КА́ДАША ((Kadosa) Пал) (6.9.1903, г. Левіцэ, Славакія — 1983),
венгерскі кампазітар, піяніст, педагог. Нар.арт. Венгрыі (1963). Ганаровы чл. Каралеўскай акадэміі музыкі ў Лондане (1967), чл.кар. Акадэміі мастацтваў ГДР (1970). Скончыў Вышэйшую муз. школу ў Будапешце па класах кампазіцыі (клас З.Кодая) і фп. (1927), выкладаў у ёй (праф. з 1945). З 1923 выступаў як піяніст. Арганізатар 1-га Міжнар. конкурсу імя Б.Бартака і Фестывалю музыкі ў Будапешце. У творчасці развіваў традыцыі Бартака. Сярод тв.: опера-араторыя «Дзяржаве ўласціва памыляцца» (паст. 1947), «Прыгода ў Хусце» (1951), 5 кантат; 8 сімфоній (1942—68); 7 канцэртаў для інструментаў з аркестрам, камерна-інстр. ансамблі, вак. цыклы, фп. п’есы і інш. Прэміі імя Л.Кошута 1950, 1975 і Ф.Эркеля 1955, 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́КАНАПІС, пісанне абразоў (ікон),
від жывапісу (пераважна сярэдневяковага), рэліг. па тэматыцы і сюжэтах, культавага па прызначэнні. Найб. характэрны для ўсх. хрысціянства. Узнік і развіваўся як важны элемент візант. культуры і рэгіёнаў, мастацтва якіх зведала яе ўплыў. Тэхніка І. блізкая да станковага жывапісу, аднак яго творы — абразы, што звычайна ўваходзяць у адзіны ідэйна-маст. комплекс з архітэктурай, дэкар.-прыкладным мастацтвам і ў ансамбль іканастаса, не разглядаюцца як цалкам станковыя творы.
Найбольш стараж. творы І. (6 ст.) паходзяць з Пярэдняй Азіі і захаваліся ў сінайскіх манастырах. Узнік на аснове познаэліністычнай традыцыі пахавальных партрэтаў (гл.Фаюмскі партрэт). Паводле царк. паданняў, сімвалічнае аблічча Хрыста цудоўным чынам захавалася на ўбрусе (хусце), а прататыпы абразоў Маці Божай намаляваны евангелістам Лукой. Іканаграфія святых і евангельскіх падзей склалася пераважна ў Візантыі і пазней паўтаралася праз іканапісныя дапаможнікі У маст. практыцы выпрацавалася сістэма ўмоўных прыёмаў адлюстравання рэчаіснасці: адсутнасць перадачы аб’ёмаў і трохвымернай прасторы, адасоблены, часта «залаты» фон, падпарадкаванне адлюстравання мэтам сімвалічнага ці апавядальнага сэнсу кампазіцыі. Гал. ролю ў фарміраванні вобразнага ладу твораў І. меў кампазіцыйна-рытмічны пачатак, выразнасць лініі і колеру, часцей лакальнага. Ідэйнага і маст. росквіту І. Візантыі дасягнуў у 11—12 ст., творы таго часу сталі кананічнымі. У 14—15 ст. склаўся рус. І. (Феафан Грэк, А.Рублёў, Дыянісій), які ў 17 ст. перажыў карэнныя змены пад уплывам еўрап. мастацтва праз пасрэдніцтва бел., укр., польскіх мастакоў (майстры Аружэйнай палаты). Самабытныя школы І. існавалі ў копцкім Егіпце, Эфіопіі, Грузіі, у балканскім і карпацкім рэгіёнах. Цэласнасць эстэт. прынцыпаў І. была падарвана крызісам сярэдневяковага светаўяўлення і развіццём культуры Адраджэння. Напачатку І. перайшоў да кампрамісных форм, што было выклікана рэаліст. пошукамі ў асобных краінах, пазней заняпаў і наблізіўся да рамяства.
На Беларусі І. узнік з прыняццем хрысціянства. Да 16 ст. развіваўся на аснове візант. традыцый, паступова засвойваў рэаліст. рысы зах.-еўрап. сакральнага мастацтва. У 16—1-й пал. 17 ст. склалася самабытная беларуская іканапісная школа, якой характэрна візант. духоўная і іканаграфічная аснова ў спалучэнні з рэальнасцю вобразаў, уключэннем ў біблейскія сюжэты этнагр. элементаў, простанароднасць тыпажу, пэўная маст. свабода выканаўцаў. Праіснавала яна да сярэдзіны 19 ст., калі страціла сваю самабытнасць і прыйшла ў заняпад. Іл.гл. таксама да арт.Абраз, Беларуская іканапісная школа.
Літ.:
Жывапіс Беларусі XII—XVIII ст.: [Альбом]. Мн., 1980;
Алпатов М.В. Древнерусская иконопись. М., 1984;
Іканапіс Беларусі XV—XVIII стст. 3 выд.Мн., 1995.
А.А.Ярашэвіч.
Да арт.Іканапіс. Спас Нерукатворны. З Успенскага сабора ў Маскве. 12 ст.Да арт.Іканапіс. Багародзіца Адзігітрыя. Абраз іканастаса Ражэнскага манастыра. 17 ст. Балгарыя.Да арт.Іканапіс. Святая Агнеса з Марыяй і маленькім Ісусам. Апошняя чвэрць 15 ст. Кёльнскі жывапісец (Германія).Да арт.Іканапіс. Параскева. Сярэдзіна — 2-я пал. 16 ст. беларуская іканапісная школа.Да арт.Іканапіс. Выбраныя святыя: Васіль Вялікі, Грыгорый Багаслоў, Іаан Златавуст. 2-я пал. 18 ст. Беларуская іканапісная школа. Шарашоўскі майстар.Да арт.Іканапіс. Мадонна з маленькім Ісусам. Канстанцінопаль. 1200.Да арт.Іканапіс. Тадэа ды Бартала. Мадонна з дзіцем. 15 ст. Італія.