Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРНІТУ́РА шрыфту, камплект друкарскіх шрыфтоў аднаго рысунка. У пэўнай гарнітуры шрыфты адрозніваюцца абрысам (прамы, курсіўны і інш.), рознымі памерамі — кеглем (тэкставыя ад 6-га — нанпарэль да 12-га — цыцэра, тытульныя і загаловачныя ад 14 да 48-га), насычанасцю (светлая, паўтлустая і інш.). Камплектнасць гарнітуры залежыць ад тыпу наборных працэсаў. Звычайна друкарні маюць некалькі дзесяткаў гарнітур — тэкставых, тытульных, акцыдэнтных (дэкаратыўных), афішна-плакатных. Ёсць гарнітура літаратурная, новая газетная, школьная, часопісная сечаная, акадэмічная, кудрашоўская энцыклапедычная, звычайная новая і інш. Гэты тэкст набраны гарнітурай таймс.
т. 5, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)