Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТРЫ́ЗМ,
1) у сучаснай паліталогіі агульная назва розных паліт. плыней, якія ў паліт. спектры сваёй краіны займаюць прамежкавае становішча паміж «левымі» і «правымі». У залежнасці ад паліт. сітуацыі цэнтрысты ўтвараюць блокі з «правымі» або «левымі», утвараючы права- ці левацэнтрысцкую большасць у парламенце. У парламенцкіх дзяржавах на аснове гэтай большасці фарміруюцца і адпаведныя ўрады. Часам моцны «цэнтр» здольны праводзіць самаст. палітыку і ўтвараць уласныя ўрады.
2) У міжнар. рабочым руху прамежкавая плынь паміж рэв. марксізмам і правым апартунізмам. Узнік у пач. 20 ст. ў ходзе барацьбы паміж рэв. марксізмам і рэвізіянізмам у партыях інтэрнацыянала 2-га. Цэнтрысты імкнуліся захаваць адзінства рабочага руху шляхам згладжвання супярэчнасцей паміж імі. Асн. кірунак Ц. ў міжнар. рабочым руху — каўцкіянства (гл. Каўцкі К.). У 1-ю сусв. вайну цэнтрысты, разам з інтэрнацыяналістамі, асуджалі як несумяшчальную з прынцыпамі пралет. інтэрнацыяналізму падтрымку лідэрамі асн. партый Інтэрнацыянала 2-га ваен. намаганняў урадаў сваіх краін, але адмаўляліся парваць з імі. За такую «палавінчатасць» іх крытыкавалі У.І.Ленін і яго прыхільнікі, з якімі цэнтрысты ў 1915—19 знаходзіліся ў складзе т.зв. Цымервальдскага аб’яднання (гл. Цымервальдская канферэнцыя). У 1921 цэнтрысты многіх еўрап. краін і ЗША утварылі «Інтэрнацыянал 2 1/2».
т. 17, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРА́ТЫЯ.
сацыял-дэмакратызм, сукупнасць уяўленняў, поглядаў і дзеянняў, скіраваных на пабудову сацыяльна арыентаванага дэмакр. грамадства; плынь у міжнар. рабочым руху. Паводле прынятай у паліталогіі класіфікацыі належыць да левага кірунку (левага паліт. спектра). Для С.-д. характэрны: арыентацыя пераважна або выключна на эвалюц. формы грамадскага развіцця, на паступовае і мірнае пераўтварэнне капіталізму ў сацыялізм шляхам рэформ (гл. Рэфармізм), на супрацоўніцтва класаў грамадства і інш. Папярэднікамі ідэй С.-д. былі Ж.Ж.Л.Блан, П.Ж.Прудон. Негвалтоўныя метады С.-д. (кампраміс, пагадненне і інш.) вядомы з часоў дзейнасці Ф.Ласаля, пасібілістаў і інш. Развіццё ідэй С.-д. ішло ў бок трансфармацыі канцэпцый марксізму і камунізму. Аформілася ў 2-й пал. 19 ст., калі ўзніклі Сацыял-дэмакратычная партыя Аўстрыі, Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі, Сацыял-дэмакратычная рабочая партыя Швецыі і інш. У пач. 20 ст. засн. Лейбарысцкая партыя Вялікабрытаніі, у Расіі дзейнічалі меншавікі. У 1-ю сусв. вайну многія с.-д. партыі на хвалі патрыятызму падтрымлівалі ваен. палітыку ўрадаў сваіх краін. Сярод тэарэтыкаў С.-д. Э.Бернштэйн, К.Каўцкі, О.Баўэр, Ф.Адлер, Л.Мартаў, Л.Блюм, Э.Вандэрвельдэ і інш. (гл. таксама Апартунізм, Рэвізіянізм). Погляды С.-д. адстойвалі Бернскі інтэрнацыянал, «Інтэрнацыянал 2 1/2, Сацыялістычны рабочы інтэрнацыянал, Сацыялістычны інтэрнацыянал моладзі, а з 1951 — Сацыялістычны інтэрнацыянал. У ходзе эвалюцыі с.-д. руху дамінуючае становішча ў ім занялі цэнтрысты (гл. Цэнтрызм). На працягу 20 ст. с.-д. партыі неаднаразова ўзначальвалі ўладу ў шэрагу краін, асабліва ў скандынаўскіх. На тэр. Беларусі дзейнічалі Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя і інш., у 1990-я г. створаны Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, Беларуская сацыялістычная партыя і інш.
Літ.:
Самарская Е.А. Социал-демократия в начале века. М., 1994;
Миронов Д.А., Перцев А.В. Австромарксизм, позитивизм и рабочее движение. Свердловск, 1990;
Салычев С.С. В поисках «третьего пути»: Эволюция идеологии социал-демократии в современ. эпоху. М., 1988.
У.Я.Калаткоў.
т. 14, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)