ЗАКЛІ́ЧКІ,

абрадавыя песні магічнай функцыі са зваротам да аб’екта клічу. Найчасцей аб’ектам звароту выступалі поры года, святы (Вясна, Каляда, Купала), стыхіі, прыродныя з’явы (сонца, дождж, хмара), прадстаўнікі жывёльнага і расліннага свету. Заклінальны характар гэтых песень родніць іх з замовамі. Інтанацыя клічу найб. выразная ў вясновых З. Звароты да вясны ў першай страфе, дапоўненыя выгукамі «Гу!» ў канцы кожнай страфы, найб. поўна выяўляюць функцыян. прызначэнне гэтых З. Страта магічнай функцыі прывяла да пераходу некат. З. у дзіцячы фальклор.

Літ.:

Барташэвіч Г.А. Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976;

Довженок Г.В. Український дитячий фольклор: (Віршовані жанри). Київ, 1981;

Мельников М.Н. Русский детский фольклор. М., 1987.

Г.​А.​Барташэвіч.

т. 6, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЧЫ́ЛКА,

невялікі вершаваны твор, часцей гумарыстычнага характару, з дапамогаю якога вызначаецца чарговасць у гульні, выбіраюцца яе ўдзельнікі або вядучыя; адзін з жанраў дзіцячага фальклору. Паходжанне Л. звязваюць са стараж. вераваннямі, варажбой, з даўнімі часамі, калі людзі вучыліся лічыць. Паводле тэматыкі розныя: ад стараж. цуранняў да сучасных сюжэтаў (пра космас і інш.). Паводле зместу падзяляюцца на сюжэтныя і бессюжэтныя. У залежнасці ад лексічнага складу, кампазіцыйнай будовы і эмацыянальна-гукавой арганізацыі сярод сюжэтных вылучаюцца Л. з пералікам (накшталт «Раз, два, тры, чатыры, пяць...»), з элементамі мудрагелістасці («Энікі-бэнікі...», «Анцы, цванцы, трычы, рычы...») і без пераліку і мудрагелістасці («Бегла курка па таку...»). Важныя элементы выканання Л. — міміка, рухі, якія супадаюць з рытмікай верша (лёгкага для вымаўлення).

Публ.:

Дзіцячы фальклор. Мн., 1972.

Літ.:

Барташэвіч Г.А. Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976;

Мельников М.Н. Русский детский фольклор. М., 1987;

Довженок Г.В. Український дитячий фольклор. Київ, 1981.

Г.​А.​Барташэвіч.

т. 9, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́СЕЎ (Віктар Яўгенавіч) (н. 2.5.1918, г. Марыупаль, Украіна),

рускі фалькларыст-славіст. Акад. Расійскай АН (1994). Д-р гіст. н. (1966), праф. (1971). Старшыня камісіі слав. фальклору пры Міжнар. к-це славістаў. З 1921 жыў у Гомелі, дзе скончыў муз. тэхнікум. Пад уплывам выкладчыкаў — кампазітараў Р.​Пукста і А.​Туранкова — запісваў бел. нар. песні ад маці і бабулі, ураджэнкі Гродзеншчыны. Працаваў у Чэлябінскім пед. ін-це (1945—54). З 1955 у Ін-це рус. л-ры Рас. АН (Пушкінскі дом). З 1969 у Ін-це тэатра, музыкі і кіно (С.-Пецярбург). Аўтар прац па гісторыі і тэорыі фальклору, эстэтыцы, нар. т-ры, параўнальным вывучэнні нар. творчасці славян. Найб. вядомая манаграфія «Эстэтыка фальклору» (1967). У многіх працах цікавасць да бел. фальклору (цыкл арт. пра бел. веснавы абрад «Пахаванне стралы»).

Тв.:

Восточно-славянский фольклор: Словарь науч. и нар. терминологии. Мн., 1993 (у сааўт.).

Літ.:

Ивлева Л.М. В.​Е.​Гусев: Библиогр. указ. науч. тр. (1941—1981). Л., 1984;

Хронологический список трудов В.​Е.​Гусева, 1982 — 1993 // Рус. фольклор. СПб., 1995. Вып. 28;

Мельц М.Я. В.​Е.​Гусев как фольклорист // Там жа. 1989. Вып. 25.

К.​П.​Кабашнікаў.

т. 5, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ПІУС (Яўген Уладзіміравіч) (7.7.1903, г. Пушкін Ленінградскай вобл., Расія — 5.6.1985),

рускі музыказнавец-фалькларыст. Д-р мастацтвазнаўства (1958), праф. (1944). Скончыў Ін-т гісторыі мастацтваў (1924) і кансерваторыю (1928) у Ленінградзе. У 1927—43 працаваў у навук. установах і ВНУ Ленінграда і Масквы. Заснавальнік і навук. кіраўнік (1927—43) Фонаграмархіва АН СССР (Ін-т рус. л-ры — «Пушкінскі дом»). Удзельнік фалькл. экспедыцый, у т. л. на Бел. Палессі (1934). Распрацаваў тэарэт. праблемы збірання, натавання, акустычнага вымярэння гукавышыннага ладу нар. напеваў, займаўся пытаннямі сістэмнай тыпалогіі, параўнальным вывучэннем лакальных меладычных стыляў муз. фальклору рускіх, беларусаў, фіна-угорскіх і цюрк. народаў у іх гіст. развіцці, даследаваў інтэрнац. вытокі рус. рэв. песень. Рэдактар многіх фалькл. выданняў, у т. л. «Песні беларускага народа» (т. 1, 1940, з З.​Эвальд), «Беларускія народныя песні» (1941, «Песні народаў СССР»), «Песенная культура беларускага Палесся» З.​Мажэйкі (1971), «Песні беларускага Палесся» Эвальд (1979).

Тв.:

Интонационные элементы русской частушки // Советский фольклор. М.; Л., 1936. № 4—5;

Песни Пинежья. Кн. 2. М., 1937 (разам з З.​Эвальд);

Белорусский песенный фольклор (разам з З.​Эвальд) // Сов. музыка. 1940. № 4;

Сборники русских народных песен М.​А.​Балакирева // Балакирев М.А. Русские народные песни. М., 1957;

«Эй, ухнем» — «Дубинушка»: История песен. М., 1962.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 5, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТАМІНА́ЦЫЯ (лац. contaminatio сутыкненне, змяшэнне),

1) у мовазнаўстве — аб’яднанне ў моўным патоку элементаў дзвюх моўных адзінак на аснове іх структурнага падабенства або тоеснасці, функцыян. або семантычнай блізкасці. У выніку адбываецца «абмен» кампанентамі такіх адзінак (напр., слова «сёлета» ўтварылася пры ўзаемадзеянні слоў «сяго» і «лета»). Кампаненты ў новым слове іншы раз акрэслены вельмі выразна, іншы раз зменены непазнавальна, зберагаючы толькі адзін гук.

2) У фальклоры — спалучэнне ў адным творы сюжэтаў 2 і больш твораў, варыянты якіх існуюць у вуснай перадачы і самастойна. Часцей трапляецца ў казках і баладах. У большасці выпадкаў К. — вынік творчага працэсу, калі 2 ці больш сюжэтаў складаюць адно непаўторнае маст. цэлае.

Ёсць пастаянныя К., якія сталі традыцыйнымі. У казачным эпасе ўсх. славян да іх адносяцца К. сюжэтных твораў АТ 1 «Ліса крадзе рыбу з воза» + АТ 2 «Воўк каля палонкі» + АТ 3 «Ліса абмазвае галаву цестам». Балады часцей кантамінуюцца з лірычнымі песнямі. Напр., уступам для многіх бел. і ўкр. варыянтаў балады «Дачка-птушка» з’яўляецца лірычная песня «Чаму ж не прыйшоў» і інш.

Літ.:

Ведерникова Н.М. Контаминация как творческий прием в волшебной сказке // Русский фольклор. Л., 1972. Т. 13;

Бараг Л.Р. Сюжэты і матывы беларускіх народных казак. Мн.. 1978;

Матвеева Р.П. Контаминация как творческий процесс в сибирском сказительстве (на материале волшебных сказок) // Русский фольклор Сибири: Элементы архитектоники. Новосибирск, 1990.

К.​П.​Кабашнікаў.

т. 7, с. 603

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІ́ЛАК,

герой многіх традыц. чарадзейных бел. казак, легендаў, паданняў. Валодае незвычайнай сілай: вырывае з каранямі дрэвы, кідае каменныя глыбы. Асілак выступае нар. заступнікам. Вобраз асілка сустракаецца, напрыклад, у казках пра Кацігарошка, Медзведзюка, Іллю Мурамца.

Бел. казкі пра асілкаў зазналі ўплыў мясц. легендаў і паданняў пра магутных волатаў. Казачны асілак блізкі да эпічнага волата (напр., Іван Падвей у аднайм. казцы «Беларускага зборніка» Е.​Раманава, вып. 6). Казкі пра Асілкаў маюць некат. матывы стараж. былін.

Літ.:

Бараг Л.Г. «Асілкі» белорусских сказок и преданий // Русский фольклор. М.; Л., 1963. Вып. 8;

Яго ж. Беларуская казка. Мн., 1969.

Л.​Р.​Бараг.

т. 2, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІЦЯ́ЧЫ ФАЛЬКЛО́Р,

від вуснай нар. паэзіі, творчасць дзяцей і творы, складзеныя для іх дарослымі. Найбольш стараж. від нар. вусна-паэт. творчасці, якая ўвабрала шматвяковы пед. і паэт. вопыт народа. Творы Дз. ф. падзяляюць на 3 групы: паэзія пеставання (калыханкі, забаўлянкі), гульнёвы фальклор (дзіцячыя гульні, лічылкі, згаворы), творы, не звязаныя з гульнямі (песенькі, дражнілкі, заклічкі, некат. загадкі і казкі, асабліва казкі пра жывёл). Дз. ф. ўласціва спалучэнне пазнавальна-выхаваўчай функцыі з мнеманічнай і эстэтычнай.

Пазнавальна-выхаваўчы характар Дз. ф. вызначае маст. форму, рытміку. вобразную сістэму і падбор моўных сродкаў, Для яго характэрна сінкрэтычнасць: элементы музыкі, танца, драмы (жэсты, міміка) спалучаюцца з музыкальнай паэт. мовай, багатай і простай арганізацыяй верша, што актыўна ўплывае на пачуцці і розум дзяцей. На змест і форму кожнай групы твораў Дз.ф. таксама ўплываюць асаблівасці псіхалогіі і светаўспрымання дзяцей у залежнасці ад узросту (калыханкі і забаўлянкі саступаюць месца самаст. дзіцячым гульням і забавам).

У наш час у дзіцячы побыт усё больш пранікаюць творы прафес. мастацтва для дзяцей, дзіцячай літаратуры. На Беларусі Дз. ф. збіралі і вывучалі Я.​Чачот, А.​Рыпінскі, П.​В.​Шэйн, Е.​Р.​Раманаў, М.​Я.​Нікіфароўскі, М.​Федароўскі, А.​А.​Грыневіч, Р.​Р.​Шырма, Г.​І.​Цітовіч і інш.

Публ.:

Дзіцячы фальклор. Мн., 1972;

Гульні, забавы, ігрышчы. Мн., 1996.

Літ.:

Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968. С. 172—178;

Барташэвіч Г.А. Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976;

Аникин В.П. Русские народные пословицы, поговорки, загадки и детский фольклор. М., 1957;

Довженок Г.В. Український дитячий фольклор: (Віршовані жанри). Київ, 1981.

Г.​А.​Барташэвіч.

т. 6, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУМУЛЯТЫ́ЎНЫЯ КА́ЗКІ, ланцужковыя казкі,

група нар. казак са спецыфічнымі кампазіцыйнымі і стылявымі асаблівасцямі, найчасцей казак пра жывёл. Трапляюцца ў рус., бел., укр. і інш. фальклоры. Назва ад лац. cumulare — накопліваць, павялічваць. У іх кампазіцыі — шматлікія нарастаючыя паўторы аналагічных ці падобных дзеянняў, якія канчаюцца завяршэннем казачнага ланцуга падзей (адсюль другая назва — ланцужковыя) у адваротным парадку. Звёны казкі далучаюцца або адно за адным, або кожны раз пры далучэнні новага звяна ранейшыя паўтараюцца. Напр., «Галінка і верабей» (вершаваная апрацоўка М.​Танка), «Як курачка пеўніка ратавала», «Пшанічны каласок», «Рэпка», «Звяры ў яме» і г.д.

Літ.:

Пропп В.Я. Кумулятивная сказка // Пропп В.Я. Фольклор и действительность. М., 1976;

Лойтер С.М. О жанровой специфике кумулятивной сказки // Проблемы изучения русского устного народного творчества. М., 1979. Вып. 6.

І.​У.​Саламевіч.

т. 9, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛАТЫ, велікалюды,

персанажы бел. міфалогіі, людзі-асілкі вялізнага росту і магутнай сілы. У бел. легендах і казках волаты падобныя на міфічных герояў, але поруч з ратнымі подзвігамі будуюць паселішчы і масты, умацоўваюць гарадзішчы; паказваюць сваю сілу: далёка перакідваюць вырваныя з каранямі дрэвы, каменне, сякеры. Асабліва былі пашыраны легенды пра волатаў, звязаныя з этыялагічнымі міфамі пра паходжанне і развіццё чалавека. У іх выяўлена перакананне, што даўней людзі былі высачэзныя, потым здрабнелі, змізарнелі. Нар. паданні звязваюць з волатамі ўзнікненне валатовак (стараж. курганоў) і назваў вёсак (Волаты, Валатоўкі, Валатава ў Віцебскай, Гомельскай, Мінскай абл.).

Літ.:

Никифоровский Н.Я. Простонародные приметы и поверья... Витебск, 1897;

Federowski M. Lud białoruski na Rusi Litewskiej. T.1. Kraków, 1897;

Сержпутоўскі А.К. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў. Мн., 1930;

Бараг Л.Г. «Асілкі» белорусских сказок и преданий // Русский фольклор. М.; Л., 1963. Вып. 8.

т. 4, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТА́ХАВА (Ганна Міхайлаўна) (4.7.1886, г. Кранштат Ленінградскай вобласці — 30.4.1971),

руская фалькларыстка. Д-р філал. н. (1944). Скончыла жаночы пед. ін-т (Пецярбург, 1908). За час экспедыцый у Карэліі, на Пінезе, Мязені і Пячоры, у Памор’і і Сібіры, Маскоўскай і Ленінградскай абл. сабрала больш за 10 тыс. фалькл. твораў. Даследавала быліны, замовы, галашэнні, частушкі, рабочы фальклор. Пры вывучэнні паходжання і гісторыі гераічнага эпасу звярталася да бел. фальклору. Даследавала бел. казачны эпас, паходжанне казак на былінныя сюжэты ў беларусаў і ўкраінцаў (кн. «Народныя казкі пра асілкаў рускага эпасу», 1962).

Літ.:

А.​М.​Астахова: (К 70-летию со дня рождения) // Русский фольклор. М.; Л., 1956. [Вып.] 1;

Путилов Б.Н. Печатные работы А.​М.​Астаховой с 1957 г. // Тамсама. 1968. [Вып.] 11;

Мельц М.Я., Митрофанова В.В. Памяти А.​М.​Астаховой (1886—1971) // Тамсама. 1972. [Вып.] 13.

т. 2, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)