Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮСТРА́НЫЯ КА́ЧКІ,
пародная група мяса-яечнага кірунку. Выведзена на Кучынскім птушказаводзе (Маскоўская вобл., Расія) у 1950 скрыжаваннем мясцовых качак з пекінскай і хакі-кемпбел пародамі. На Беларусі гадуюць пераважна ў асабістых гаспадарках.
Маса качараў 3—4 кг, качак 2,8—3,5 кг. Апярэнне качараў светла-шэрае, грудзі карычнева-чырвоныя, качак — светла-карычневае з цёмна-сінімі люстэркамі на крылах. Тулава падоўжанае, шырокае, крыху прыўзнятае. Галава невял., дзюба цёмная. Шыя крыху выгнутая. Ногі невысокія. Яйцаноскасць да 200 (найб. 234) яец за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЧКІ СВО́ЙСКІЯ (Anas domestica),
сельскагаспадарчыя птушкі. Паходзяць ад дзікай качкі — крыжанкі, прыручанай у старажытнасці ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы і Паўн. Афрыцы. Падзяляюць на мясныя (пекінскія, шэрыя ўкр., чорныя белагрудыя і інш.), мяса-яечныя або яечна-мясныя (хакі-кэмпбел, люстраныя і інш.) і яйцаноскія (індыйскія бегуны). На Беларусі вырошчваюць К.с. пекінскай пароды, качак жлобінскай папуляцыі (ад скрыжавання пекінскіх з белымі маскоўскімі качкамі) і шэрых украінскіх.
Маса качара да 4, качкі да 3,5 кг. Пачынаюць несціся ва ўзросце 160—180 дзён, за год даюць больш за 200 яец. Качка за год дае каля 140 качанят агульнай масай да 350 кг. Макс. працягласць племяннога выкарыстання 4—5 гадоў. Затрата корму на 100 кг прыбаўлення ў масе 350—400 кармавых адзінак. Выхад выпатрашанай тушкі да 60%, тлушчу ў мясе да 30%. Яйцы выкарыстоўваюцца для інкубацыі, у харч. прам-сці (меланж, яечны парашок, кандытарскія вырабы).