Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АХАВА́НЫ ГРУНТ,
зямельныя ўчасткі, якія маюць збудаванні для вырошчвання агароднінных, дэкар. і пладовых культур, іх расады і саджанцаў (цяпліцы, парнікі, уцеплены грунт). У іх ствараецца спрыяльны для раслін мікраклімат, магчыма штучнае абаграванне. Цяпліцы эксплуатуюць увесь год, парнікі — з ранняй вясны да позняй восені. Для стварэння ўцепленага грунту выкарыстоўваюць прыродную ахову (узгоркі, паўд. схілы, дрэвавыя насаджэнні і інш.), плёначныя ўкрыцці, біял. абаграванне і інш. сродкі аслаблення замаразкаў. Ахаваны грунт дае магчымасць атрымліваць ураджай агародніны на 7—25 сут раней, чым у полі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІ́ЎКАВАЯ ПЛЯ́МІСТАСЦЬ,
хвароба раслін, якая выклікаецца грыбам з роду кладаспорый. Узбуджальнік — кладаспорый агурковы (Cladosporium cucumerinum; пашкоджвае ўсю расліну ў цяпліцы і ў адкрытым грунце). На пладах (радзей чаранках і сцёблах) з’яўляюцца масляністыя плямы, якія ператвараюцца ў светла-карычневыя язвачкі са споранашэннем грыба аліўкавага колеру. На лісці ўтвараюцца бурыя плямы. Хварэюць на аліўкавую плямістасць пераважна агуркі, кабачкі, гарбузы, дыні, кавуны, патысоны. Пашкоджаныя плады трацяць таварныя якасці, маладая завязь гіне. Развіццю хваробы спрыяюць рэзкія перапады тэмпературы, высокая вільготнасць. Меры барацьбы: знішчэнне хворых пладоў, падтрыманне т-ры паветра ў цяпліцах не ніжэй за 17 °C, зніжэнне вільготнасці паветра да 70%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ТЭРЛІНК ((Maeterlinck) Марыс) (29.8.1862, г. Гент, Бельгія — 5.5.1949),
бельгійскі паэт і драматург; тэарэтык і практык сімвалісцкай драмы. Чл.Бельг. каралеўскай акадэміі л-ры і прыгожых мастацтваў. Скончыў Генцкі ун-т (1885), вывучаў права ў Парыжы, працаваў адвакатам у Генце. З 1896 жыў у Францыі. Старшыня Міжнар. ПЭН-клуба (з 1947). Дэбютаваў у 1883. Пісаў на франц. мове. Першы зб. вершаў «Цяпліцы» (1889), першая яго п’еса «Прынцэса Мален» (1889, на сюжэт казкі братоў Грым). У аднаактоўках «Няпрошаная» і «Сляпыя» (абедзве 1890), драмах «Пелеас і Мелізанда» (1892), «Там, унутры» і «Смерць Тэнтажыля» (абедзве 1894) сцвярджаецца ўлада над чалавекам загадкавага Невядомага, што часам увасабляецца ў смерці, чалавек разглядаецца як ахвяра, як згублены ў варожым свеце «сляпы», як «марыянетка». Аўтар рамант. драм «Аглавена і Селізета» (1896), «Арыяна і Сіняя Барада» (1896, на сюжэт казкі Ш.Перо), «Сястра Беатрыса» (1901), «Монна Ванна» (1902), «Цуд Святога Антонія» (1903) і інш., кніг эсэ, мемуараў. Вяршыня яго творчасці — філас. п’еса-казка «Сіняя птушка» (1908, паст. К.С.Станіслаўскім у Маскоўскім маст. т-ры 1908). На сюжэт драмы «Пелеас і Мелізанда» напісаны аднайм. опера К.Дэбюсі (1902), сімф. паэма А.Шонберга, на сюжэт драмы «Арыяна і Сіняя Барада» — опера П.Дзюка (1907). Сімвалісцкая драма М. прадвызначыла авангардысцкі кірунак у драматургіі ў 2-й пал. 20 ст. — «тэатра абсурду», або «антытэатра». Нобелеўская прэмія 1911.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. произв.М., 1996, Пьесы. М., 1962;
Сокровище смиренных. Мудрость и судьба. Томск, 1994.
Літ.:
Шкунаева И.Д. Бельгийская драма от Метерлинка до наших дней. М., 1973.