Фіфі 10/465, 605

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

УЛІ́ТЫ (Tringa),

род птушак сям. бакасавых атр. сеўцападобных. 10 (13) відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жывуць на балотах, па берагах вадаёмаў ад тундры да стэпаў; пералётныя. На Беларусі найб. трапляюцца: паручайнік, траўнік, чарныш, фіфі (T. glareola), перавозчык (T., або Actitis, hypoleucos, — часам вылучаюць у асобны род). У. ахоцкі (T. guttifer) занесены ў Чырв. кнігу МСАП, паручайнік і У. вялікі (T. nebularia) — у Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. да 37 см, маса да 200 г. У афарбоўцы апярэння спалучаюцца белы, шэры, чарнаваты колеры. Цела верацёнападобнае. Дзюба прамая або крыху загнутая ўверх. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі. Нясуць да 4 яец.

Э.​Р.​Самусенка.

Уліты: 1 — вялікі; 2 — фіфі; 3 — перавозчык.

т. 16, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРДО́БАЎ Мікалай Мікалаевіч (16.12.1905, г. Самара, Расія —24.11.1990),

бел. спявак (лірыка-драм. барытон), педагог. Засл. арт. Арменіі (1939). Нар. арт. Беларусі (1955). Скончыў Куйбышаўскі муз. тэхнікум (1929). З 1930 у оперных т-рах Куйбышава, Ерэвана, Пермі, Свярдлоўска. З 1946 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. У 1960—75 выкладчык і рэжысёр Опернай студыі Бед. кансерваторыі, адначасова ў 1960—87 кіраўнік Мінскай нар. опернай студыі Палаца культуры Белсаўпрофа. Творчасці С. ўласцівы глыбокае асэнсаванне характараў герояў, свабоднае валоданне вак. і акцёрскімі сродкамі выразнасці, сцэнічная абаяльнасць Сярод партый бел. рэпертуару: Каліноўскі («Кастусь Каліноўскі» Дз.​Лукаса), Дзяніс Давыдаў («Надзея Дурава» А.​Багатырова), фон Шолен («Дзяўчына з Палесся» Я.​Цікоцкага); інш. партыі на бел. сцэне: Анегін, Чорт («Яўген Анегін», «Чаравічкі» П.​Чайкоўскага), Алека («Алека» С.​Рахманінава), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Рыгалета, Аманасра («Рыгалета», «Аіда» Дж.​Вердзі), Скарпія («Тоска» Дж.​Пучыні), Мацей («Страшны двор» С.​Манюшкі). Паставіў оперы «Павел Карчагін» П.​Падкавырава, «Кастусь Каліноўскі» Лукаса, «Яўген Анегін» і «Іаланта» Чайкоўскага, «Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава, «Алека» Рахманінава, «Рыгалета» і «Травіята» Вердзі, «Джані Скікі» і «Плашч» Пучыні, «Цар і цясляр» А.​Лорцынга, «Даліна» Э.​Д’Альбера, «Мадэмуазель Фіфі» і оперу-казку для дзяцей «Кот у ботах» Ц.​Кюі.

Дз. М.​Жураўлёў.

М.М.Сярдобаў.
М.Сярдобаў у ролі Каліноўскага (у цэнтры).

т. 15, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАПАСА́Н (Maupassant) Гі (поўнае імя Анры Рэнэ Альбер Гі) дэ (5.8.1850, замак Міраменіль, каля г. Дзьеп, Францыя — 6.7.1893),

французскі пісьменнік. Скончыў Руанскі ліцэй (1869). Друкаваўся з 1876. Аўтар сац.-псіхал. раманаў «Жыццё» (1883, экранізацыя 1958), «Мілы друг» (1885, экранізацыя 1955), «Монт-Арыёль» (1886), «П’ер і Жан» (1887—88), «Моцная, нібы смерць» (1889), «Наша сэрца» (1890). Прызнаны майстар навелы. Асаблівую вядомасць набыла яго навела «Пышка» (1880, экранізацыя 1936). У зб-ках навел «Майстэрня Тэлье» (1881), «Мадэмуазель Фіфі» (1882), «Дзядзечка Мілон» (1883), «Міс Гарыет» (1884), «Івета» (1885), «Пан Паран» (1886) і інш. тэмы вайны, супраціўлення, кахання, імкненне ўвасобіць як высокія, так і змрочныя, «начныя» аспекты чалавечых пачуццяў і ўзаемаадносін. Аўтар зб. «Вершы» (1880), кніг дарожных нарысаў «Пад сонцам» (1884), «На вадзе» (1888), «Бадзяжнае жыццё» (1890), драм., літ.-крытычных артыкулаў. Яго творы адметныя глыбокім псіхалагізмам, сюжэтнай напружанасцю, прысутнасцю элементаў натуралізму і сімвалізму. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі А.​Істомін, З.​Колас, Н.​Мацяш, С.​Мурашка, М.​Паслядовіч, С.​Шупа. Многія навелы інсцэніраваны. БДТ-2 паставіў яго п’есу «Гавань» (1927).

Тв.:

Бел. пер. — Пышка. Мн., 1937;

Навелы. Мн., 1987;

Рус. пер. — Полн. собр. соч. Т. 1—12. М., 1958;

Собр. соч. Т. 1—7. М., 1977.

Літ.:

Данилин Ю.И. Жизнь и творчество Мопассана. 2 изд. М., 1968;

Лану А. Мопассан: Пер. с фр. М., 1971;

Флоровская О.В. Мопассан-новеллист. Кишинев, 1979.

Е.​А.​Лявонава.

Г. дэ Мапасан.

т. 10, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)