Філіп V 2/476

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫГАНІ́ДЫ,

дынастыя цароў Македоніі ў 306—168 да н.э. Заснавальнік Антыгон І Аднавокі

[306—301] — палкаводзец Аляксандра Македонскага; абвясціў царом сябе і свайго сына Дэметрыя І Паліяркета [306—286]. Найб. вядомыя прадстаўнікі: Антыгон II Гонат [283—239],

Дэметрый II [239—229], Антыгон III Досан [229—221], Філіп V [221—179]. Апошні з Антыганідаў Персей скінуты рымлянамі і ўзяты ў палон у 168 да н.э.

т. 1, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРБО́НЫ

(франц. Bourbons, ісп. Borbones, італьян. Borboni),

каралеўская дынастыя ў Францыі ў 1589—1792, 1814—15, 1815—30, у Іспаніі ў 1700—1808, 1814—68, 1874—1931 і з 1975, у Каралеўстве абедзвюх Сіцылій (Неапалітанскім) у 1735—1805, 1814—60; дынастыя герцагаў Пармы і П’ячэнцы ў 1748—1802, 1847—59. Імя дынастыі Бурбонаў, якія былі лініяй Капетынгаў, паходзіць ад іх радавога замка Бурбон-л’Аршамбо (цяпер у дэпартаменце Алье). Гал. прадстаўнікамі франц. Бурбонаў былі Генрых IV (заснавальнік), Людовік XIV, Людовік XVI, Людовік XVIII; апошнім правіў Карл Х [1824—30], пазбаўлены ўлады ў час Ліпеньскай рэвалюцыі 1830. У 1830—48 (гл. Ліпеньская манархія) правіў прадстаўнік малодшай (Арлеанскай) лініі Бурбонаў Луі Філіп, звергнуты Рэвалюцыяй 1848 у Францыі. Пачатак ісп. лініі паклаў унук Людовіка XIV Філіп V [1700—24, 1724—46). Ісп. Бурбоны звергнуты Іспанскай рэвалюцыяй 1931—39, адноўлены пасля падзення дыктатуры Ф.Франка. Родапачынальнікамі неапалітанскай і пармскай ліній Бурбонаў былі сыны Філіпа V. Страцілі ўладу ў перыяд аб’яднання Італіі (1859—60).

т. 3, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛУА́

(Valois),

дынастыя французскіх каралёў у 1328—1589, пабочная лінія Капетынгаў. Складалася з трох галін: прамой — Філіп VI [1328—50], Іаан II Добры [1350—64], Карл V Мудры [1364—80], Карл VI [1380—1422], Карл VII [1422—61], Людовік XI [1461—83], Карл VIII [1483—98]; Арлеанскай — Людовік XII [1498—1515, завяршыў тэр. аб’яднанне Францыі]; Ангулемскай — Францыск І [1515—47, паклаў пачатак абсалютызму ў краіне], Генрых II [ 1547—59], Францыск II [1559—60], Карл IX [1560—74], Генрых III [1574—89]. Апошнія тры каралі былі бяздзетныя. Валуа спынілі існаванне ў час Рэлігійных войнаў пасля забойства Генрыха III.

т. 3, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́БСБУРГІ

(Habsburger),

дынастыя, якая правіла ў Аўстрыі (1282—1918), Чэхіі і Венгрыі (1526—1918), частцы Італіі (16 ст. — 1816), у «Свяшчэннай Рым. імперыі» (пастаянна ў 1438—1806, акрамя 1742—45), Іспаніі (1516—1700), Нідэрландах. Засн., верагодна, Гунтрамам Багатым (сярэдзіна 10 ст.) з Верхняга Эльзаса. Назва ад замка Габсбург, пабудаванага каля 1020 у швейц. вобласці Ааргаў. Імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» стаў Рудольф І Габсбург (1273—91), ён замацаваў за Габсбургамі герцагства Аўстрыю і Штырыю (1282). У 1526 Габсбургі далучылі Чэхію, ч. Венгрыі, інш. тэр., сталі манархамі шматнац. дзяржавы (у 1867—1918 — Аўстра-Венгрыя). У 1556 дынастыя Габсбургаў падзялілася на 2 галіны — аўстр. і іспанскую. Панаванне ісп. Габсбургаў скончылася ў 1700, калі памёр апошні кароль Іспаніі з дынастыі Габсбургаў Карл II. Аўстр. галіна Габсбургаў абарвалася ў выніку паражэння Аўстра-Венгрыі ў 1-й сусв. вайне, уздыму нац.-вызв. і рэв. руху ў краіне. Устаноўчы сход Аўстр. рэспублікі (3.4.1919) прыняў закон аб пазбаўленні Габсбургаў усіх правоў, выгнанні іх за межы Аўстрыі і канфіскацыі ўсёй іх маёмасці. Найб. значныя прадстаўнікі: ісп. галіна — Карл V [1516—56] і Філіп II [1556—98], аўстр.Марыя Тэрэзія [1771—80], Іосіф II [1765—90], Франц Іосіф І [1848—1916].

Літ.:

Котова Е.В. Династия Габсбургов // Новая и новейшая история. 1991. № 4.

т. 4, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)