, Ю.​Іванова, А.​Лойкі (усе 1999), касманаўтаў Ю.​Гагарына (1968), П.​Клімука (1978), У.​Кавалёнка (1980), бел. алімпійскіх чэмпіёнаў А.​Бяловай (1983), А.​Мядзведзя (1984), студэнткі (1990) і інш., кампазіцый «2001 год» (1978—94), «Да зорак», «У будучыню» (абедзве 1994), «Космас», «Рэпартаж з космасу» (абедзве 1999). Сярод манум. твораў: Манумент у гонар маці-патрыёткі ў Жодзіне (1975, з А.​Заспіцкім і М.​Рыжанковым), помнікі Герою Сав. Саюза І.​Кабушкіну ў Баранавічах (1973), І.​Буйніцкаму ў в. Празарокі Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. (1976), М.​Горкаму ў Мінску (1981), І.​Рэпіну ў Здраўневе каля в. Койтава Віцебскага р-на (1990). Дзярж. прэмія СССР 1977.

Л.​Ф.​Салавей.

І.Міско. Студэнтка. 1990.

т. 10, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)