ДА́ФНА,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі німфа, дачка багіні зямлі Геі і рачнога бога Пенея. Яна дала зарок захаваць цнатлівасць і бясшлюбнасць. Калі за ёю пагнаўся закаханы Апалон, Д. паклікала на дапамогу бацьку і ён ператварыў дачку ў лаўровае дрэва. Лаўр стаў любімай і свяшчэннай раслінай Апалона. На міф пра Д. напісана паэма «Метамарфозы» Авідзія, творы жывапісцаў Джарджоне, Н.​Пусэна, Дж.​Цьепала, кампазітараў Г.​Шутца, А.​Скарлаці і інш.

Апалон і Дафна. Л.​Берніні. 1622—24.

т. 6, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫ́КАС Томаш (25.9.1850, с. Гумніска каля г. Дэмбіца, Польшча — 19.4.1910),

скульптар. Вучыўся ў Львове ў Э.​Яскульскага. Скончыў школу прыгожых мастацтваў у Кракаве (1878) і Акадэмію прыгожых мастацтваў у Вене (1883). Працаваў у мармуры, гіпсе, дрэве. Атрымаў 2 першыя ўзнагароды ў конкурсе на помнік А.​Міцкевічу ў Кракаве (1882 і 1885). Сярод работ: помнікі — А.​Тызенгаўзу з партрэтным медальёнам для Гродзенскага б. езуіцкага касцёла (1886—87), А.​Міцкевічу ў Пшэмыслі (Польшча, 1891), Цярнопалі (Украіна, 1895); надмагіллі А.​Гілера ў Івана-Франкоўску (Украіна), Т.​Левакоўскага і Крачыновічаў, рэльеф «Міласэрны самарыцянін» (1894), фігура Хрыста, які нясе крыж, для арм. царквы (усе ў Львове), скульптура «Цнатлівасць» (1883), партрэтныя медальёны В.​Губульскага, Гілера і інш.

А.​К.​Лявонава.

т. 6, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНІ́СТЫ (ад лац. communis агульны) 1) аб’яднанне з белых рымска-каталіцкіх ксяндзоў на аснове ўласнага статута. Заснавальнік — ням. ксёндз Барталамей Хольцгаўзер. У 1640 ён стварыў аб’яднанне, члены якога абавязваліся жыць сумесна, мець агульны прыбытак (адсюль назва), дапамагаць адзін аднаму, клапаціцца пра сваю цнатлівасць. У 1680 папа рымскі Інакенцій XI зацвердзіў іх статут. На чале ўсёй арганізацыі К. стаяў ген. начальнік, які зацвярджаўся папам рымскім пажыццёва; пры ім былі 2 асістэнты і 2 ген. візітатары. Кіраўніцтва К. ў дыяцэзах (епархіях) ажыццяўлялі дыяцэзныя начальнікі, якія падпарадкоўваліся біскупам. Мясц. абшчыну ўзначальваў суперыёр. З 2-й пал. 17 ст. аб’яднанні К. пашырыліся ў інш. еўрап. краінах. У 1683 біскуп пазнанскі Вяжбоўскі запрасіў абшчыну К. у Рэч Паспалітую, дзе яны заснавалі семінарыю ў г. Гура-Кальварыя, потым — у Варшаве. На Беларусі найб. вядомая іх абшчына — дом К. у Пінску (16951836). У прыгарадзе Пінска Караліне для К. быў пабудаваны касцёл св. Карла Барамея. Апошнія дамы К. у Рас. імперыі закрыты разам з каталіцкімі кляштарамі ў 1830—60-я г. 2) Члены камуністычных партый.

Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 7, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)