РАДЫЁВЫПРАМЯНЕ́ННЕ СО́НЦА,
выпрамяненне розных слаёў Сонца ў радыёдыяпазоне. Адрозніваюць: радыёвыпрамяненне спакойнага Сонца (амаль не мяняецца з цягам часу; абумоўлена цеплавым выпрамяненнем электронаў у эл. полі іонаў няўзбуранай атмасферы Сонца), выпрамяненне актыўных абласцей у атмасферы над сонечнымі плямамі (павольна мяняецца з цягам часу, мае таксама цеплавы характар), спарадычнае Р.С., звязанае з ваганнямі плазмы пры праходжаннях праз яе касм. прамянёў у час храмасферных успышак. У сонечнай кароне адбываецца моцнае паглынанне і пераламленне радыёхваль — на метровых хвалях яркасная т-ра кароны дасягае мільёна кельвінаў, на больш кароткіх хвалях яна значна меншая.
А.А.Шымбалёў.
т. 13, с. 230
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАМЕ́РНЫ РУХ,
рух матэрыяльнага пункта ці паступальны рух цвёрдага цела, пры якім модуль скорасці пункта (цела) з цягам часу застаецца пастаянным. Вярчальны рух цвёрдага цела з’яўляецца Р.р., калі ён адбываецца вакол нерухомай восі з пастаяннай вуглавой скорасцю.
т. 13, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАНІ́ЧНЫ РУХ,
змена ўзаемнага размяшчэння цел (ці іх частак) у прасторы з цягам часу; адна з самых простых форм руху. М.р. любога цела падпарадкоўваецца Ньютана законам механікі; для цвёрдага цела зводзіцца да суперпазіцыі вярчальнага руху і паступальнага руху. Мерай М.р. з’яўляюцца кінетычная энергія і імпульс (ці момант імпульсу).
т. 10, с. 322
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТЭРМІ́ЧНАЯ Я́МА, Бекары яма,
збудаванне для абеззаражвання трупаў жывёл (акрамя тых, што загінулі ад сібірскай язвы). Будуецца з вільгацетэрмаўстойлівага матэрыялу, мае герметычную накрыўку і адтуліны для прытоку паветра, глыб. 9—10 м. Размяшчаецца біятэрмічная яма не бліжэй як за 1 км ад населеных пунктаў і вадаёмаў. З цягам часу ў ёй утвараецца аднародны кампост, прыдатны на ўгнаенне.
т. 3, с. 180
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫ́БАВЫЯ ГО́РЫ, скідавыя горы,
падняцці зямной кары, абмежаваныя тэктанічнымі разломамі. Узнікаюць звычайна ў складкавых зонах, якія мелі раней горны рэльеф, але з цягам часу страцілі пластычнасць і былі выраўнаваны дэнудацыяй. Пры наступных узыходных рухах падымаюцца ў выглядзе горстаў, разбітых скідамі на асобныя глыбы (адроджаныя горы). Для глыбавых гор характэрны масіўныя абрысы, стромкія схілы і параўнальна слабая расчлянёнасць.
т. 5, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫДЭ́РМА (ад перы... + дэрма),
другасная покрыўная тканка сцёблаў і каранёў шматгадовых (радзей аднагадовых) раслін. Складаецца з корку (фелемы), феладэрмы (унутр. слоя П.) і фелагену (часам адсутнічае, напр., у відаў паслёну). Клеткі П. паветра- і воданепранікальныя, газаабмен і выпарэнне адбываюцца праз чачавічкі. У органах раслін звычайна ўтвараецца некалькі разоў. З цягам часу вонкавыя П. і тканкі, што знаходзяцца паміж імі, адміраюць і ўтвараюць корак.
т. 12, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСЕРВА́ТЫ́ЎНАЯ СІСТЭ́МА,
механічная сістэма, у час руху якой сума яе патэнцыяльнай і кінетычнай энергій застаецца пастаяннай (выконваецца закон захавання поўнай мех. энергіі). К. с. будзе кожная мех. сістэма, калі знешнія сілы, што дзейнічаюць на яе, не мяняюцца з цягам часу і з’яўляюцца патэнцыяльнымі (кансерватыўнымі), а ўсе ўнутр. сілы таксама патэнцыяльныя. Прыкладам К.с. можа быць матэм. маятнік, калі сіла трэння ў падвесе і сіла супраціўлення паветра (асяроддзя) зведзены да мінімальна магчымага значэння. Гл. таксама Дысіпатыўная сістэма.
т. 7, с. 591
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЙБА,
у беларусаў хадавое пласкадоннае судна з ветразем, завостранымі носам і кармой, без палубы і даху. Вядомы з 15 ст., напачатку — лёгкія ўстойлівыя лодкі. З цягам часу ўдасканалены і павялічаны ў памерах (даўж. 25—30 м, шыр. 4—5 м, грузападымальнасць 24—80 т). З сярэдзіны 19 ст. паступова выцяснялі інш. віды суднаў. Хадзілі на Л. па Зах. Дзвіне, Віліі і ў верхнім цячэнні Дняпра. Шырока выкарыстоўваліся да пач. 20 СТ.
Н.І.Буракоўская.
т. 9, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДА́НАЎ (Анатоль Пятровіч) (13.10.1834, Ніжнедзявіцкі пав. Варонежскай губ. — 28.3.1896),
рускі антраполаг, заолаг, грамадскі дзеяч. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1890), праф. Маскоўскага ун-та (1867). Па яго ініцыятыве заснаваны Т-ва аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім ун-це (1864), Т-ва акліматызацыі жывёл і раслін, арганізаваны этнаграфічная (1867), політэхнічная (1872) і антрапалагічная (1879) выстаўкі, на базе якіх заснаваны політэхнічны і антрапалагічны музеі. Першы ў гісторыі навукі адзначыў, што з цягам часу прыкметы антрапал. тыпаў чалавека мяняюцца.
т. 2, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎЧА́НКА туберкулёзная,
найбольш цяжкая форма туберкулёзу скуры. Узбуджальнік (туберкулёзная палачка) трапляе ў скуру праз яе пашкоджанні, часцей — з раней пашкоджаных туберкулёзам унутр. органаў і лімфатычных вузлоў. Хвароба пачынаецца ў дзіцячым і юнацкім узросце з бугаркоў (3—4 мм у дыяметры) чырвонага ці жоўта-чырвонага колеру. З цягам часу бугаркі зліваюцца; на іх месцы застаецца стончаны белы рубец, на якім могуць з’явіцца новыя бугаркі. Лакалізацыя: скура твару, вушных ракавін, шыі, іншы раз скура ягадзіц, рук і ног. Лячэнне: супрацьтуберкулёзныя прэпараты, полівітаміны, агульнаўмацавальныя сродкі.
т. 4, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)