Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАВЯНЕ́ЦКІ (Сцяпан Аляксандравіч) (26.10.1923, в.Філатава Круглянскага р-на Магілёўскай вобл. — 24.10.1944),
Герой Сав. Саюза (1945). Са жн. 1943 на 2, 3, 4-м Укр., 1-м Бел. франтах. Механік-вадзіцель самаходнай артыл. устаноўкі сяржант Л. вызначыўся 24.10.1944 у баях за г. Надзькала (Венгрыя): умела манеўруючы, дапамог падбіць 3 танкі; цяжка паранены працягваў бой, загінуў у ім. На радзіме яму пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАНУКЛЕЁЗ ІНФЕКЦЫ́ЙНЫ, хвароба Філатава,
вострая вірусная інфекцыйная хвароба чалавека, якая характарызуецца ліхаманкай, танзілітам, павелічэннем усіх груп лімфатычных вузлоў, печані і селязёнкі. Апісаны Н.Ф.Філатавым у 1885. Узбуджальнік — вірус Эпстайна-Бар. Крыніца інфекцыі — хворыя людзі і носьбіты М.і. Заражэнне адбываецца пры непасрэдным кантакце (напр., пры пацалунках), паветрана-кропельным шляхам. Хварэюць пераважна дзеці. Пасля 40 гадоў большасць людзей імунныя да М.і. Прыкметы: агульная слабасць, павышэнне т-ры цела да 38—39°C, боль у горле пры глытанні, цяжкае дыханне праз нос, павялічаныя лімфавузлы, асабліва задняшыйныя. У хворых на М.і. адутлаваты твар, з 3—4-га дня з’яўляецца танзіліт з налётамі на міндалінах, зрэдку высыпка на скуры і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае.