Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАХАРЫ́Я
(ад гідра... + ...харыя),
распаўсюджванне спораў, пладоў, насення і інш. зачаткаў раслін з дапамогай вады. Бывае выпадковая (перанясенне плынямі на плывучых прадметах) і звычайная, што абумоўлена асаблівай марфалогіяй і біялогіяй дыяспор (нязмочвальнасць вадой, нізкая шчыльнасць, працяглая жыццяздольнасць насення ў вадзе). Звычайная гідрахарыя характэрная для водных і каляводных раслін (асокі, ірдзесты і інш.). Распаўсюджванню відаў найб. садзейнічаюць марскі прыбой, рачное цячэнне, паводка і інш.
т. 5, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАХАРЫ́Я,
аўтахорыя (ад аўта... + ...харыя), распаўсюджванне насення і спораў раслін з дапамогай прыстасаванняў самой расліны, без удзелу паветра, жывёл і інш. знешніх агентаў. Ажыццяўляецца ў 2 асн. формах: самаадвольнае ападанне пладоў і насення пад дзеяннем сілы цяжару (барахорыя) і актыўнае раскіданне насення (у радыусе ад 1 да 15 м) з плода, які лопаецца. Гэта форма аўтахарыі ўласціва пераважна сухім пладам (бабовыя, гераніевыя, віды фіялкі і інш.), а таксама некаторым сакавітым (гарбузовыя, бальзамінавыя).
т. 2, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗОАХАРЫ́Я
(ад зоа... + харыя),
пашырэнне дыяспораў (зачаткаў раслін і грыбоў, іх спораў, пладоў і насення) жывёламі. Адрозніваюць эпізоахарыю — пасіўны перанос дыяспор на целе жывёлы з брудам, глеем або з дапамогай спец. прыстасаванняў (зачэпкі, шыпікі, шчацінкі і інш.), слізі або ліпкіх рэчываў; эндазоахарыю — пашырэнне праз стрававальную сістэму жывёл, пры гэтым дыяспоры не пашкоджваюцца, але зрэдку набываюць лепшую ўсходжасць (напр., у бружмелю, брызгліны, вішні, граната) і сінзоахарыю — актыўнае пашырэнне дыяспор, звязанае з назапашваннем корму жывёламі (бурундук, вавёрка, кедраўка, лясная мыш, сойка і інш.). Асобны выпадак сінзоахарыі — мірмекахарыя.
т. 7, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕМАХАРЫ́Я
(ад анема... + ...харыя),
перанос пладоў, насення, спораў і інш. зачаткаў (дыяспораў) раслін паветр. плынямі. Асн. спосаб рассялення наземных споравых раслін, грыбоў і некаторых інш. арганізмаў. Мае значэнне і ў насенных раслін. Пры анемахарыі дыяспоры лунаюць і планіруюць, апалыя пераносяцца ветрам па паверхні глебы, вады або па шарпаку.
Дыяспоры, якія лунаюць, маюць невял. масу (споры, дробнае пылаватае насенне ятрышнікавых, заразіхавых, грушанкавых, званочкавых) або прыстасаванні накшталт парашуцікаў (чубкі на пладах ветравых, на насенні скрыпнёвых, ластаўневых, вярбовых). У дыяспораў, якія планіруюць, ёсць крылападобныя прыдаткі (плады вяза, бярозы, вольхі, клёну, ясеня, насенне хвойных і інш.). Асн. маса дыяспораў разносіцца ў межах да 1 км (адзінкавыя дыяспоры дрэў у буру ці па шарпаку — да 4—10 км, споры грыбоў — часам на сотні кіламетраў).
т. 1, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)