ВІ́КТАРАЎ Рычард Мікалаевіч

(7.11.1929, г. Туапсэ, Расія — 8.9.1983),

рускі кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1974). Скончыў Львоўскі ун-т (1952) і Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1959). Працаваў на кінастудыях «Беларусьфільм» (1959—64) і імя М.Горкага (з 1965). Яго фільмы адметныя жыццёвай верагоднасцю, вострапсіхал. распрацоўкай сюжэтаў: «Наперадзе круты паварот» (1960). «Трэцяя ракета» (1963) і «Абеліск» (1977; абодва паводле В.Быкава), «Каханая» (1965), «Масква—Касіяпея» і «Падлеткі ў сусвеце» (1974—75, Дзярж. прэмія Расіі 1977), «Праз церні да зорак» (1981, Дзярж. прэмія СССР 1982) і інш.

т. 4, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЫЧО́Ў Кір

(сапр. Мажэйка Ігар Усеваладавіч, н. 18.10.1934, Масква),

рускі пісьменнік-фантаст. Аўтар зб. апавяданняў «Цуды ў Гусляры» (1972), «Людзі як людзі» (1975), навук.-фантастычных аповесцяў «Востраў іржавага лейтэнанта» (1968), «Апошняя вайна» (1970), «Палова жыцця» і «Умельства кідаць мяч» (1973), «Вандраванне Алісы» і «Дзень нараджэння Алісы» (1974), «Патрэбна свабодная планета» (1977), «Выкраданне чараўніка» (1979), «Чужая памяць» (1981) і інш., навук.-папулярных кніг і апавяданняў, кінасцэнарыяў. Большасць з іх адрасаваны юным чытачам. За сцэнарыі фільма «Праз церні да зорак» і мультфільма «Тайна трэцяй планеты» Дзярж. прэмія СССР 1982.

С.Ф.Кузьміна.

т. 3, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЬДЭ Ірына

(сапр. Палатнюк Дар’я Дзмітрыеўна; 5.5.1907, г. Чарнаўцы, Украіна — 30.10.1982),

украінская пісьменніца. У 1928—33 вучылася ў Львоўскім ун-це. Друкавалася з 1930. Аўтар кніг аповесцей, апавяданняў і нарысаў «Гісторыя аднаго жыцця» (1946), «Яблыні зацвілі ў другі раз» (1949), «Ружы і церні» (1961), «Чалавечае цяпло» (1964), зб. «Мініяцюры» (1969) і інш. У рамане «Сёстры Рычынскія» (кн. 1—2, 1958—64; Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Р.Шаўчэнкі 1965) намалявала шырокую панараму міжваеннага дваццацігоддзя ва Усх. Галіцыі. На бел. мову творы Вільдэ перакладалі Я.Брыль, А.Васілевіч, Л.Салавей, Я.Скрыган, А.Шарахоўская.

Тв.:

Твори. Т. 1—5. Киів, 1967—68.

Літ.:

І.Вільде: Бібліогр. покажчик. Львів, 1972.

т. 4, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)