ЦЫ́СТА (ад грэч. kystis пузыр),
часовая форма існавання многіх прасцейшых, водарасцей і некаторых мікраскапічных шматклетачных арганізмаў. Характарызуецца наяўнасцю ахоўнай абалонкі. Выпрацавалася ў працэсе прыстасавання арганізмаў да неспрыяльных умоў асяроддзя. У прасцейшых адрозніваюць Ц. спакою (з тоўстымі абалонкамі; могуць існаваць некалькі гадоў) і размнажэння (з тонкай абалонкай; утвараюцца на кароткі перыяд).
т. 17, с. 153
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́МБЛІІ, жыярдыі (Lamblia, Giardia),
род паразітычных прасцейшых падтыпу жгуцікавых. Больш за 100 відаў. Пашыраны ўсюды. Паразітуюць у кішэчніку млекакормячых (грызуны, трусы), птушак, паўзуноў і земнаводных. У чалавека (пераважна ў дзяцей) адзначаецца Л. кішачная (L. intestinalis) — узбуджальнік лямбліёзу.
У жыццёвым цыкле 2 стадыі: вегетатыўная (трафазоіт) і цыста. Даўж. трафазоіта да 30, шыр. да 8 мкм, цела грушападобнае, двухбаковасіметрычнае. 4 пары жгуцікаў, 2 ядры. 2 апорныя стрыжнёвыя пласцінкі. Цыста даўж. да 13, шыр. да 9 мкм. Размнажаюцца дзяленнем.
т. 9, с. 423
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮС,
мегалітычная грабніца фінальнай стадыі дацкага ранняга неаліту (культура лейкападобных кубкаў) у выглядзе каменнай скрыні з тонкіх пліт (цыста), перакрытага камянямі. Змяшчала 1—6 шкілетаў. Пахавальная камера перакрыта насыпам, абкладзеным у аснове камянямі. Падобныя цысты меншых памераў будавалі інш. групы культуры лейкападобных кубкаў у Паўн. Еўропе.
т. 6, с. 133
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)