Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ДКІЯ ЎГНАЕ́ННІ,
водныя растворы ці суспензіі мінер. і некаторых арган. угнаенняў. Найб. пашыраны азотныя і комплексныя вадкія ўгнаенні. Азотныя вадкія ўгнаенні: вадкі (бязводны) аміяк; аміячная вада; аміякаты і плавы (растворы аміячнай салетры і мачавіны); вуглеаміякаты. Выкарыстанне ўскладняецца неабходнасцю перавозкі і захоўвання ў герметычных (ціск да 1,9 МПа) умовах. У Беларусі вырабляюць на Гродзенскім вытв. аб’яднанні «Азот». Комплексныя вадкія ўгнаенні акрамя азоту маюць фосфар, калій, мікраэлементы. Колькасць пажыўных рэчываў 27—30%, у суспензіраваных — 45—54%. Найб. перспектыўныя азотна-фосфарныя вадкія ўгнаенні (растворы фасфатаў амонію): маюць нізкую т-ру крышталізацыі (-18 °C), доўга захоўваюць свае фіз.-хім. ўласцівасці, аснова для вытв-сці інш. комплексных вадкіх угнаенняў. Прыдатныя для ўсіх с.-г. культур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУКЛЕАТЫ́ДЫ, нуклеазідфасфаты,
фосфарныя эфіры нуклеазідаў. Складаюцца з азоцістай асновы (звычайна пурынавай або пірымідзінавай), вугляводу рыбозы (рыбануклеатыды) ці дэзоксірыбозы (дэзоксірыбануклеатыды) і аднаго або некалькіх астаткаў фосфарнай к-ты. Уваходзяць у склад нуклеінавых кіслот, найважнейшых каферментаў і інш. біялагічна актыўных рэчываў. Нуклеазідтрыфасфаты — Н., што маюць 3 астаткі фосфарнай к-ты, з’яўляюцца макраэргічнымі злучэннямі, крыніцамі і пераносчыкамі хім. энергіі фасфатнай сувязі. Асобую ролю адыгрывае адэназінтрыфосфарная кіслата — універсальны акумулятар энергіі, які забяспечвае розныя працэсы жыццядзейнасці (сінтэз бялкоў, поліцукрыдаў, ліпідаў і інш.). Нуклеазідтрыфасфаты з’яўляюцца таксама субстратамі для сінтэзу нуклеінавых к-т. Да важнейшых рэгулятарных Н. адносяцца і іх цыклічныя формы. Свабодныя нуклеазідмонафасфаты ўтвараюцца шляхам сінтэзу або пры гідролізе нуклеінавых к-т, далейшае іх фасфарыліраванне прыводзіць да ўтварэння адпаведных нуклеазідды- і нуклеазідтрыфасфатаў. Распад Н. адбываецца пад уздзеяннем нуклеатыдаз і нуклеатыдпірафасфарылаз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРА́ЛЬНЫЯ КАРМЫ́, мінеральныя падкормкі,
састаўная частка рацыёнаў жывёл, якая забяспечвае іх неабходнымі мінер. рэчывамі. Выкарыстоўваюць у якасці кармавых дабавак у здробненым стане, вырабляюць сыпкія салявыя сумесі, брыкеты-лізунцы, таблеткі.
Найб. важная — кухонная соль (мае натрый і хлор, якіх мала ў расл. кармах). Кальцыевыя дабаўкі: вапнякі (мергель, траверцін, гарныш, даламітызаваны вапняк, у якім шмат і магнію), гіпс (ёсць і сера), мел, сапрапель, гашаная вапна, драўнінны попел (мае таксама натрый, калій, магній, фосфар, мікраэлементы); яечная шкарлупіна, ракавінкі малюскаў (для птушак) і інш.Фосфарныя дабаўкі: мона- і дынатрыйфасфат, мона- і дыамонійфасфат (таксама крыніца азоту). Фосфарна-кальцыевыя дабаўкі: касцявая мука, рыбная мука, касцявы прэцыпітат (дыкальцыйфасфат), абясфтораныя фасфарыты, касцявыя попел і вугаль, свежадраблёная косць (для пушных звяроў) і інш. Крыніцы магнію: аксід, карбанат і сульфат магнію; калію — хларыд калію; серы — чыстая сера, сульфаты натрыю і амонію, тыясульфат натрыю; мікраэлементаў металаў — іх сульфаты і інш. солі, аксіды (жалеза — таксама чырв. гліна), ёду — ёдзістыя калій і натрый, селену — селенат і селеніт натрыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРА́ЛЬНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
неарганічныя рэчывы, пераважна солі, якія маюць неабходныя раслінам хім. элементы. Павышаюць ураджайнасць с.-г. культур і паляпшаюць якасць прадукцыі. Узровень забяспечанасці пасеваў М.ў. — адзін з асн. паказчыкаў інтэнсіфікацыі земляробства.
М.ў. падзяляюць на макраўгнаенні, якія маюць хоць адзін з 3 макраэлементаў: азот, фосфар, калій (гал. элементы мінер. жыўлення раслін), мікраўгнаенні, неабходныя для нармальнага развіцця раслін, і вапнавыя ўгнаенні, што паляпшаюць уласцівасці глебы. Паводле колькасці макраэлементаў М.ў. падзяляюць на простыя, якія маюць адзін макраэлемент (азотныя ўгнаенні, фосфарныя ўгнаенні, калійныя ўгнаенні), і комплексныя ўгнаенні, якія маюць 2—3 гал. пажыўныя элементы; паводле агрэгатнага стану — на цвёрдыя (парашкападобныя і грануляваныя) і вадкія ўгнаенні. Грануляваныя найб. зручныя для выкарыстання (малагіграскапічныя, менш злежваюцца і лепш раскідваюцца ў параўнанні з парашкападобнымі). Каштоўнасць М.у. вызначаецца канцэнтрацыяй пажыўных элементаў у іх (у пераліку на дзеючае рэчыва); найб. каштоўнымі з’яўляюцца канцэнтраваныя і высокаканцэнтраваныя М.ў., якія маюць адпаведна 25—60% і больш за 60% пажыўных элементаў (напр.амафос, падвойны суперфасфат). М.ў. ўносяць у глебу перад сяўбою (асн. ўгнаенне), у час сяўбы, вегетацыі (падкормка раслін). Эфектыўнасць М.ў. павышаецца пры ўнясенні іх разам з арганічнымі ўгнаеннямі.
Літ.:
Справочник агрохимика. 2 изд. Мн., 1985;
Позин М.Е. Технология минеральных удобрений. 6 изд. Л., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЗМАХІ́МІЯ,
раздзел фізічнай хіміі, які вывучае хім. рэакцыі ў эл. разрадах і нізкатэмпературнай плазме. З’яўляецца навук. асновай плазмахім. тэхналогіі, апаратурную базу якой ствараюць плазматрон, камера змешвання рэагентаў, рэакцыйны аб’ём (часта сумешчаныя), сістэма выдзялення мэтавага прадукту і інш.
Асн. асаблівасць плазмахім. працэсаў — магчымасць хім. рэакцый, якія не адбываюцца ў звычайных умовах. Гэта тлумачыцца тым, што ў плазме ўтвараецца значна большая колькасць рэакцыйназдольных часціц (узбуджаных малекул, атамных і малекулярных іонаў, свабодных радыкалаў), чым пры звычайных умовах правядзення хім. рэакцый, прычым утварэнне некаторых з іх магчыма толькі ў плазме. Істотную ролю адыгрываюць свабодныя электроны, рэакцыі з удзелам якіх у большасці выпадкаў з’яўляюцца вызначальнымі. Плазмахім. тэхналогія дае магчымасць сінтэзаваць прадукты з асаблівымі ўласцівасцямі (напр., ультрадысперсныя парашкі, неарган. і арган. плёнкі), скарачае колькасць тэхнал. стадый, пашырае сыравінную базу і змяншае шкодныя выкіды ў навакольнае асяроддзе, спрашчае кіраванне працэсамі і інш. Метадамі П. можна атрымліваць вокіслы азоту з паветра, ацэтылен з вуглевадародаў, сінтэз-газ для вытв-сці вінілхларыду, каталізатары для азотнай і нафтаперапрацоўчай прам-сці, ферытавыя парашкі, вокіслы тытану і цырконію, фосфарныя злучэнні, а таксама паляпшаць і змяняць паверхневыя ўласцівасці матэрыялаў і інш.
На Беларусі тэарэт. і эксперым. даследаванні ў галіне П. вядуцца з 1967 у Ін-тах цепла- і масаабмену, фізікі Нац.АН, БДУ. Гл. таксама Плазменная тэхналогія, Фізіка плазмы.
Літ.:
Низкотемпературная плазма. Т. 3. Химия плазмы. Новосибирск, 1991;
Низкотемпературная плазма. Т. 4. Плазмохимическая технология. Новосибирск, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЭНАЗІНФО́СФАРНЫЯ КІСЛО́ТЫ, адэназінфасфаты,
складаныя арган. злучэнні (нуклеатыды), 51-фосфарныя эфіры адэназіну. Маюць у сабе адэнін, рыбозу і 1 (адэназінмонафосфарная — адэнілавая к-та, АМФ; вядома таксама яе цыклічная форма, гл. ў арт.Цыклічныя нуклеатыды), 2 (адэназіндыфосфарная к-та, АДФ) ці 3 (адэназінтрыфосфарная кіслата; АТФ) астаткі фосфарнай к-ты. Знаходзяцца ў клетках усіх жывёльных і раслінных арганізмаў у сумарнай канцэнтрацыі 2—15 мМ (каля 87% усяго фонду свабодных нуклеатыдаў). Утвараюць адэнілавую сістэму, якой належыць адно з цэнтр. месцаў у абмене рэчываў і энергіі, пры гэтым пара АДФ/АТФ служыць асн. звяном перадачы энергіі ў клетках: пры пераносе фасфарыльных груп на АМФ, АДФ энергія ў арганізме акумулюецца, пры адшчапленні — вылучаецца.
Адэназінмонафасфат існуе ў свабоднай форме, уваходзіць у састаў РНК, многіх ферментаў, якія ўдзельнічаюць у пераносе вадароду і астаткаў фосфарнай к-ты. Знойдзены ў эрытрацытах крыві, мышцах, а таксама ў дражджах. Адэназіндыфасфат — прамежкавае злучэнне ў рэакцыях, якія звязаны з утварэннем і распадам АТФ, выконвае самастойную ролю ў рэгуляцыі працэсу «дыхання» мітахондрый. У жывых клетках знаходзіцца пераважна ў комплексе з іонамі Mg2+. АДФ-глюкоза ўдзельнічае ў сінтэзе крухмалу. Штучныя прэпараты адэназінфосфарнай кіслаты — іголкападобныя крышталі (АМФ, АТФ) або парашок (АДФ). Растворы дынатрыевай і монакальцыевай соляў АТФ выкарыстоўваюцца для ін’екцый пры мышачнай дыстрафіі, спазме сардэчных і перыферычных сасудаў. Проціпаказаны пры свежых інфарктах міякарду і запаленчых хваробах лёгкіх.
Літ.:
Калинин Ф.Л., Лобов В.П., Жидков В.А. Справочник по биохимии. Киев, 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛЬЦЫЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,
хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць кальцый. Найб. пашыраны кальцыю аксід, кальцыю гідраксід, кальцыю карбід, солі неарган. кіслот. Солі — бясколерныя крышт. рэчывы, многія добра раствараюцца ў вадзе, амаль усе ўтвараюць крышталегідраты.
Кальцыю гіпахларыт Ca(OCl)2 пры т-ры >50 °C раскладаецца з вылучэннем актыўнага хлору (гл.Хлорная вапна). Выкарыстоўваюць для адбельвання тканін і паперы, дэзінфекцыі пітных і сцёкавых вод, дэгазацыі атрутных рэчываў. Кальцыю карбанат CaCO3 у вадзе практычна нерастваральны. У прыродзе ўтварае мінералы кальцыт і араганіт. Мінералы выкарыстоўваюць для атрымання вапны, як буд. матэрыялы (вапняк, мармур), сінт. — як напаўняльнік паперы, гумы. Кальцыю нітрат Ca(NO3) і тэтрагідрат Ca(NO3)2∙4H2O, ці кальцыевую салетру, выкарыстоўваюць як азотнае ўгнаенне. Кальцыю ортафасфаты — солі артафосфарнай к-ты H3PO4 ортафасфат, ці трыкальцыйфасфат Ca3(PO4)2; уваходзіць у склад мінералаў фасфарыту і апатыту; гідраортафасфат CaHPO4; дыгідраортафасфат Ca(H2PO4)2. Выкарыстоўваюць як фосфарныя ўгнаенні, мінер. падкормку для жывёлы і птушак, кампанент зубных пастаў і парашкоў, керамікі, шкла і інш.Кальцыю сульфат CaSO4. У прыродзе мінерал ангідрыт. Дыгідрат CaSO4∙2H2O — гіпс, алебастр. Прыродны выкарыстоўваюць у вытв-сці вяжучых рэчываў, штучныя легіраваныя крышталі — як тэрмалюмінесцэнтны матэрыял. Кальцыю фтарыд CaF2 у вадзе практычна нерастваральны. У прыродзе мінерал флюарыт. Выкарыстоўваюць як кампанент металургічных флюсаў, спец. шкла, керамікі, аптычных і лазерных матэрыялаў. Таксічны, ГДК 2 мг/м³. Кальцыю хларыд CaCl2 вельмі гіграскапічны. Водныя растворы замярзаюць пры нізкіх т-рах, напр. 30%-ны пры -48 °C. Выкарыстоўваюць для высушвання газаў і вадкасцей, водны раствор як холадагент і антыфрыз, лек. сродак пры алергічных захворваннях і інш. Кальцыю цыянамід CaCN2 выкарыстоўваюць як азотнае ўгнаенне, дэфаліянт, гербіцыд, для атрымання цыянідаў, мачавіны і інш. Таксічны: у арганізме ператвараецца ў цыянамід NH2CN.