КРЭ́ЧАТ (Falko rusticolus, або F. gyrfalco),

птушка сям. сакаліных атр. драпежных. Пашыраны на Пн Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Селіцца на скалістых узбярэжжах мораў і ў лесатундры. Жыве парамі, устойлівымі многія гады. Усюды рэдкі, сусв. папуляцыя ацэньваецца ў некалькі тысяч пар. Падлягае ахове.

Самы буйны з сапр. сокалаў: даўж. да 60 см, маса самца да 1,5 кг, самкі да 2 кг. Апярэнне шэрае або белае з шэрымі меткамі, верх цямнейшы. Корміцца пераважна птушкамі, грызунамі. Гнёзды на скалах, абрывістых берагах ці высокіх дрэвах. Нясе 3—5 яец. Лоўчая птушка для сакалінага палявання.

Крэчат.

т. 8, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУНТУ́Ш,

верхняе мужчынскае адзенне, што апраналі на жупан. К. прыйшоў з Венгрыі ў Польшчу, у 16 ст. — на Беларусь і разам з жупаном стаў традыц. адзеннем заможнай шляхты. Шылі доўгі, ніжэй каленяў, з разрэзанымі рукавамі, якія свабодна звісалі або закідваліся на плечы. Верхняя частка заўсёды расшпілена, каб быў відаць жупан. У 16 ст. К. шылі з сукна, пазней з шоўку, зімою падшывалі лёгкім футрам. Колер К. звычайна яркі, але цямнейшы за жупан; падкладка інш. колеру; дадаткам быў тканы каляровы пояс, у т. л. слуцкія паясы. З 1778 К. і жупан у паасобных ваяводствах мелі пэўны вызначаны колер, што надавала ім характар ваяводскага мундзіра. У 2-й пал. 19 ст. стаў урачыстым адзеннем арыстакратыі.

М.​С.​Лобач.

т. 9, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)