Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
«Хіджаз і Неджд з далучанымі абласцямі» (гістар.) 9/371
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ІБН САУ́Д (Абд аль-Азіз) (24.10.1880, г. Эр-Рыяд — 9.9.1953),
кароль Саудаўскай Аравіі [1932—53] і рэліг. кіраўнік вахабітаў. У 1902—27 эмір Неджда. Імкнучыся да стварэння цэнтралізаванай феад.-абсалютысцкай дзяржавы, вёў войны супраць суседніх княстваў Аравійскага п-ва. У выніку вайны 1924—25 заваяваны Хіджаз з гарадамі Мекка і Медына. У 1927 І.С. абвешчаны каралём Хіджаза. Неджда і далучаных абласцей (з 1932 Саудаўская Аравія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙЮБІ́ДЫ, Эйюбіды,
дынастыя султанаў, якая правіла на Б. Усходзе пасля падзення Фатымідаў халіфата. Засн. ў 1171 у Егіпце военачальнікам Салах-ад-дзінам (Саладзінам). Назву атрымала ад імя яго бацькі палкаводца Айюба. Айюбіды паспяхова змагаліся з крыжакамі. Пасля смерці Салах-ад-дзіна (1193) яго нашчадкі павялі барацьбу за султанат, у які ўваходзілі Егіпет, Сірыя, Хіджаз з Меккай і Медынай, ч. Месапатаміі. Міжусобіцы ўзмацнілі ролю гвардыі мамлюкаў, у выніку змовы якіх у 1250 быў скінуты апошні з Айюбінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЎРЭНС ((Lawrence) Томас Эдуард) (Лоўрэнс Аравійскі; 15.8.1888, Трэмадок, Вялікабрытанія —19.5.1935),
брытанскі разведчык. Паводле адукацыі археолаг. Скончыў Оксфардскі ун-т (1910). У 1914—19 і 1922—35 у брыт. арміі. У 1916—19 супрацоўнік брыт. Бюро па араб. справах у Каіры. Вёў развед. дзейнасць у Сірыі, Палесціне, Аравіі і Егіпце. У 1916 пераканаў эміра Хусейна — правіцеля тур. ўладання Хіджаз на З Аравійскага п-ва — узняць мясц.араб. насельніцтва на антытур. паўстанне, якое ўзначаліў разам з сынам Хусейна Фейсалам. Паўстанне пашырылася на інш. тэрыторыі і ў далейшым садзейнічала ўключэнню ў склад брыт.калан. імперыі Ірака, Іарданіі, Палесціны. У 1921—22 саветнік па араб. справах у брыт. мін-ве калоній. У 1925—29 у гарадах Карачы і Пешавар (цяпер у Пакістане) арганізоўваў падрыўную дзейнасць супраць Афганістана і СССР. У англ. л-ры часта падаецца як прыхільнік незалежнасці араб. краін, аднак фактычна распрацоўваў ідэю стварэння брыт. дамініёна на Б. Усходзе. Аўтар кніг успамінаў.
Літ.:
«Друг» арабов // Военные разведчики XX в. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАВІ́ЙСКІ ПАЎВО́СТРАЎ, Аравія (ад стараж.-яўр. араба пустыня),
на ПдЗ Азіі, самы вялікі на зямным шары. Пл. каля 2730 тыс.км². Працягласць з ПнЗ на ПдУ 2700 км. Абмываецца на З Чырвоным м., на Пд Адэнскім залівам і Аравійскім м., на У Аманскім і Персідскім залівамі. Мяжу на Пн звычайна праводзяць па 30° паўн. шыраты. Паверхня Аравійскага паўвострава — плато з узвышанымі зах. і паўд. ўскраінамі (пераважныя выш. 1000—2000 м), размешчанае на Аравійскім шчыце. Найб. высокія горныя вобласці на ПдЗ — горы Хіджаз і Йеменскія (выш. 3600 м, г. Эн-Набі-Шаіб) і на ПдУ Асманскія горы (выш. 3353 м, г. Шаме). Уздоўж зах. берага нізіна Тыхама, уздоўж усх. — Эль-Хаса. На Пн пясчаныя пустыні Вял. Нефуд, М. Нефуд, на Пд пустыня Руб-Эль-Халі. Фундамент Аравійскага паўвострава складзены са стараж.крышт. парод (архейскія сланцы і граніты) і ўкрыты на Пн і У мезазойскімі, палеагенавымі і неагенавымі вапнякамі і пясчанікамі. Карысныя выкапні: буйныя радовішчы нафты (гл.Персідскага заліва нафтагазаносны басейн), золата, жал. і поліметалічныя руды, кухонная соль, буд. матэрыялы. Клімат на Пн субтрапічны, на Пд трапічны, сухі. Сярэднія т-ры студз. ад 7 °C на Пн да 24 °C на Пд, ліп. адпаведна 25 і 30 °C (самы цёплы — чэрв., максімум да 55 °C). Ападкаў на раўнінах каля 100 мм, у гарах Йемена 500 мм за год (індыйскі мусон). Малы сцёк, рэдкая сетка рэк і азёраў, сухія рэчышчы — вадзі. Вял. роля належыць падземным водам і карставым крыніцам. Пастаянныя вадасцёкі на Пд і ПдЗ — рэкі Масіла, Тыбан і інш. Большая ч. тэрыторыі — зона пустыняў і паўпустыняў. На прымітыўных шэразёмах жорсткая падушкападобная паўхмызняковая расліннасць (вярблюджая калючка, палын, салянкі, ахіла), шматгадовыя травы (арыстыда, астрагал), пашыраны перакаці-поле, іерыхонская ружа, лішайнік манна; па схілах гор лістападобныя лясы з дробным лісцем (акацыі, мімозы, друр-джуп, трапляюцца кактусападобныя малачаі); на ПдУ — саванны. У рэдкіх аазісах — фінікавая пальма, садавіна, бавоўнік. Жывёльны свет: антылопы, газелі, дзікі кот, шакалы, гіены, ліс фянёк, бабуіны, гамадрылы, сабакападобныя малпы; з птушак — арлы, ястрабы, сокалы, на ўзбярэжжах — фламінга, пеліканы, чаплі; паўзуны — рагатая гадзюка, гюрза, кобра, хамелеоны. На тэр. Аравійскага паўвострава дзяржавы Саудаўская Аравія, Йемен, Аман, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Кувейт, частка Ірака і Іарданіі.
М.В.Лаўрыновіч.
Аравійскі паўвостраў. Падушкавыя формы раслін у камяністай пустыні.