Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЭЙХЭ́,
рака на У Кітая. Даўж. каля 600 км, пл. бас. каля 50 тыс. км². Правая ўтваральная р. Хайхэ. Вытокі ў гарах Тайханшань. Працякае на Вял. Кітайскай раўніне. Суднаходная (нізоўі ў сістэме Вял. канала). Выкарыстоўваецца на арашэнне. На Вэйхэ гарады Сіньсян, Цяньцзінь.
т. 4, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХАЙВА́НЬ,
заліў на ПнЗ Жоўтага м., абмывае берагі Кітая. Даўж. каля 280 км. Глыб. да 40 м. Аддзелены ад адкрытага мора п-вам Шаньдун. У Бахайвань упадаюць р. Хуанхэ і Хайхэ. Замярзае зімой у прыбярэжнай частцы. Прылівы паўсутачныя (да 3,4 м). Порт Тангу — аванпорт г. Цяньцзінь. Радовішчы нафты на шэльфе. Рыбалоўства.
т. 2, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ КІТА́ЙСКАЯ РАЎНІ́НА,
нізінная раўніна на У Азіі, у Кітаі. Пл. каля 325 тыс. км². Абмежавана на Пн гарамі Яньшань, на З хр. Тайханшань, на ПдЗ хр. Тунбайшань і Дабешань; на У працягнулася больш як на 1000 км уздоўж узбярэжжа Жоўтага і Усх.-Кітайскага мораў.
Паверхня плоская, выш. да 100 м. Складзена з магутнай тоўшчы алювіяльных адкладаў рэк. Клімат субтрапічны мусонны, з вільготным летам і сухой халаднаватай зімой. Сярэднія т-ры студз. ад -6 °C на Пн да 3 °C на Пд, ліп. 20 °C (у Прымор’і) і 28 °C (ва ўнутр. раёнах). Ападкаў за год 400—500 мм на Пн, 750—1000 мм на Пд. Раўніну перасякаюць рэкі Хуанхэ, Хуайхэ, Хайхэ; з Пн на Пд — Вялікі канал. Частыя паводкі. Самыя вял. азёры: Тайху, Хунцзэху, Вэйшаньху. Амаль уся тэр. ўзараная. Вырошчваюцца пшаніца, рыс, арахіс, проса, соя, бавоўнік. Адзін з самых населеных раёнаў свету; вял. гарады: Пекін, Шанхай, Цяньцзінь, Нанкін.
т. 4, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)