БАРСА́К ((Barsacq) Андрэ) (24.1.1909, г. Феадосія, Украіна — 3.2.1973),

французскі рэжысёр, тэатр. мастак, драматург. Вучыўся ў Школе дэкарацыйных мастацтваў у Парыжы (1924—26). У 1928—30 мастак у т-ры «Атэлье» (Парыж), з 1940 узначальваў яго. Аўтар дэкарацыйнага афармлення і рэжысёр спектакляў: «Хітрыкі Скапэна» Мальера, «Эўрыдыка» Ж.​Ануя, «Браты Карамазавы» паводле Ф.​Дастаеўскага і інш. Працаваў як мастак і ў кіно. Аўтар камедыі «Агрыпа, ці Шалёны дзень», некалькіх інсцэніровак літ. твораў, артыкулаў пра тэатр.

т. 2, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ІНКАЎ (Васіль Віктаравіч) (25.4.1902, Тбілісі — 4.3.1986),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1968). Творчую дзейнасць пачаў у Сухумі. З 1932 у Рус. драм. т-ры БССР. Майстар псіхалагічна дакладнага раскрыцця характараў персанажаў, ствараў каларытныя эпізадычныя вобразы: Міхей, Гарнец («Галоўная стаўка», «Дзеля жыцця» К.​Губарэвіча), Фірс («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Трубач, Галавасцікаў, Бяссеменаў («Ягор Булычоў і іншыя», «Варвары», «Мяшчане» М.​Горкага), Князь Турэнін («Цар Фёдар Іаанавіч» А.​К.​Талстога), Аргон («Хітрыкі Скапэна» Мальера), Бернарда («Хітрамудрая закаханая» Лопэ дэ Вэгі) і інш.

т. 4, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРВАШЭ́ВІЧ (Мікалай Фёдаравіч) (н. 10.10.1934, в. Раздзялавічы Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. рэжысёр. Засл. работнік культуры Беларусі (1975). Скончыў Ленінградскі ін-т т-ра, музыкі і кінематаграфіі (1961). З 1964 дырэктар Дома культуры ў Слоніме, адначасова рэжысёр, з 1967 і дырэктар нар. т-ра. З 1990 гал. рэжысёр і дырэктар Слонімскага беларускага драматычнага тэатра. Сярод пастановак: «Прымакі» Я.​Купалы (1993), «Лекі ад кахання» (1992) і «Каханне з падманам» (1995) паводле п’ес У.​Галубка «Пісаравы імяніны» і «Ветрагоны», «Хітрыкі бабы Ягі» А.​Якімовіча і «Чырвоная Шапачка» Я.​Шварца (1994).

т. 4, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАМА́Т-ЗАДЭ́ (Гафар Рустамавіч) (н. 9.5.1916, г. Худжанд, Таджыкістан),

таджыкскі артыст балета, балетмайстар, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1976). Вучыўся ў Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва ў Маскве (1947—51). З 1934 артыст, у 1951—63 і гал. балетмайстар Таджыкскага т-ра оперы і балета імя Айні. Сярод пастановак: балеты «Лейлі і Меджнун» С.​Баласаняна (1947), «Эсмеральда» Ц.​Пуні (1953), «Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева (1954), «Дзільбар» А.​Ленскага (1954, 1957), «Карсар» А.​Адана (1960), оперы «Паўстанне Васэ» Баласаняна (1958), «Хітрыкі Майсары» С.​Юдакова (1962). Арганізатар (1965) і маст. кіраўнік тадж. ансамбля «Лола». Дзярж. прэмія СССР 1949.

т. 3, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАВАРНІ́ (Gavarni) Поль [сапр. Шэвалье

(Chevalier) Іпаліт Гіём Сюльпіс; 13.1.1804, Парыж — 23.11.1866], французскі графік. Працаваў карыкатурыстам і ілюстратарам парыжскіх часопісаў. Жывыя, выразныя, часта поўныя гумару літаграфіі, малюнкі, акварэлі на тэмы з жыцця мяшчан, гар. беднаты, студэнтаў, маст. багемы: серыі «Жаночыя хітрыкі», «Студэнты і ларэткі», «Актрысы», «Акцёры», «Кулісы», «Фізіяноміі спевакоў» (усе 1837—47),

«Маскі і твары» (1852—53). У 1847—51 працаваў у Вялікабрытаніі, рабіў для лонданскіх выданняў малюнкі з гар. жыцця. Ілюстраваў творы А.​Бальзака, В.​Гюго, Э.​Сю; намаляваў партрэты А.​Мюсэ і А.​Мюржэ; пісаў навелы і эсэ.

П.Гаварні. Літаграфія з серыі «Фізіяноміі спевакоў» 1844.

т. 4, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ІН (Марк Міхайлавіч) (10.5.1903, в. Рыебіні Прэйльскага р-на, Латвія — 13.2.1969),

бел. акцёр, рэжысёр. Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). Працаваў у Дзярж. яўр. т-ры Беларусі (1926—49), з 1940 у Бел. дзярж. эстрадзе, з 1956 рэжысёр Бел. рэсп. студыі тэлебачання. Артыст героіка-рамант. плана. Сярод роляў: Франдоса («Авечая крыніца» Лопэ дэ Вэгі), Скапэн («Хітрыкі Скапэна» Мальера), Фабрыцыо («Карчмарка» К.​Гальдоні), Ботвін («Ботвін» А.​Вявюркі), Гірш («Паўстанне ў гета» П.​Маркіша). Тэлепастаноўкі: «Суд» У.​Галубка, «Наталля» паводле Я.​Скрыгана і «У пошуках радасці» В.​Розава (1958).

т. 10, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАФУ́Р ГУЛЯ́М (сапр. Гулямаў Гафур Гулямавіч; 10.5.1903, Ташкент — 10.7.1966),

узбекскі пісьменнік. Нар. паэт Узбекістана (1963). Акад. АН Узбекістана (1943). Друкаваўся з 1923. У творах крытыкаваў перажыткі мінулага ў свядомасці і побыце людзей, сцвярджаў новую сав. рэчаіснасць (зб-кі вершаў «Дынама», 1931; «Іду з Усходу», 1943, Дзярж. прэмія СССР 1946; «Агні Узбекістана», 1947; «Шчасце роднай зямлі», 1951; «Вынік», апубл. 1967, Ленінская прэмія 1970; кн. прозы «Гумарыстычныя апавяданні», 1931; «Хітрыкі шарыяту», 1953 і інш.). На бел. мову творы Гафура Гуляма перакладалі Э.​Агняцвет, А.​Астрэйка, С.​Гаўрусёў і інш.

Тв.:

Бел. пер.: — у кн.: Спявае Узбекістан. Мн., 1962;

Сонца ў арыках. Мн., 1966;

Вясёлка над арыкам. Мн., 1986.

т. 5, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЧЭ́ЛІ (Георгій) (Гія) Аляксандравіч (н. 10.8.1935, Тбілісі),

грузінскі кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Грузіі (1972). Нар. арт. СССР (1988). Скончыў Тбіліскую кансерваторыю (1963), з 1970 выкладае ў ёй. Працуе пераважна ў сімф. і опернай музыцы. Сярод твораў: опера «Музыка для жывых» (паст. 1984); муз. камедыя «Хітрыкі Ханумы» (паст. 1973); кантата «Светлы смутак» (1985); 7 сімфоній (1967—86); літургія «Аплаканыя ветрам» для вял. сімф. аркестра і альта сола (1988); музыка для эстр. аркестра, да драм. спектакляў і кінафільмаў, у т. л. «Не бядуй», «Міміно». Дзярж. прэмія СССР 1976. Дзярж. прэмія Грузіі 1981.

Літ.:

Зейфас Н. Симфонии Гии Канчели // Композиторы союзных республик. М., 1980. Вып. 3.

т. 8, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯ́НКІ (Віталь Валянцінавіч) (11.2.1894, С.-Пецярбург — 10.6.1959),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Петраградскім ун-це. Аўтар навук.-мастацкіх кніг для дзяцей пра прыроду, яе таямніцы, жыццё звяроў і птушак: «Лясная газета на кожны год» (1928, 11-е выд. 1969), «Краіна звяроў» (1935), «Нашы птушкі» (1938, выд. 1967) і інш., зб-каў апавяданняў «Заечыя хітрыкі» (1941), «Кулець» і іншыя апавяданні» (1953), «Выпадковыя сустрэчы» (1947), «Птушкі свету» (1960), а таксама аповесцяў і казак. Творы Біянкі на бел. мову перакладалі З.​Верас, К.​Кірэенка, С.​Міхальчук, М.​Цэлеш, А.​Чаркасаў, А.​Якімовіч і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. Л., 1972—75.

Літ.:

Гроденский Г. Виталий Бианки. 2 изд. М., 1966.

т. 3, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСЫ́РАВА (Халіма) (н. 29.12.1913, кішлак Таглык Ферганскай вобл., Узбекістан),

узбекская спявачка (сапрана). Нар. арт. СССР (1937). Вучылася ў Бакінскім тэатр. тэхнікуме (1924—27), ва ўзб. опернай студыі пры Маскоўскай кансерваторыі. З 1927 актрыса Узорнай краявой драм. трупы (Ташкент), у 1930—85 салістка Узб. т-ра оперы і балета імя Наваі. Выконвала лірычныя, драм. і камедыйныя партыі: Наргюль («Буран» М.​Ашрафі і С.​Васіленкі), Лейлі, Гюльсара («Лейлі і Меджнун», «Гюльсара» Р.​Гліэра і Т.​Садыкава), Сін Дун-фан («Улугбек» А.​Казлоўскага), Зухра («Тахір і Зухра» Т.​Джалілава і Б.​Броўцына), Майсара («Хітрыкі Майсары» С.​Юдакова), Наргіз («Наргіз» А.М.​М.​Магамаева), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ). Аўтар кн. «Сонца над Усходам» (1962), «Я дачка ўзбекскага народа» (1968). Дзярж. прэміі СССР 1942, 1951. Дзярж. прэмія Узбекістана 1968.

Літ.:

Саидов А. Халима Насырова. Ташкент, 1974.

т. 11, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)