ЦЫТАДЭ́ЛЬ (ад італьян. citadella літар. — маленькі горад),

1) найб. умацаваная цэнтр. ч. горада або крэпасці, разлічаная на самаст. абарону ў выпадку разбурэння вонкавых фартыфікацыйных збудаванняў; апошні пункт абаронцаў пры штурме. Ц. ўзніклі ў гарадах Стараж. Егіпта, Месапатаміі і інш. Гіст. назвы — акропаль (Стараж. Грэцыя), капітолій (Стараж. Рым). На Беларусі Ц. былі дзядзінцы, пазней астрогі. З 13—14 ст. ролю Ц. выконвалі замкі і вежы-данжоны (гл. Камянецкая вежа, Тураўская вежа). Ц. складаліся з абарончых збудаванняў розных тыпаў і канструкцый (умацаваныя драўляныя тыны, равы, валы, муры, вежы і інш.), дзе размяшчаліся адм. і культавыя пабудовы, жылі князь з дружынай і інш. Часцей іх будавалі на натуральных або штучных узвышшах, на лініі крапасных сцен, унутры горада (крэпасці) ці за іх межамі. Ц. мелі абароннае значэнне да пач. 20 ст. (гл. Бабруйская крэпасць, Брэсцкая крэпасць).

2) Унутраны аб’ём карабля (да 3/4 яго даўжыні), абмежаваны бранявымі паясамі, пераборкамі (траверзамі) і палубай, для размяшчэння жыццёва важных часцей (машынных і кацельных аддзяленняў, боезапасаў і інш.).

3) У пераносным значэнні Ц. — гал. апорны пункт (цэнтр) якой-н. арг-цыі, цвярдыня, крэпасць, апора.

т. 17, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)