КАВА́ЛЬСКА-ШТАМПО́ВАЧНЫ АЎТАМА́Т,

кавальская машына з крывашыпна-паўзунковым механізмам, на якой штампоўкай атрымліваюць вырабы з дроту, пруткоў, стужак, паласавога металу і інш. Да іх адносяцца халодна-, гарачавысадачныя і абрубныя прэсы, профіле- і рэзьбанакатныя, лісташтамповачныя, дрота-цвіковыя, спружынанавіўныя, ланцугавязальныя, гібачныя і інш. аўтаматы. Выкарыстоўваюцца звычайна ў масавай вытв-сці.

т. 7, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́САДКА ў металаапрацоўцы,

кавальская апрацоўка загатоўкі частковай яе асадкай з мэтай стварэння мясц. патаўшчэнняў за кошт памяншэння даўжыні. Бывае гарачая і халодная.

Гарачая высадка пры серыйнай вытв-сці робіцца на гарызантальна-ковачных і электравысадачных машынах (гл. Ковачная машына), пры дробнасерыйнай вытв-сці — на ковачных молатах або прэсах у кольцах ці штампах. Гарачай высадкай вырабляюць пакоўкі шасцерняў, клапанаў, фланцаў, валікаў і г.д. Халодная высадка на халодна-высадачных аўтаматах, вертыкальных крывашыпных і фрыкцыйных прэсах выкарыстоўваецца для вырабу балтоў, заклёпак, шруб, цвікоў, гаек і інш. вырабаў з дакладнымі памерамі і добрай якасцю паверхні.

Халодная высадка заклёпкі: пачатак (1) і канец (2) аперацыі.

т. 4, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРМІДЖАНІ́НА (Parmigianino; сапр. Мацола; Mazzola) Франчэска

(11.1.1503, г. Парма, Італія — 24.8.1540),

італьянскі жывапісец, рысавальшчык і афартыст; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў маньерызму. Зазнаў уплывы Карэджа, Мікеланджэла і Рафаэля. Працаваў у Парме, Рыме (1523—27), Балонні (1527—31). У творах праз падоўжанасць прапорцый, вастрыню ракурсаў і аптычных эфектаў, вытанчана-грацыёзны малюнак і блеклы серабрысты каларыт увасабляў ідэал загадкавай, халодна-пачуццёвай прыгажосці («Мадонна са святым Захарыем», каля 1530; «Ператварэнне Паўла», 1530; «Мадонна з доўгай шыяй», 1534—40; «Мадонна з ружай» і інш.). Аўтар партрэтаў Дж.​Г.​Санвітале (1524), т.зв. Антэі, Малатэсты Бальёне, «Аўтапартрэта ў выпуклым люстэрку» і інш., прасякнутых духам арыстакратычнасці і глыбокай унутр. трывогі. Працаваў у манументальным жывапісе (фрэскі замка ў Фантанелата, 1534—40), адзін з першых у Італіі звярнуўся да тэхнікі афорта. Іл. гл. таксама да арт. Маньерызм.

Ф.Парміджаніна. Ператварэнне Паўла. 1530.

т. 12, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)