МІЦУБІ́СІ,

фінансава-прамысловая манапалістычная група Японіі. Засн. ў 1870. Ажыццяўляе банкаўскую і гандл. дзейнасць, вырабляе трансп. сродкі (караблі, самалёты, аўтамабілі), электратэхн., электроннае і тэлекамунікацыйнае абсталяванне. У яе складзе: «Міцубісі электрык карпарэйшэн», «Міцубісі мотарс карпарэйшэн», «Міцубісі хэві індастрыс», «Міцубісі банк».

т. 10, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НІ́САН МО́ТАР»

(«Nissan Motor Co. Ltd.»),

адна з вядучых аўтамаб. кампаній Японіі; займае 4-е месца ў свеце і 2-е у Японіі сярод аўтамаб. кампаній. Засн. ў 1933 у Токіо, у 1966 аб’ядналася з «Прынс мотар карпарэйшэн», у 1968 далучыла кампанію «Фудзі хэві індастрыс». У 1992 тавараабарот склаў 53,8 млрд. дол., у вытв-сці занята 143,3 тыс. чалавек.

т. 11, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫТМ-ЭНД-БЛЮЗ (англ. rhytm and blues),

стыль папулярнай негрыцянскай музыкі, які спалучыў традыцыі блюза, у т. л. бугі-вугі, джаза і інстр.-танцавальнай музыкі. Аформіўся ў 1940-я г. ў прамысл. цэнтрах на Пн ЗША. Для Р.-э.-б. характэрна выкарыстанне інструментаў з электраўзмацненнем. У адрозненне ад класічнага блюза характарызуецца больш акцэнтаваным рытмам і паскораным тэмпам выканання. З канца 1950-х г. распаўсюдзіўся ў Вялікабрытаніі. З 1960-х г. існуе ў межах поп-музыкі як аснова для інш. яе кірункаў (рок-н-рол, соул, хэві метал і інш.). На Беларусі Р.-э.-б. выконвае група «Крама».

Дз.​А.​Падбярэзскі.

т. 13, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)