хрому аксіды

т. 17, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІХРО́М [ад ні(кель) + хром],

сплаў нікелю (65—80%) і хрому (15—30%), часта з дамешкамі крэмнію, алюмінію і інш. Характарызуецца высокімі гарачатрываласцю і ўдзельным супраціўленнем. Выкарыстоўваецца для вырабу награвальных элементаў эл. печаў і бытавых прылад, рэзістараў і рэастатаў. Сплаў з меншай колькасцю хрому (да 10%) наз. храмель і выкарыстоўваецца для вырабу тэрмапар, а таксама кампенсацыйных правадоў. Сплавы тыпу Н., дзе частка нікелю заменена жалезам, наз. фераніхромамі.

т. 11, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕРЖАВЕ́ЙНАЯ СТАЛЬ,

высакаякасная сталь, устойлівая супраць іржаўлення (карозіі) у атм. умовах, марской і рачной вадзе і некаторых агрэсіўных асяроддзях. Найб. пашырана хроманікелевая (мае 18% хрому і 9% нікелю) і хромістая (13—27% хрому) сталь, звычайна з дабаўкамі інш. элементаў. Хромістая сталь выкарыстоўваецца пераважна як канструкцыйны матэрыял для турбінных лапатак, арматуры крэкінг-установак, рэжучага інструменту, іншыя Н.с. — для вырабу зварачнай апаратуры, што працуе ў агрэсіўных асяроддзях, гарачаўстойлівых і гарачатрывалых канструкцый (для работы пры т-ры 550—800 °C).

т. 11, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНКАНЕ́ЛЬ,

сплаў нікелю (аснова), хрому (да 15%) і жалеза (да 9%) з дабаўкамі алюмінію, тытану, малібдэну. Гарачаўстойлівы і гарачатрывалы матэрыял (т-ра эксплуатацыі да 900 °C). Выкарыстоўваюць у авіяцыі і ракетнай тэхніцы.

т. 7, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІЯ́ЛЬ,

авіяцыйны алюміній, сплаў на аснове алюмінію. Мае ў сабе (у %) 0,45—0,9 магнію, 0,5—1,2 крэмнію, 0,2—0,6 медзі, 0,15—0,35 марганцу ці хрому. Высокапластычны, каразійнаўстойлівы, здавальняючай мех. трываласці (павышаецца гартаваннем і штучным старэннем), добра паліруецца. Ідзе на выраб складаных па форме прасаваных і штампаваных дэталяў (лопасцяў вінтоў верталётаў, элементаў буд. канструкцый і інш.).

т. 1, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗУМРУ́Д, смарагд,

мінерал, рэдкая празрыстая разнавіднасць берылу, афарбаваная прымессю хрому (Cr​3+ да 2%) у яркі густа-зялёны колер. Бездэфектныя крышталі масай больш за 5 каратаў цэняць вышэй, чым алмазы такіх жа памераў. Выкарыстоўваецца ў ювелірнай справе як каштоўны камень 1-га класа. Гал. радовішчы І. ў Расіі, ПАР, Бразіліі, Індыі, Замбіі, Зімбабве і інш. Сінтэтычныя І. выкарыстоўваюць у квантавай электроніцы.

т. 7, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВА́Р,

магнітны сплаў жалеза з 36% нікелю. Мае малы тэмпературны каэф. лінейнага расшырэння (1,5∙10​−6 К−1) пры т-ры ад -80 да 100 °C. Атрыманы ў 1896 у Францыі. Выкарыстоўваюць для вырабу дэталей вымяральных прылад вельмі высокай дакладнасці. Разнавіднасці І. — суперінвар (64% жалеза, 32% нікелю і 4% кобальту) з асабліва нізкім тэмпературным каэф. лінейнага расшырэння і нержавейны І. (54% кобальту, 37% жалеза і 9% хрому).

т. 7, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТРА́ЎНЫЯ ФАРБАВА́ЛЬНІКІ,

водарастваральныя арган. фарбавальнікі, якія сарбіруюцца тэкстыльнымі матэрыяламі і замацоўваюцца на іх пры дапамозе пратраў — злучэнняў металаў (пераважна хрому і жалеза) са ступенню акіслення +3. Паводле хім. класіфікацыі — пераважна азафарбавальнікі і антрахінонавыя фарбавальнікі. Пры фарбаванні на валакне ўтвараюцца ўстойлівыя нерастваральныя інтэнсіўна афарбаваныя металзмяшчальныя комплексы, што дазваляе атрымліваць афарбоўкі, выключна ўстойлівыя да розных фіз.-хім. уздзеянняў. Выкарыстоўваюць пераважна для афарбоўвання шэрсці, радзей — натуральнага шоўку.

т. 13, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІГМЕ́НТЫ ў хіміі,

тонкадысперсныя афарбаваныя парашкі, нерастваральныя ў вадзе і плёнкаўтваральных рэчывах. Паводле паходжання П. падзяляюць на прыродныя і сінт., паводле складу — на мінер. (неарган.) і арган., паводле колеру — на ахраматычныя (белыя, шэрыя, чорныя) і храматычныя (інш. колераў), паводле прызначэння — на дэкар., ахоўныя, мэтавага прызначэння (сігнальныя, тэрмаіндыкатарныя, бактэрыцыдныя і інш.).

П. неарганічныя — пераважна аксіды, сульфіды і солі пераходных металаў (жалеза, кобальту, хрому і інш.), парашкі каляровых металаў (алюмінію, медзі, цынку, нікелю) і сплаваў (бронзы, латуні), сажа. Прыродныя (напр., жалезны сурык, вохра, умбра) атрымліваюць з мінералаў, сінт.хім. асаджэннем з водных раствораў і суспензій (напр., кроны), награваннем (напр., аксід хрому Cr2O3 — з хромпіку), рэакцыямі ў паравой ці газавай фазе з наступнай кандэнсацыяй прадуктаў (напр., бялілы). П. арганічныянайб. пашыраны азапігменты (гл. Азафарбавальнікі), азалакі (нерастваральныя солі азазлучэнняў), трыфенілметанавыя, поліцыклічныя (спец. формы кубавых фарбавальнікаў) і фталацыянінавыя П. (комплексныя злучэнні фталацыяніну). Выкарыстоўваюць для вырабу лакафарбавых матэрыялаў і паліграф. фарбаў, фарбавання неарган. буд. матэрыялаў, пластмас, хім. валокнаў, гумы, паперы, штучнай скуры і інш.

Літ.:

Ермилов П.И., Индейкин Е.А., Толмачев И.А. Пигменты и пигментированные лакокрасочные материалы. Л., 1987.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 12, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІЯЛІ́ТЫ [ад грэч. ophis змяя + ...літ(ы)],

асноўныя і ультраасноўныя інтрузіўныя (дуніты, перыдатыты, піраксеніты, габра), эфузіўныя (пераважна базальты і іх туфы) і асадкавыя (глыбакаводныя асадкі акіянскага тыпу) горныя пароды, якія трапляюцца разам. Афіяліты разглядаюць як рэлікты акіянскай кары геал. мінулага, перамешчаныя на ўскраіны мацерыкоў. Важна даследаваць афіяліты, каб выяўляць радовішчы рудаў, генетычна звязаныя з пародамі афіялітавага комплексу (хрому, нікелю, плаціны, золата, ртуці і інш.), а таксама вывучаць развіццё зямной кары.

т. 2, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)