Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
І́СЛАЧ,
рака ў Мінскай і Гродзенскай абл., левы прыток р. Бярэзіна (бас.р. Нёман). Даўж. 102 км. Пл. вадазбору 1330 км². Пачынаецца каля в. Глушынцы Дзяржынскага р-на Мінскай вобл., цячэ ў межах Мінскага ўзв., у ніжнім цячэнні праз Налібоцкія лясы. Асн. прытокі: Выганішчанка, Цецяроўка, Волма (злева), Яршоўка, Пяршайка, Валожынка (справа). Даліна ў вярхоўі трапецападобная, глыбока ўрэзаная, у сярэднім цячэнні скрынкападобная, шыр. 300—500 м. Пойма ў вярхоўі роўная, шыр. да 50 м, у нізоўі да 2 км, месцамі забалочаная. Рэчышча звілістае, шыр. да 40 м, зарэгулявана 3 плацінамі. На ўсім працягу трапляюцца невял. астравы. Берагі стромкія, абрывістыя. Замярзае ў пач.снеж., крыгалом у пач. сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 10 м³/с. Месца адпачынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́ЎРЫД (Павел Якаўлевіч) (13.6.1899, в.Цецяроўка Слуцкага пав. Мінскай губ. — 14.5.1939),
дзеяч бел.нац. руху. Скончыў Слуцкую гімназію (1909), вучыўся ў Варшаўскім ун-це. З 1916 у арміі. Дэлегат Усебел. з’езда 1917. Летам 1919 арыштаваны Надзвычайнай камісіяй «па абвінавачанні ў дапамозе Дзянікіну». У ліст. вызвалены, абраны старшынёй Бел.нац.к-та ў Слуцку. З лета 1920 у Чырв. Арміі, пам. камандзіра Слуцкай кав. роты. У канцы 1920 Найвышэйшай радай БНР прызначаны камісарам Случчыны, уваходзіў у Бел. раду Случчыны. Адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстання 1920. З 1921 у Вільні ў Бел.нац. к-це, Бел. школьнай радзе. У 1923—30 працаваў у Белсельпрамсаюзе, Мар’інагорскім с.-г. тэхнікуме, Інбелкульце, газ. «Звязда». 18.7.1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі», 10.4.1931 асуджаны на 3 гады папраўча-працоўных лагераў (ППЛ). У 1933—37 жыў у ссылцы ў г. Сарапул Удмурцкай АССР. У 1937 асуджаны на 10 гадоў ППЛ, дзе і памёр. Рэабілітаваны ў 1988.