Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ТНЯ, таможня,
дзярж. орган, праз які ўводзяцца ў краіну і вывозяцца з яе тэрыторыі імпартныя і экспартныя тавары, а таксама багаж, паштовыя адпраўленні і інш. грузы. У Рэспубліцы Беларусь М. з Дзярж. мытным к-там і інш. мытнымі органамі ўваходзяць у адзіную сістэму дзярж кіравання. Стварэнне, рэарганізацыя і ліквідацыя М. ажыццяўляюцца Дзярж. мытным к-там. Парадак і ўмовы праходжання службы ў М. рэгламентуецца Палажэннем, якое зацвярджаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, правы і абавязкі службовых асоб М. вызначаны Мытным кодэксам Рэспублікі Беларусь. На тэр. Беларусі дзейнасць М. вядома з часоў ВКЛ, адкуль паходзіць назва «М.» (ад мыта, або цло — пошліны, якую збіралі з купцоў і інш. гандляроў за ўвоз і вываз тавараў ці правоз іх па тэр. краіны). Размяшчалася ў каморы.
Г.А.Маслыка.
т. 11, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ТА, мыт, цло,
грашовы збор, які бралі ў ВКЛ з мясц. купцоў за ўвоз з-за мяжы або вываз тавараў за мяжу і з іншаземцаў за продаж тавараў на мясц. рынках ці правоз іх па тэр. дзяржавы. М. аддавалі і некат. таварамі; кошт тавараў і суму М. з 15 ст. запісвалі ў мытныя кнігі. М. збіралі мытнікі ў спец. памяшканнях — каморах і прыкаморках, дзе тавары аглядалі і ацэньвалі. Да 15 ст. купцы плацілі М. і буйным феадалам, па землях якіх ішлі гандл. шляхі (гасцінцы). Пратэсты і скаргі гарадоў прымусілі вярх. ўладу ў 16 ст. пакінуць скарбу манапольнае права збіраць М. (часам яно перадавалася ў арэнду). У 1570 устаноўлены 2 стаўкі М.: мясц. купцы плацілі 1 грош з кожнай капы (г.зн. 60) грошаў у кошце тавару (1,7% агульнага кошту); замежныя — 2 грошы з капы (3,4% кошту). Да сярэдзіны 17 ст. сеймавыя пастановы павялічылі мытны збор у 3—4 разы. З сярэдзіны 16 ст. да 1764 ад платы М. за вываз прадуктаў са сваіх маёнткаў вызвалялася шляхта.
З.Ю.Капыскі.
т. 11, с. 51
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)