Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ГДЭБУРГ (Magdeburg),
горад на У Германіі. Адм. ц. зямлі Саксонія-Ангальт. 270,6 тыс.ж. (1994). Важны вузел чыгунак і аўтадарог, рачны порт на р. Эльба, паблізу перасячэння з ёй Сярэднегерм. канала і канала Эльба—Хафель. Прам-сць: машынабудаванне, у т. л. цяжкае, прыладабуд., эл.-тэхн., вытв-сцьхім. абсталявання, металаапр., хім. (мінер. ўгнаенні, ядахімікаты), фармацэўтычная, лакафарбавая, гарбарна-абутковая, швейная, харчасмакавая. Мед. акадэмія. Культурна-гіст. музей. Б.ч. помнікаў архітэктуры разбурана ў 1945, адноўлены: раманская царква (11—13 ст.), гатычны сабор (13—16 ст.), барочная ратуша (17 ст.) і інш.
Упершыню згадваецца ў 805. З 968 цэнтр Магдэбургскага архіепіскапства (засн.Атонам I), важны пункт хрысціянізацыі і германізацыі палабскіх славян. У 1188 першы з еўрап. гарадоў атрымаў права на самакіраванне — Магдэбургскае права. Адыгрываў значную ролю ў Ганзе. У 1524 у М. праведзена Рэфармацыя. У Трыццацігадовую вайну 1618—48 амаль поўнасцю разбураны (май 1631, аднаўляўся з 1646). З 1680 у Брандэнбургска-Прускай дзяржаве, яе найбуйнейшая крэпасць. У 1806—14 акупіраваны франц. войскамі. З 1815 адм. і буйны прамысл. цэнтр прускай прав. Саксонія. У канцы 2-й сусв. вайны (1945) стары горад разбураны на 90% (аднаўляўся з 1952). З 1945 у сав. зоне акупацыі Германіі, у 1949—90 у складзе Герм.Дэмакр. Рэспублікі (у 1952—90 адм. цэнтр аднайм. акругі). З 28.10.1990 адм. цэнтр зямлі ФРГ Саксонія-Ангальт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТСДА́М (Potsdam),
горад на У Германіі, каля паўд.-зах. ускраіны Берліна. Адм. ц. зямлі Брандэнбург. Каля 150 тыс.ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог, рачны порт на р.Хафель. Прам-сць: маш.-буд. (буд-ва і рамонт цеплавозаў, рачных суднаў, дакладная механіка і оптыка, эл.-тэхн.), прыладабуд., тэкст., хім.-фармацэўтычная, паліграф., харчасмакавая. Кінастудыя. Астрафіз. абсерваторыя.
Засн. на мяжы 9—10 ст. як слав. паселішча, у пісьмовых крыніцах згадваецца з 993. Пасля 1150 пры Альбрэхце Мядзведзюзасн. зноў як ням. паселішча. З 1317 горад (гар. права з 1345). З 1416 уладанне Гогенцолернаў, з 1660 другая (пасля Берліна) рэзідэнцыя курфюрстаў Брандэнбурга, з 1701 — каралёў Прусіі. У 1838 П. злучаны чыг. лініяй з Берлінам. З 1875 навук.цэнтр. У мясц. палацы Цэцыліенгоф адбылася Патсдамская канферэнцыя 1945. У 1952—90 адм. ц.аднайм. акругі ГДР. У 1945—52 і з 1990 адм. ц. зямлі Брандэнбург. У 1991 засн. Патсдамскі ун-т.
У 17—18 ст. адбудаваны як ваен. горад з палісадамі і манум. варотамі. Моцна пашкоджаны ў 2-ю сусв. вайну, адноўлены. Сярод помнікаў стылю барока: «Галандскі квартал» (1737—42), ратуша (1753), Брандэнбургскія вароты (1770). У палацава-паркавым ансамблі Сан-Сусі спалучэнне позняга барока, ракако і ранняга класіцызму; уключае рэгулярны франц. парк, палац (1745—62, арх. Г. фон Кнобельсдорф, прыбудовы 19 ст.), «Кітайскі чайны домік» (1754—56), карцінную галерэю (1755—62), «Павільён з драконамі» (1770) і інш. Ёсць пейзажны англ. парк з палацам Шарлотэнгоф (1826—29, класіцызм) і «Рымскімі лазнямі» (1828—44, абодва арх. К.Ф.Шынкель). Комплекс палацаў і паркаў П. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Найб. значнае збудаванне 20 ст. — абсерваторыя (вежа Эйнштэйна, 1920—21, арх. Э.Мендэльзон). Музей першабытнай і стараж. гісторыі.