Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНС ((Ince) Томас Харпер) (6.11.1882—19.11.1924),
амерыканскі рэжысёр, прадзюсер. Адзін з заснавальнікаў амер. кінематаграфіі. З 1899 выступаў як танцор, спявак, акцёр. З 1911 рэжысёр у кіно. У 1912 заснаваў фірму «Кей Бі». Упершыню ўвёў сістэму прадзюсераў, «жалезны» сцэнарый (патрабаваў дакладнага выканання пастаноўкі), ствараў цыклы фільмаў з адным акцёрам у гал. ролі (пераважна вестэрны). У 1915 засн. кампанію «Трайэнгл» (з Д.Грыфітам і М.Сенетам), з 1918 у кампаніі «Арткрафт Парамаўнт». У 1921—24 прадзюсер кінакампаніі «Асашыэйтэд фёрст нэшанал». Сярод фільмаў: «Бітва каля Гетысберга» (1913), «Гнеў багоў» і «Тайфун» (1914, з рэж. Р.Баркерам), «Італьянец» (1915, з рэж. С.Сідні), «Цывілізацыя» (1916, з інш.рэж.). Лепшыя карціны вылучаюцца эпічным размахам, масавымі сцэнамі, драматызмам дзеяння, віртуозным мантажом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ КАСЦЁЛ КАРМЕЛІ́ТАЎ, Магілёўскі Станіславаўскі касцёл,
помнік архітэктуры стылю барока ў Магілёве. Пабудаваны ў 1738—52 (да 1783 наз. Ушэсця) на месцы драўлянага касцёла 17 ст. У 1783 касцёл перададзены Магілёўскай архікафедры і стаў вядомы як Станіславаўскі. Спачатку гал.фасад быў 2-вежавы, з фігурным франтонам. У 1788 па ініцыятыве архібіскупа С.Богуш-Сестранцэвіча гал. фасад рэканструяваны. У выніку перабудовы разабраны завяршэнне барочных вежаў і частка франтона, першапачатковы фасад быў закрыты класіцыстычным 4-калонным іанічным порцікам з трохвугольным франтонам. Да першапачатковага аб’ёму прыбудаваны 3-ярусныя бакавыя крылы, завершаныя 8-граннымі ратондападобнымі вежачкамі. У 19—20 ст. касцёл неаднаразова рамантаваўся, але арх. аблічча ў цэлым заставалася нязменным. Пасля 1860 касцёл становіцца прыходскім. У інтэр’еры захаваўся адзін з найб. разгорнутых фрэскавых цыклаў на тэр. Беларусі. Фрэскавая размалёўка выканана ў 1765—67, 1780-я г. (мастакі Б.Піятроўскі, А.Главацкі, вучні-манахі Спаскай царквы Пётр, Лук’ян, Рыгор). У 1860-я г. мастак Фёрст размаляваў сцены касцёла. Кампазіцыі выкананы з выкарыстаннем прынцыпу перспектыўнай прасторы, якія ілюзорна паднімаюць у вышыню арх. формы. Стыль размалёвак разнастайны, выконвалі і паднаўлялі іх розныя майстры. Асн. тэмы — гіст. і біблейскія.
В.В.Гліннік, В.В.Церашчатава.
Магілёўскі касцёл кармелітаў. Фрагмент.Да арт.Магілёўскі касцёл кармелітаў. фрагмент размалёўкі скляпення галоўнага нефа.