У́ЗДЗЕНСКІ ІНТЭРСТАДЫЯ́Л (ад назвы г. Узда),
перыяд міжледавіковага пацяплення, які раздзяляе столінскі стадыял і мазырскі стадыял дняпроўскага зледзянення. Існаваў у інтэрвале 280—290 тыс. г. назад. Намножыліся азёрныя і азёрна-алювіяльныя адклады магутнасцю да 10—14 м (гліны, суглінкі, супескі, пяскі). У іх трапляюцца расл. рэшткі, абломкі выкапнёвых малюскаў. У цяжкай фракцыі пяску вял. колькасць гідраксідаў жалеза, пірыту, у лёгкай — кальцыту. Былі пашыраны хваёва-бярозавыя лясы; з травяністых раслін — палыновыя, лебядовыя, асаковыя. Клімат халаднейшы за сучасны.
т. 16, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖНІ́ВЕНЬ (ад слова «жніво»),
восьмы месяц каляндарнага года (31 дзень), апошні месяц лета на Беларусі. 15 Ж. працягласць дня ў Мінску 14 гадз 56 мін, сярэдняя выш. Сонца над гарызонтам 50,3°, сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 478 МДж/м², радыяц. баланс дадатны (252 МДж/м²). На тэр. Беларусі сярэдняя т-ра паветра 15,5—18 °C, у 2-й пал. Ж. магчымы замаразкі на глебе (часам і ў паветры). Звычайна Ж. халаднейшы за ліпень, але прыкладна раз у 5 гадоў бывае наадварот. Адносная вільготнасць паветра ў Ж. не ніжэй за 70%, ападкаў 60—85 мм, у асобныя гады можа быць і больш (149 мм, Бабруйск, Жыткавічы, 1970) ці ападкі зусім не выпадаюць (Лепель, 1939). У сярэднім з ападкамі бывае 14—16 дзён. Частыя ліўневыя дажджы з моцнымі вятрамі выклікаюць паляганне збожжавых культур. У Ж. канчаецца жніво азімых, убіраюць яравыя, лён. З сярэдзіны месяца пачынаецца сяўба азімых жыта і пшаніцы. Даспявае садавіна, у разгары збор брусніц, касцяніц, чаромхі, ажыны. Ж. самы багаты месяц на грыбы. Паступова пачынаюць адлятаць у вырай птушкі: стрыжы, ластаўкі, зязюлі, івалгі, мухалоўкі, валасянкі, пліскі. Збіраюцца ў чароды шпакі, гракі. У канцы Ж. размнажаюцца змеі, яшчаркі, пачынаецца гон у казуль, нараджаюцца зайчаняты (другі прыплод).
т. 6, с. 436
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)