АКТАМІЯЗІ́Н,
комплексны бялок; асн. структурны кампанент мышачнай тканкі і інш. скарачальных утварэнняў, які экстрагуецца з іх канцэнтраванымі салявымі растворамі. Складаецца з актыну і міязіну, аб’яднаных адпаведна ў тонкія і тоўстыя філаменты. Фізіка-біяхім. ператварэнні актаміязіну і суадносныя перамяшчэнні філаментаў ляжаць у аснове скарачэння мышцаў.
т. 1, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНО́ІДЫ
(ад грэч. organon прылада, інструмент + eidos від),
пастаянныя спецыялізаваныя цытаплазматычныя структуры жывёльнай ці расліннай клеткі, што выконваюць пэўную функцыю. Да іх адносяцца мітахондрыі, комплекс Гольджы, рыбасомы, эндаплазматычная сетка, клетачны цэнтр, мікратрубачкі, філаменты, лізасомы і інш., у раслінных клетках — пластыды. Спецыяльныя арганоіды — цытаплазматычныя структуры, што выконваюць спецыфічную функцыю пэўнага тыпу клетак (міяфібрылы, тонафібрылы, базафільнае рэчыва нейрона). Іх часта наз. арганеламі.
т. 1, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)