харавыя водарасці

т. 16, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ПЕ́СЕННАЯ КАМІ́СІЯ.

Існавала ў 1923—24 пры Дзярж. ін-це муз. навукі ў Маскве. Створана з мэтай гарманізацыі бел. нар. песень, перададзеных Наркаматам асветы БССР (запісы А.Грыневіча, У.Тэраўскага, М.Янчука і інш.). У камісію ўваходзілі кампазітары М.Іпалітаў-Іванаў (старшыня), М.Аладаў, А.Аленін, А.Грачанінаў, А.Нікольскі, Я.Прохараў. Апрацавана больш як 250 мелодый для хору і салістаў, частка іх апублікавана ў зб. «Беларускія народныя песні. Сольныя і харавыя з акампанементам фп.» (вып. 1, 1928) і ў серыі «Беларускія народныя песні» (1929—30). Найб. каштоўныя апрацоўкі Грачанінава (для хору «Ішла каляда», «Перад Пятром», «Чаму селязень», «Перапёлка», «Ішоў раёк», для голасу з фп. «Зазвінела пчолачка», «Калыханка»), Аладава (харавыя «Ой, загуду», «Мужык жыту прадае», «На гары жораў круціўся»), Прохарава (харавыя «Ой, рана на Йвана», «Ах ты, зорка мая»).

І.І.Зубрыч.

т. 2, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНЯДЗІ́КТАЎ Леў Мікалаевіч

(н. 6.10.1924, г. Тамбоў, Расія),

украінскі харавы дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1949, клас Р.Вяроўкі), з 1959 яе выкладчык, з 1979 прафесар. З 1954 хормайстар (з 1972 — галоўны), з 1986 дырэктар Кіеўскага т-ра оперы і балета. Паставіў харавыя сцэны ў операх «Тарас Бульба» М.Лысенкі, «Іван Сусанін» М.Глінкі, «Хаваншчына» М.Мусаргскага, «Аіда» Дж.Вердзі, «Лаэнгрын» Р.Вагнера, «Гугеноты» Дж.Меербера, «Вайна і мір» С.Пракоф’ева і інш. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1976.

т. 4, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А КАПЭ́ЛА

(італьян. a cappella),

шматгалосыя харавыя спевы без інстр. суправаджэння. Пашыраны ў нар. творчасці. Як стыль прафес. хар. мастацтва склаліся ў культавай поліфаніі ў канцы сярэднявечча, дасягнулі росквіту ў майстроў Нідэрландскай школы і Дж.Палестрыны. Для правасл. царквы спевы а капэлы — адзіная форма хар. мастацтва. З эпохі Адраджэння развіваюцца і ў свецкай музыцы. На Беларусі ранні свецкі жанр спеваў а капэлы — кант. У стылі а капэлы працавалі кампазітары розных эпох. Сярод бел. — В.Залатароў, М.Равенскі, А.Багатыроў, Р.Пукст, У.Алоўнікаў, Ю.Семяняка, Э.Тырманд, А.Мдывані, Л.Захлеўны, А.Бандарэнка і інш.

А.А.Саламаха.

т. 1, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЙНГАРТНЕР,

Вайнгартнер (Weingartner) Фелікс Паўль фон (2.6.1863, г. Задар, Харватыя — 7.5.1942), аўстра-нямецкі дырыжор, кампазітар, муз. пісьменнік. Вучыўся ў г. Грац (Аўстрыя), у Лейпцыгскай кансерваторыі (1881—93). Працаваў оперным і канцэртным дырыжорам у ням. гарадах. У 1908—11 і 1935—36 дырэктар і гал. дырыжор Венскай оперы, у 1919—24 — т-ра «Фольксопер». Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў аўстра-ням. дырыжорскай школы. Тонкі інтэрпрэтатар твораў Л.Бетховена, Р.Вагнера, Г.Берліёза, А.Барадзіна, П.Чайкоўскага. Сярод яго твораў 9 опер, 7 сімфоній, 3 сімф. паэмы, інстр. і харавыя творы.

Тв.:

Рус. пер. — О дирижировании. Л., 1927;

Исполнение классических симфоний: Советы дирижерам. Т. 1. М., 1965.

т. 4, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРО́ЖСКАЯ ШКО́ЛА,

Грэка-славяна-лацінская калегія, першая школа вышэйшага ўзроўню на Украіне. Засн. каля 1576 К.В.Астрожскім у мяст. Астрог (цяпер горад у Ровенскай вобл.), вядомая пад назвай «акадэмія». Была асв. цэнтрам антыкаталіцкага кірунку. Выкладалі слав., грэч., лац. мовы, граматыку, арыфметыку, рыторыку, логіку, музыку, харавыя спевы. Першы рэктар — Г.Сматрыцкі. Пры школе дзейнічалі Астрожская друкарня і навук.-літ. гурток, члены якога выдавалі навуч. дапаможнікі, помнікі грэка-візант. пісьменства, палемічныя творы. Астрожская школа садзейнічала пашырэнню асветы сярод насельніцтва і арганізацыі школ, зрабіла ўплыў на адкрытыя пазней брацкія школы ў Львове, Кіеве, Вільні, Брэсце і інш. Спыніла дзейнасць у 1636.

т. 2, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ТЭА́ТР РЭВАЛЮЦЫ́ЙНАЙ САТЫ́РЫ,

Віцебскі тэрэўсат, агітацыйна-прапагандысцкі тэатр мініяцюр у 1919—20. Створаны па ініцыятыве паэта-сатырыка «Вокнаў РОСТА» Віцебска М.Пустыніна. Кіраўнік М.Разумны. Спектаклі ставіў і рэж. А.Сумарокаў, афармляў мастак М.Шагал. У праграме — аднаактовыя агітп’есы, сатыр. сцэнкі на міжнар. тэмы, палітсатыры, пародыі, куплеты, частушкі, інсцэніраваныя плакаты «Вокнаў РОСТА» (т.зв. тантамарэскі, ці жывыя плакаты), дэкламацыі, танцы, харавыя выступленні, паказы Пятрушкі з жывымі акцёрамі-лялькамі. Тэатр выступаў пераважна на канцэртах-мітынгах для рабочых і чырвонаармейцаў. У 1920 асн. склад трупы пераведзены ў Маскву, дзе на яго аснове створаны Маскоўскі т-р рэв. сатыры.

т. 4, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАДКО́Ў Генадзь Ігаравіч

(н. 18.2.1935, Масква),

рускі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1988). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1964). Працуе пераважна ў муз.-сцэн. жанрах. Аўтар оперы «Старэйшы сын» (паст. 1984), балетаў «Вій» (1984), «12 крэслаў» (1985), аперэты «Тры Іваны», мюзіклаў «Брэменскія музыканты» (1968), «Тэмп—1929» (1971), «Дульсінея Табоская» (1972), «Тыль» (1974). Сярод інш. твораў: араторыя; кантаты; сімфанічныя, харавыя творы; музыка для дзяцей, да кіна- і мультфільмаў (больш за 100), драм. спектакляў (больш за 30). Яркі меладыст, у папулярных жанрах арыентуецца на класічныя традыцыі.

Літ.:

Федосова Э. Геннадий Гладков // Композиторы Москвы. М., 1980. Вып. 2.

т. 5, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНДАРЭ́НКА Андрэй Васілевіч

(н. 17.7.1955, г. Вільня),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1981, клас Дз.Смольскага). З 1985 выкладчык Гродзенскага муз. вучылішча, з 1992 маст. кіраўнік «Гродзенскай капэлы». Найб. дасягненні ў галіне опернай і духоўнай музыкі. Сярод твораў: опера «Князь Наваградскі» (паст. 1992, Дзярж. прэмія Беларусі 1994), кантата «Аповесць пра разбурэнне Разані Батыем» (1981), араторыя «Думкі рускія» (1985), харавыя канцэрты «Пахвала вялікаму князю Уладзіміру Святаслававічу» (1987), «Вячэрняя малітва» (1993); сімф. паэма «Антыфон» (1980); Музыка для габоя, аргана, струнных і ўдарных інструментаў (1984), сімфонія для струннага арк. (1986), Канцэрт-паэма для скрыпкі, віяланчэлі, фп. і камернага арк. (1988), 3 хары на вершы А.С.Пушкіна; Літургія Іаана Златавуста (1995), хары на кананічныя тэксты.

Р.М.Аладава.

т. 2, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІЯ ШВА́КШТЫ,

Вялікая Швакшта, возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Страча, за 22 км на ПдЗ ад г. Паставы. Пл. 9,56 км², даўж. 4,2 км, найб. шыр. 3,4 км, найб. глыб. 5,3 м, даўж. берагавой лініі 13 км. Пл. вадазбору 94,2 км². Схілы катлавіны выш. да 6 м, парослыя хмызняком, на ПнУ пад лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, на З тарфяністыя і сплавінныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем, уздоўж усх. берага да глыб. 2 м пясчанае. Шырыня паласы надводнай расліннасці да 150 м, харавыя водарасці ўкрываюць дно да глыб. 3,5 м. Упадаюць 5 ручаёў. Злучана пратокай з воз. М. Швакшты. На паўд.-зах. беразе паляўніча-рыбалоўная база.

т. 4, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)