ХІ́ЛЬДЭБРАНД, Гільдэбранд (Hildebrand) Адольф фон (6.10.1847, г. Марбург, Германія — 18.1.1921), нямецкі скульптар і тэарэтык мастацтва. Вучыўся ў Маст. школе ў Нюрнбергу (1864—66) і ў Мюнхене (1866—67). З 1867 перыядычна жыў у Італіі і Германіі. У мастацтве падзяляў погляды неаідэалізму, што абумовіла рысы яго твораў: унутр. замкнёнасць і своеасаблівая холаднасць вобразаў, статычнасць формы і пластычная яснасць, лаканізм і архітэктанічная дакладнасць кампазіцыі: «Адам» (1878), фантан «Вітэльсбах» (1894), партрэты А.​Бёкліна (1897) і В. фон Бодэ (1900). Вывучаў асн. заканамернасці ўзаемадзеяння формы і прасторавых уяўленняў у мастацтве. Яго тэарэт. канцэпцыі развіты ў ням. мастацтвазнаўстве канца 19 — пач. 20 ст.

А. фон Хільдэбранд. Фантан «Вітэльсбах». 1894.

т. 17, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)