ПЕРАМАГНІ́ЧВАННЕ,

змена напрамку вектара намагнічанасці астаткавай фера-ці ферамагн. матэрыялу на процілеглы. Адбываецца ў выніку ўздзеяння на матэрыял пастаяннага знешняга магн. поля, напрамак якога не супадае з напрамкам астаткавай намагнічанасці, або магн. поля, што мяняецца цыклічна (цыклічнае П.). П. звязана з затратамі энергіі, якія наз стратамі П. Адрозніваюць страты: гістэрэзісныя, на віхравыя токі, на магн. вязкасць. З’ява П. выкарыстоўваецца ў запамінальных, пераключальных і інш. магн. прыладах. Гл. таксама Гістэрэзіс, Намагнічванне.

т. 12, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ТКА (лац. uterus, metria),

палавы орган самак жывёл і жанчын. Уяўляе сабой расшыраную ч. яйцавода (полы мешка- ці каналападобны мышачны орган). У час цяжарнасці служыць для развіцця аплодненай яйцаклеткі, выношвання плода і плодавыгнання (родаў). Ёсць у некат. чарвей, членістаногіх, малюскаў, з пазваночных — у храстковых рыб, земнаводных, большасці паўзуноў і ў млекакормячых. У яйцародных жывёл (птушкі, паўзуны) у М. часова размяшчаюцца спелыя яйцы. Бывае парная (напр., у клаачных і сумчатых), двайная (у некат. грызуноў, сланоў і інш.), двухраздзельная (у некат. грызуноў, драпежнікаў, жвачных, свіней), двухрогая (у млекакормячых, многіх драпежнікаў, насякомаедных, кітападобных, парна- і няпарнакапытных), простая (у большасці рукакрылых, прыматаў і чалавека). У чалавека М. — дзетародны орган, размешчаны ў поласці малога таза жанчыны паміж прамой кішкай і мачавым пузыром. Мае дно, цела, шыйку, якая ахоплена похвай. Сценкі М. ўтвараюцца трыма абалонкамі: слізістай, мышачнай і серознай. Слізістая абалонка М. цыклічна зменьваецца (менструальны цыкл). М. забяспечваецца крывёю матачнымі артэрыямі, інервуецца галінамі матачнага нерв. спляцення.

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗЕ́МНАЯ ЗДАБЫ́ЧА карысных выкапняў,

спосаб здабывання цвёрдых карысных выкапняў з нетраў зямлі з дапамогай падземных горных вырабатак (раскрыўных, падрыхтоўчых, ачышчальных). П.з. пластавых пакладаў ажыццяўляюць пераважна суцэльнымі, стаўбавымі, камернымі і камбінаванымі сістэмамі.

Выбар сістэмы П.з. вызначаецца відам пакладу (пластавы, адвольнай формы, жыльны, россыпны і інш.), характарам залягання (пакатае, нахіленае, стромкае). Вырабаткі ў тоўшчы моцных парод вядуць буравыбуховым спосабам, у больш мяккіх пародах — праходчымі комплексамі. Непасрэдна здабыча выкапняў ажыццяўляецца ў ачышчальных вырабатках, якія праводзяцца па пласце, целе пакладу, па жыле і бесперапынна або цыклічна прасоўваюцца па пакладзе. Для комплекснай механізацыі П.з. выкарыстоўваюць комплексы, якія ўключаюць вузказахопныя ачышчальныя горныя камбайны, механізаванае горнае мацаванне, забойны канвеер і інш. Для вымання пакладу пры камерных сістэмах выкарыстоўваюць праходча-здабыўныя комплексы ў складзе праходча-здабыўнога камбайна, самаходных цыклічных транспартавальных машын (вагонаў, бункераў, перагружальнікаў і інш.) або неперарыўных (стужачных ці паслядоўных кароткіх канвеераў).

На Беларусі П.з. выкарыстоўваецца пры распрацоўцы Старобінскага радовішча калійных солей, дзе пабудаваны 4 калійныя руднікі.

П.​Я.​Антонаў.

т. 11, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)