Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Філафей Калінка, гл. Петрашкевіч А. Б.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КІПРЫЯ́Н (каля 1330—16.9.1406),
царкоўны дзеяч ВКЛ і вял.кн. Маскоўскага, пісьменнік. Верагодна, быў балгарынам, але некаторыя даследчыкі лічаць яго ўраджэнцам ВКЛ. У пач. 1370-х г. жыў у Візантыі. У 1373 наведаў ВКЛ і Цвер, у 1374 выступіў ініцыятарам кананізацыі віленскіх пакутнікаў. У 1375 вял.кн.ВКЛАльгерд з прычыны варожых адносін з Масквой папрасіў канстанцінопальскага патрыярха Філафея прызначыць для ВКЛ асобнага мітрапаліта. Падтрымліваючы Альгерда і не жадаючы канчатковага падзелу Кіеўскай мітраполіі, Філафей прыняў кампраміснае рашэнне: 2.12.1375 пасвяціў К. ў мітрапаліта «кіеўскага, рускага і літоўскага» з тым, каб ён пасля смерці мітрапаліта Аляксея (у Маскве) зноў аб’яднаў абедзве часткі мітраполіі, стаўшы мітрапалітам «кіеўскім і ўсяе Русі». Жыў у ВКЛ. Пасля смерці мітрапаліта Аляксея летам 1378 прыехаў у Маскву, але вял.кн. маскоўскі Дзмітрый Іванавіч Данскі не прыняў К. і выслаў яго. Новы вял.кн.Васіль I Дзмітрыевіч у 1390 прыняў К. ў Маскве як «мітрапаліта кіеўскага і ўсяе Русі». У 1404—05 наведаў ВКЛ. Вянчаў Васіля I Дзмітрыевіча з княжной ВКЛ Софіяй Вітаўтаўнай. Быў прыхільнікам збліжэння ВКЛ і вял.кн. Маскоўскага. Лічыцца аўтарам шэрагу твораў, у т. л. «Летапісу аб пачатку зямлі рускай», «Жыція св. мітрапаліта Пятра», «Зводнай кормчай», 4 пасланняў Сергію Раданежскаму і інш. У сваім летапісе паказаў гісторыю Маскоўскага княства з пункту гледжання адзінства гісторыі ўсх. славян, упершыню ў маскоўскай гістарыяграфіі даў звесткі па гісторыі ВКЛ. Кананізаваны правасл. царквой.
Літ.:
Казбярук У. Пошукі духоўнай і палітычнай гармоніі: Мітрапаліт Кіпрыян // Вяртання маўклівая споведзь. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІЯ РЭЛІГІ́ЙНЫЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ ЗА МЯЖО́Й,
рэлігійна-грамадскія аб’яднанні вернікаў-беларусаў у краінах Еўропы і Амерыкі. Узніклі ў канцы 1940 — пач. 1950-х г.Беларускае праваслаўнае аб’яднанне існавала з 5.5.1946 да канца 1940-х г. Створана ў г. Рэгенсбург (Германія) на з’ездзе правасл. беларусаў. Кіраўніцтва: М.Лапіцкі, І.Касяк, Т.Шыбут, М.Сяднёў, Н.Арсеннева, з вер. 1947 архіепіскап Філафей, ініцыятар далучэння замежнай Бел.правасл. царквы да Рускай замежнай царквы. Выдавала час. «Звіняць званы Сьвятой Сафіі» (1946—47). Аб’яднанне праваслаўных беларусаў у ЗША. Засн. ў крас. 1950. Ініцыіравала з’езд правасл. беларусаў у Саўт-Рыверы 25.11.1950, на якім створаны Бел. грэка-правасл.царк.к-т у Амерыцы. Жыровіцкае праваслаўнае брацтва. Засн. ў 1948 у Германіі, выдавала час. «Сіла веры» (1948—65). Беларуска-амерыканскае каталіцкае таварыства. Засн. ў маі 1950 у Нью-Йорку. Кіраўнікі С.Грынкевіч, В.Пануцэвіч, А.Попка, Б.Даніловіч. Спрабавала стварыць у Нью-Йорку бел. каталіцкую парафію. Беларускае акадэмічнае каталіцкае аб’яднанне «Рунь» імя св. Аўгусціна. Створана ў кастр. 1949 у г. Лувен (Бельгія) на з’ездзе бел. каталіцкай інтэлігенцыі Вялікабрытаніі, Бельгіі, Германіі і Францыі. Пазней адкрыты аддзелы ў Італіі і ЗША. Удзельнічалі Ч.Сіповіч, Л.Гарошка, А.Адамовіч, М.Навумовіч, Ф.Бартуль, А.Надсон і інш. У 1950 увайшло ў міжнар. каталіцкую арг-цыю «Pax Romana», якая аб’ядноўвае нац. акадэмічныя і студэнцкія каталіцкія суполкі ўсяго свету. Дзейнасць аб’яднання па бел. эмігранцкім друку прасочваецца да канца 1960-х г.Беларускае евангельска-баптысцкае брацтва ў ЗША і Канадзе. Першы з’езд адбыўся ў 1973, друк. орган — бюлетэнь «Веснік Беларускага евангельска-баптысцкага брацтва» (выдаўцы Д.Ясько і У.Панцэвіч). Беларуская старакаталіцкая артадаксальная субажня. Існавала ў 1960-я г. ў Германіі, Бразіліі і Аргенціне, з 1960-х г. у ЗША і Канадзе. Кіраўнікі У.Рыжы-Рыскі, В.Матэйчык, Л.Галубовіч.
Літ.:
Вініцкі А. Матар’ялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939—1951 гг. Лос Анжэлес;
Мн., 1994;
Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мн., 1993.
Л.У.Языковіч.
Да арт. Беларускія рэлігійныя арганізацыі за мяжой. Памятны Крыж Тысячагоддзя хрысціянства на Беларусі ў г. Мідленд (Канада).